На мінулым тыдні разгарнуліся спрэчкі вакол «дзеда Талаша» — фільма з такой назвай, асобы і вобраза Коласаўскай «Дрыгвы».

Фільма я, на жаль, не глядзеў. А вось спрэчкі...

Прыгадаўся знаёмы калісьці вясковы ксёндз. Кожны раз, калі сустракаў яго на ўскрайку вёскі, на раздарожжы, ён хітравата мружыў вочкі і пытаўся: «А ці не ведае пан, дзе тут шлях да Варшавы? ... А да Пецярбурга?»

«Пан» ужо ведаў, што ставіцца да пытанняў старога ксяндза трэба лагодна, і насамрэч паказваць адпаведны кірунак, каб пазбегнуць ксяндзовага кійка.

Такі вось урок гісторыі з геаграфіяй.

Наогул гэта быў дзіўнаваты стары. І ўлетку, і ўзімку хадзіў у дзіравай ватоўцы і чырвонаармейскай вушанцы з адбіткам пяціканцовай зоркі на лбе... Часцяком яго знаходзілі спячым на адселеным хутары, на яшчэ цеплаватай печы, якую сам распальваў рэшткамі пасечанага саду і разбуранага гумна...

Праз колькі гадоў, калі ксёндз ужо адышоў у лепшы свет, я даведаўся, што ён добра прамерз на гулагаўскім лесапавале. І да сканчэння жыцця не здолеў сагрэцца.
Але пра тое, дзе шлях да Сібіры, не пытаўся ніколі...

Ці не падобныя мы ў сваім стаўленні да гісторыі на ўзгаданага старога ксяндза? Носім да апошніх нітак сталінскую ватоўку, чапляем на сябе вушанку з адбіткам чырвонай зоркі і ніяк не можам сагрэцца ля ўласнага вогнішча. А калі падаецца, што нехта збіўся з шляху, пагрозліва ўздымаем кіёк...

Са спрэчак вакол фільма пра «дзеда Талаша» вынікае, што яго стваральнікі ўзнялі ў бок Польшчы пагрозлівы «бальшавіцкі» кіёк. У адказ — «дэмакратычны» польскі кіёк: артыкул у газеце Rzeczpospolita пра непараўнальна лепшае за савецкае жыццё беларусаў «за польскім часам», нават пратэст польскага МЗС...

Але гістарычная праўда не можа быць ні «бальшавіцкай», ні «дэмакратычнай». Інакш яна губляе самае істотнае сваё вымярэнне — чалавечае.

Бо сапраўдная гісторыя краін і народаў складаецца з чалавечых лёсаў.

І гэта адзінае вымярэнне, якое дапамагае суцішыць боль ад гістарычных стасункаў. І ладзіць стасункі без болю...

А тут Лукашэнка раптам — плясь! У Варшаве быццам зноўку «спяць і бачаць», як аднавіць «усходнія крэсы»...

Пра тое, што ў Маскве «не спяць», — адпаведны маўчок...

А наўздагон — фільм пра «дзеда Талаша», пра ягоную барацьбу супраць «белапольскіх акупантаў».

Што «акупанты» з’явіліся праз бальшавікоў, грама-дзянскую вайну і савецкую ўладу — адпаведны маўчок...

Чаму «Катынь» Анджэя Вайды не выклікала пратэсту ні афіцыйнага расійскага боку, ні простых расійцаў, акрамя «вечна жывых»?
Ці не таму, што ўпершыню, мусіць, расійцы ўбачылі чалавечы твар не толькі жахлівай польскай, але і ўласнай трагедыі, твар праўды, без якой немагчымае пачуццё гістарычнай адказнасці і віны?!

Спробы адшукаць гістарычную праўду ў спарахнелым ідэалагічным куфры, са спрытнасцю штукара выцягваючы адтуль толькі тое, што адпавядае палітычнай патрэбе, небяспечныя для стасункаў паміж народамі і людзьмі.

Але перш-наперш небяспечныя для нас саміх.

Адшукаць уласнае месца ў гісторыі і сучасным свеце немагчыма, блукаючы абапал дрыгвы і спрабуючы намацаць цвёрдую зямлю з дапамогай кіёчка.

Але ж дрыгва — яна і ёсць дрыгва. Нездарма, мусіць, Якуб Колас так назваў сваю аповесць.

...А фільм пра «дзеда Талаша» абавязкова пагляджу пры першай нагодзе. Цікава ўсё ж, ці здолеў Генадзь Гарбук стварыць вобраз знакамітага палешука без двукоссяў.

Яшчэ цікавей, ці супадзе гэты вобраз з маім уласным уяўленнем пра дзеда. Не з аповесці — з прыватнай сямейнай гісторыі, з жыцця. Дакладней, з яго пачатку, з 1943 года.

У тым годзе мяне, двухгадовага, маці прывезла з Казані ў Маскву і, падаўшыся бліжэй да роднай Беларусі, пакінула на сваю сястру, цётку Надзю. Аднойчы, гуляючы са мной ля гатэля «Якорь», яна, стаміўшыся, пасадзіла мяне на высокі парапет. Але, відаць, жвавенькі быў хлопчык. У нейкі момант з’ехаў з парапета і быў падхоплены з лёту праходзячым міма дзядком. «Куды глядзіш, старая варона?! Ледзь дзіця не згубіла...» А «старая варона», з яе слоў, аж разявіла рот, гледзячы на дзеда і ордэн Чырвонага Сцяга, які пабліскваў з-пад расхінутага кажуха...

Ордэн ордэнам, у Талаша з ім свая прыватная гісторыя. Але ж і сёння мне зусім не цяжка ўявіць сабе, нават адчуць рукі дзеда.

Кіёчка, дарэчы, у ягоных руках не было.

Глядзець таксама:

Вось вам і байкот, або Самагубства прывіда

Вера і праўда

Цёмныя вокны

Наменклатурнае паліто

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?