Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка 16 мая 2012 года знізіцца да 34% гадавых. Адпаведная пастанова прынята 10 мая праўленнем Нацбанка, паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі банка.

Камітэтам па манетарнай палітыцы Нацыянальнага банка прынята рашэнне аб зніжэнні з 16 мая працэнтнай стаўкі па пастаянна даступных аперацыях падтрымкі ліквіднасці (крэдыт авернайт, своп авернайт) і двухбаковых аперацыях (ламбардны крэдыт, здзелкі своп) з 60 да 55% гадавых, працэнтнай стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці (дэпазіт авернайт) — з 23 да 20% гадавых.

«Гэтыя рашэнні грунтуюцца на пазітыўных ацэнках захавання сёлета наяўных тэндэнцый у эканоміцы, у першую чаргу запавольвання інфляцыйных працэсаў. Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў красавіку 2012 года ў параўнанні са снежнем 2011 года склаў 106,8%, у тым ліку базавы індэкс спажывецкіх цэн — 106,1%, што адпавядае іх прагнознай дынаміцы з выхадам паводле вынікаў года на ўзровень інфляцыі ў 119–122%», — пракаментавалі ў Нацбанку.

Ва ўпраўленні інфармацыі банка таксама зазначылі, што «паслядоўнае павышэнне станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі разам з пастаянным перавышэннем прапановы замежнай валюты над попытам на яе на ўнутраным валютным рынку фарміруюць умовы для ўстойлівасці абменнага курсу беларускага рубля і нават для ўмацавання нацыянальнай валюты».

«Нягледзячы на зніжэнне працэнтных ставак, манетарныя ўмовы захаваюць ступень жорсткасці, неабходную для падтрымання макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці ў краіне. Нацыянальны банк мае намер і ў далейшым праводзіць гнуткую працэнтную палітыку, своечасова рэагаваць на змену сітуацыі ў знешнім гандлі, рэальным сектары эканомікі і на фінансавых рынках», — гаворыцца ў паведамленні.

Гэта будзе чацвёртае з пачатку 2012 года паніжэнне стаўкі рэфінансавання:
першы раз яна была зніжана 15 лютага, затым — 1 сакавіка і 2 красавіка. На працягу 2011 года стаўку рэфінансавання павышалі 12 разоў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?