У Нямеччыне выйшла кніга Аляксандра Фядуты «Американские стихи».

Яе склалі вершы на расійскай мове і зацемкі, якія былы палітвязень пісаў у следчым ізалятары турмы КДБ, ці іначай — «амерыканкі».

Адсюль і назоў кнігі.

«Што выратоўвае ў турме? Напрыклад, вершатворства "... вуснаў шэпт адняць вы не маглі". Мармытаць і рыфмаваць пачынаюць ледзь не ўсе, хто ніколі не рабіў гэтага на волі. А ўжо філолагу — і сам Бог наказаў« — напісала ў прадмове да выдання знаная расійская паэтка і праваабаронца Наталля Гарбанеўская, якой давялося выснаваць гэтую ісціну ў савецкіх лагерах.

Кожны верш, а іх у кніге паўтара дзясятка, суправаджаецца празаічнымі зацемкамі пра абставіны яго ўзнікнення.

Ці то гэта спроба паслаць віншаванне з Днём закаханых жонцы Марыне, ці завочнае развітальнае слова з калегай па кампаніі «Гавары праўду» Святланай Навумавай, ці турэмная алюзія на бітлаўскі шлягер «Жоўтая падводная лодка», ці рэфлексія на тэму вочнай стаўкі з паэтам і кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым — усё прасякнутае тонкім лірызмам і непрыхаванай шчырасцю. А яшчэ — самаіроніяй і лёгкім гумарам, без якіх у турме — просты шлях да вар’яцтва.

Самаіронія не пакінула аўтара і пры рашэнні выдаць напісанае ў турме. Анатацыю да кнігі ён сканчвае словамі: «...вершы не надта атрымаліся, за што я і прашу даравання ў чытачоў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?