Злева направа: Яцанюк, Клічко і Турчынаў. Апошні — заступнік зняволенай Цімашэнкі.

Злева направа: Яцанюк, Клічко і Турчынаў. Апошні — заступнік зняволенай Цімашэнкі.

Кіраўнікі апазіцыі ўрачыста падпісалі пагадненне аб адзінстве дзеянняў на мітынгу ў Дзень саборнасці і свабоды. На гістарычную Сафійскую плошчу Кіева сабралася каля 20 тысяч чалавек.

На наступных выбарах Украіна вяртаецца да змяшанай выбарчай сістэмы.
Палову дэпутатаў абяруць па партыйных спісах, другую — паводле мажыратарнай сістэмы, у аднамандатных выбарчых акругах.
Апазіцыя выбрала падвойную тактыку.
У мажарытарных акругах ад Аб’яднанай апазіцыі будзе выстаўлена па адным кандыдаце. У той жа час партыйных спісаў будзе некалькі, бо электарат нацыяналістаў цяжка з’яднаць з цэнтрысцкім.
У адзін блок злучыліся дзесяць апазыцыйных арганізацый. Самыя высокія рэйтынгі сярод іх маюць партыя зняволенай Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына», а таксама Фронт змен былога спікера Вярхоўнай Рады Арсеня Яцанюка.
Прахадны бар’ер можа адолець таксама праванацыяналістычная «Свабода» Алега Цягнібока.
У кааліцыю ўвайшла таксама «Наша Украіна» экс-прэзідэнта Віктара Юшчанкі.
Яна мае нізкую папулярнасць, але ў яе ўваходзяць многія ўплывовыя асобы, у тым ліку былы кіраўнік спецслужбаў (а яшчэ раней — пасол у Беларусі) Налівайчанка.
Далучыўся да кааліцыі, хоць і з засцярогамі, баксёр Віталь Клічко і ягоная партыя «Удар».

Такім чынам, ва Украіне адноўленае адзінства нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якое існавала перад Аранжавай рэвалюцыяй.

Праўда, самы яркі лідар апазіцыі, Юлія Цімашэнка, застаецца ў турме.
Яе асудзілі на 7 гадоў за шкоду, што, нібыта, была нанесена краіне падпісанымі ёю газавымі пагадненнямі з Расіяй.
Прэзідэнт Віктар Януковіч у сваёй прамове на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня саборнасці і свабоды растлумачыў, чаму экс-прэм’ерка павінна заставацца за кратамі:
«Гэтыя дамовы пагражаюць нацыянальнай бяспецы, і тыя, хто падштурхоўваў Украіну да прорвы, павінны несці за гэта адказнасць перад украінскім народам». Януковіч паабяцаў, што 2012 год стане годам збліжэння Украіны з Еўрасаюзам.
За 2011 год рэйтынг Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча абвальна ўпаў з 45 да 19%.
За «Блок Юліі Цімашэнкі» гатовыя галасаваць 21% выбарцаў. Фронт змен набірае 13% галасоў, партыя «Удар» — 6%, «Свабода» — 5%.

Дзве меншыя партыі ўрадавай кааліцыі: Кампартыя і «Моцная Украіна» — маюць 6 і 5% падтрымкі адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?