Ужо да 13 гадзін на сцяжынках пад хвоямі збіраліся назіральнікі, а пад самай вышкай на ўсю моц ішлі падрыхтоўчыя працы.

Спецыялісты пінскага цэнтра «Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння МНС РБ» дзейнічалі строга па разліках. У падрываным баку яшчэ напярэдадні былі прасвідраваныя дзясяткі невялікіх круглых адтулін, названых шпурамі. У чацвер у сетку шпураў заклалі выбухоўку, замазалі адтуліны пясчана-глінянай сумессю. Да кожнай такой кропкі падвялі запоўнены выбуховым матэрыялам шнур.

Гэтае грымучае «павуцінне» злучаецца з адмысловым кабелем, які цягнецца на бяспечную адлегласць 150 метраў да падрыўной машыны. Скончыўшы падрыхтоўчы этап, спецназаўцы адыходзяць на гэтую пазіцыю, націскаюць кнопку, і электрычны імпульс праз шнуры прыводзіць выбухоўку ў дзеянне.

Засцерагчы навакольныя жывыя і нежывыя аб’екты — таксама задача. Небяспечную зону ахоўвае міліцыя. Найбліжэйшая будоўля вызваляецца ад людзей, з пад’ёмнага крана здымаецца кранаўшчык. Адключаецца сілавы кабель, які праходзіць непадалёк. Пра стадыю гатоўнасці да вырашальнага моманту акругу апавяшчае сірэна. Пасля некаторай напружанай паўзы гучыць другі трывожны сігнал, і пускавая кнопка націскаецца.

Чаканы ўдар адбыўся каля 15.00. Аперацыя праводзілася з максімальнай асцярогай. Згодна з разлікамі, падкошаная з аднаго краю вежа абрынулася паміж соснаў, як і было задумана.

Па словах кіраўніка пінскага цэнтра Эдуарда Лагвіновіча, за дзевяць гадоў працы выбухатэхнікі па ўсёй рэспубліцы пінчукі падрываюць ужо 15-ю вежу, а агульная колькасць ліквідаваных аб’ектаў (коміны, масты) набліжаецца да 100.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?