Тры стрэлы з табельнага пісталета па заднім левым коле вечарам 25 лютага прымусілі спыніцца 43-гадовага кіроўцу аўтамабіля «Опель Астра» недалёка ад туберкулёзнага дыспансера, што па дарозе з Маладзечна на Вілейку.

Пагражаючы нажом, зламыснік забраў вечарам 25 лютага (21:35) машыну ў таксіста на вуліцы Праектуемая ў Маладзечне. Праз пяць хвілін у дзяжурную часць Маладзечанскага райаддзела міліцыі звярнуўся сам пацярпелы, 40-гадовы прыватны прадпрымальнік.

Міліцыя ўвяла план «Перахоп», скрадзены «Опель» заўважылі на рагу Замкавай і Чарняхоўскага. За машынай ужо ехалі іншыя таксісты, якім па тэлефоне пра здарэнне паспеў паведаміць пацярпелы.
Кіроўца скрадзенай машыны ўцякаў у бок Вілейкі.
Каля туберкулёзнага дыспансера міліцыянеры ўключылі светлавыя маячкі і неаднаразова па гучнай сувязі патрабавалі, каб кіроўца «Опеля» спыніўся. Папярэдзілі, што будуць страляць.
Зламыснік не рэагаваў на патрабаванні інспектараў.
Па словах супрацоўніка ДАІ Дзмітрыя Сергіевіча, недалёка ад чыгуначнага пераезда кіроўца збочыў на лясную дарогу.
Каб спыніць уцекача, Дзмітрый вымушаны быў выкарыстаць табельную зброю.

Інспектар зрабіў адзін папераджальны выстрал у паветра і тройчы стрэліў на заднім коле «Опеля». Машына з’ехала на правую ўзбочыну і спынілася.

Зламысніку, які, па словах Дзмітрыя, быў нецвярозы, надзелі кайданкі. Ён патлумачыў: дома знайшоў запіску жонкі. У ёй было напісана прыкладна наступнае: я знайшла сабе іншага мужчыну і з’язджаю з ім у Мядзел.

Пакрыўджаны муж не прыдумаў нічога лепшага, як узяць нож, забраць машыну ў таксіста і паехаць на разбор з нявернай жонкай.

Затрыманы змешчаны ў ізалятар. Раённы аддзел следчага камітэта распачаў крымінальную справу па артыкуле «Разбой».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?