Адна з віленскіх беларускіх грамадзкіх арганізацыяў судзіцца з Міністэрствам юстыцыі Літвы наконт перадачы дадзеных аб рахунках беларускіх праваабаронцаў рэпрэсіўным органам Беларусі. Адбыўся разгляд справы ў Віленскім акруговым адміністрацыйным судзе. Скарга была пададзеная летась, пасьля затрыманьня беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Згуртаваньне беларускай моладзі Віленшчыны зьвярнулася ў Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай адклікаць зьвесткі пра банкаўскія рахункі беларускіх праваабаронцаў і грамадзкіх дзеячаў, якую Літва перадала ў Беларусь.

Ліст літоўскага міністэрства юстыцыі, накіраваны ў Беларусь 24 жніўня 2011 г., з просьбай «лічыць перададзеныя зьвесткі аб рахунках А.Бяляцкага і В.Стэфановіча ў банках Літвы несапраўднымі», арганізацыя называе недастатковым крокам, бо гэта не перашкодзіла беларускім уладам асудзіць А.Бяляцкага на падставе дадзеных, атрыманых з Літвы.

​​На пытаньне пазоўніка ў часе судовага разьбіральніцтва аб тым, ці была афіцыйная пячатка на арыгінале гэтага ліста і на якой мове быў арыгінал, прадстаўнік Мінюста Літвы Аляксандрас Івановас адказваў аднолькава: «Не магу сказаць».

Гэткім жа быў адказ на пытаньне пазоўніка аб тым, што было зроблена пасьля публічнага абяцаньня міністра юстыцыі Літвы «зрабіць усё магчымае, каб вызваліць Алеся Бяляцкага». Без адказу засталося і пытаньне пазоўніќа адносна таго, хто мог перадаваць інфармацыю аб апазыцыянэрах і праваабаронцах беларускім рэпрэсіўным органам, бо сталася вядома, што першасная інфармацыя аб рахунках беларускіх дзеячаў у Літве паступала зь Мінюсту ад асобы з ініцыяламі «А.Б» яшчэ год таму.

«Гэта тычыцца ня проста нашай арганізацыі, гэта пытаньне маральнай адказнасьці Літоўскай дзяржавы, якая не зрабіла таго, што магла б зрабіць для вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Замест паперы, аб якой было загадзя вядома, што яна не мае юрыдычнай моцы, павінен быў быць дасланы афіцыйны зварот, які б меў афіцыйную моц, у Вярхоўны суд Беларусі альбо Мінюст РБ, і які б зрабіў па-сапраўднаму немагчымым скарыстаць у судзе нават фармальна тыя зьвесткі аб рахунках, з-за якіх Аляся Бяляцкага асудзілі. Мінюст Літвы мусіць адказаць за тую маральную і матэрыяльную шкоду, якая гэтым была ўчыненая супраць беларускіх дзеячаў, а суд хай ацэніць гэтую шкоду і вызначыць адказнасьць чыноўнікаў Мінюсту», — заявіў кіраўнік Згуртаваньня беларускай моладзі Віленшчыны Валеры Савянкоў пасьля судовага разьбіральніцтва.

Судзьдзя Галіна Зайкаўскайце паведаміла, што рашэньне суду будзе абвешчанае 5 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?