Сума ўгоды, паводле дадзеных Naviny.by, — 1,5 млн даляраў.

Дэтэктыўны серыял «Пацалунак Сакрата» аб’ядноўвае 6 двухсерыйных тэлефільмаў, знятых па матывах раманаў Тарасевіч: «Смяротны водар», «Каралі Неферціці», «Праклён Эдварда Мунка», «Чысты лёд», «Журботны анёл Шагала» і «Тайна залатых апосталаў».

Рэжысёр-пастаноўшчык фільмаў — Алег Фясенка, а галоўныя ролі сыгралі вядомыя расійскія акторы Алена Корыкава і Андрэй Сакалоў. У Беларусі прэм’ера серыяла адбылася ў канцы 2010 года.

1,5 мільёна даляраў для Беларусі — не так ужо шмат

У Белтэлерадыёкампаніі, якая займалася вытворчасцю серыяла, пацвердзілі, што правы на трансляцыю серыяла былі прададзеныя расійскаму і ізраільскаму тэлеканалам, аднак адмовіліся назваць сумы, спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу.

Кошт кінавытворчасці для БТРК — таксама канфідэнцыйная інфармацыя.

Аднак сума ў 1,5 млн даляраў за права на трансляцыю толькі з выгляду здаецца вялікай.
У снежні мінулага года гендырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» Алег Сільвановіч расказваў журналістам, што расійскія тэлеканалы прапануюць за права на паказ адной серыі 150–350 тысяч даляраў, ды і тое гаворка ідзе пра «права першай ночы», г.зн. пра першы паказ фільма. Кошт вытворчасці серыі, па словах Сільвановіча, складае прыкладна 450–600 тысяч даляраў.

Паколькі «Пацалунак Сакрата» ўключае 6 двухсерыйных фільмаў, атрымліваецца, што адна серыя абышлася Першаму ў 125 тысяч даляраў — даволі сціпла.

Аўтары на фільмах не зарабляюць?

Адзначым, што аўтар экранізаваны раманаў да гэтых грошай не мае ніякага дачынення і ніякіх працэнтаў ад продажаў не атрымлівае. Ганарар Вольга Тарасевіч атрымала толькі за продаж правоў на экранізацыю кніг.

«Ды і сума была досыць сімвалічная, з улікам сродкаў, якія круцяцца ў кінаіндустрыі. Але, па-першае, я пісьменнік-пачатковец, па-другое, гэта родная Белтэлерадыёкампанія, таму мы хутка знайшлі агульную мову. Самае галоўнае, што кіно атрымалася добрае», — сказала Вольга Тарасевіч.

Аб продажы правоў на трансляцыю фільмаў і сумах угодаў ёй нічога невядома.
«Калі гэта так (і правы прададзеныя за 1,5 млн даляраў), то я магу парадавацца за Белтэлерадыёкампанію, таму што, мне здаецца, гэта добрая сума. З іншага боку, я не ведаю, колькі было выдаткавана на кінавытворчасць», — падзялілася Тарасевіч.

Аднак не ўсе беларускія пісьменніцы працуюць на падобных умовах. Да прыкладу, Тамара Лісіцкая, раман якой «Ціхі цэнтр» быў экранізаваны ў 2010 годзе, расказала, што ў яе кантракце былі прапісаныя аўтарскія адлічэнні за продаж правоў на трансляцыю фільма. Ды і сума, якую яна атрымала за правы на экранізацыю, атрымалася прыстойнай, да таго ж, дадатковыя грошы Лісіцкая зарабіла яшчэ і працай над сцэнарам, які сама пісала па кнізе.

«У любым выпадку, я люблю працаваць, для мяне напісанне сцэнару было добра праведзеным часам у кампаніі з рэжысёрам Рэнатай Грыцковай і дадатковым заробкам», — адзначыла Лісіцкая.

У цэлым жа Тамара задаволеная фінансавым бокам сваёй пісьменніцкай дзейнасці.

Вольга Тарасевіч адзначае, што апошнім часам частку яе заробку адбіраюць яшчэ і электронныя піраты.

«Я пішу новы раман, і літаральна праз пару тыдняў ён з’яўляецца ў пірацкіх бібліятэках для бясплатнай запампоўкі. Выдавецтва (Вольга супрацоўнічае з расійскім выдавецтвам „Эксмо“) змагаецца з гэтым, піша гнеўныя лісты піратам, падае судовыя пазовы, але пакуль, на жаль, адсутнічае механізм, які дазваляе кантраляваць гэты працэс, — кажа Тарасевіч. — Такім чынам, мае даходы сталі значна меншымі, бо пісьменнікі атрымліваюць не толькі ганарары за кнігу, але і адлічэнні за дадрукоўку, а развіццё электроннага пірацтва дадрукоўку мінімізуе».

У цэлым жа, пісьменніца лічыць, што ў любой дзейнасці «матэрыяльны аспект не важны». «Я думаю, што людзі павінныя хадзіць на працу, каб ствараць нешта прыгожае, тое, чаго да іх у свеце не існавала, і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Грошы — гэта другасна», — кажа Вольга Тарасевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?