Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі не будзе каментаваць інфармацыю аб іску французскага адваката супраць кіраўніка беларускага МУС Анатоля Куляшова
. Аб гэтым БелаПАН заявілі ў міністэрстве. Пры гэтым суразмоўца паведаміў, што міністр пакуль знаходзіцца ў Францыі.
Вярнуцца ў Беларусь ён павінен сёння, 20 студзеня.

Нагадаем, напярэдадні французскі адвакат Уільям Бурдон у Парыжы падаў судовы іск супраць Анатоля Куляшова, які знаходзіцца з візітам у Францыі. Як паведаміла БелаПАН памочніца Уільяма Бурдона, кіраўніка МУС абвінавачваюць у катаваннях. Адвакат Бурдон дзейнічае ад імя пяці беларусаў. «Шансы, што спадара Куляшова арыштуюць, дастаткова высокія, і мы на гэта разлічваем», — адзначыла памочніца адваката.

Яна не сказала, чые менавіта інтарэсы прадстаўляе адвакат. Разам з тым грамадзянская ініцыятыва Free Belarus Now распаўсюдзіла заяву аб тым, што Бурдон дзейнічае ад яе імя. Ініцыятыва Free Belarus Now заснавана сем’ямі апазіцыйных палітыкаў і журналістаў, якія былі арыштаваныя падчас разгону дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску.

У Францыі Куляшоў разам з кіраўнікамі Нацыянальнага цэнтральнага бюро Інтэрпола ў Беларусі і ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва МУС знаходзіцца з 17 студзеня з візітам па лініі Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі — Інтэрпола. Як паведамілі БелаПАН юрысты, у гэтым выпадку ў міністра ўнутраных спраў Беларусі павінен быць імунітэт і ён не можа быць затрыманы.

Анатоль Куляшоў уключаны ў спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрасаюза ў сувязі з парушэннем у Беларусі стандартаў правядзення выбараў. Але візавыя санкцыі ЕС не дзейнічаюць у выпадках, калі чыноўнікі наведваюць мерапрыемствы міжнародных арганізацый. Французская віза кіраўніку МУС Беларусі выдадзена па просьбе Інтэрпола.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?