Як паведаміў старшыня Брэсцкай раённай арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Анатоль Новік, іх актывісты планавалі правесці 18 лютага тры пікеты: па адным у вёсках Страдзеч, Знаменка і гарадскім пасёлку Дамачава, з колькасцю ўдзельнікаў 15 чалавек у кожным.

Падчас акцый, мэта якіх — выказаць пратэст супраць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця людзей і павышэння цэн на тавары і паслугі, планавалася распаўсюдзіць улёткі аб рэальным становішчы спраў у эканоміцы краіны і змяншэнні даходаў насельніцтва.

Паводле слоў Новіка, у вёсцы Страдзеч пікет быў забаронены з-за таго, што не заключаны дагавор з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам. Прычынай адмовы ў Знаменцы стала тое, што заяўнік пікета не назваў дату свайго нараджэння, у Дамачава — невыкананне ўстаноўленага тэрміну падачы заявы аб правядзенні масавага мерапрыемства.

«Нашы актывісты падавалі ўсе заяўкі, як і належыць, за 15 дзён да акцый, а менавіта 3 лютага. Акрамя таго, прадублявалі іх па факсе, таму не парушылі тэрміны,

 — заявіў Новік. — Заключыць дагавор, які ад нас патрабуюць, нерэальна. Мы ўжо спрабавалі зрабіць гэта. Нам заявілі: няхай вам спачатку дазволяць акцыю, а дагэтуль пра дагавор не можа быць і гаворкі».

На думку партыйнага актывіста, рэальная прычына забароны пікетаў у тым, што «ўлады баяцца такіх акцый, як агню». «Чыноўнікі разумеюць: нездавальненне людзей сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне расце з кожным днём. І ўлада імкнецца не дапусціць публічнага выказвання пратэсту», — заявіў Новік.

Ён падкрэсліў, што ў сакавіку яны маюць намер падаць не менш як 15 заявак на правядзенне ў розных населеных пунктах раёна пікетаў супраць збяднення насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?