У Вене на мінулым тыдні распачаўся судовы працэс над генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта Хайнцам Юнгвіртам.

На першых паседжаннях суд разглядаў эпізоды, звязаныя з таемным рахункам Алімпійскага камітэта. «Чорны рахунак» — гэта даказана следствам — быў адкрыты ў маі 2001 года ў банку «Raiffeisen» (банкаўская група, якой прадалі і беларускі «Пріорбанк») паводле загаду тагачаснага прэзідэнта НАК і кіраўніка сеткі Casinos Austria Леа Вальнэра.

І Вальнэр, і Юнгвірт, і іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва абедзвюх названых арганізацыяў — Герхарт Скоф, Марцін Шляф — у 2002 годзе мелі непасрэднае дачыненне да прыёму дэлегацыі з Беларусі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам і арганізацыі іхняга адпачынку ў Альпах. Даказана, што гэтыя вакацыі былі аплачаныя менавіта з таго рахунку і што гэтыя выдаткі доўгі час не ўключаліся ў падатковыя справаздачы.

Публікацыі спартовага эксперта Эрвіна Рота ў аўстрыйскіх СМІ пра той прыём далі штуршок для раскрыцця і іншых афераў кіраўніцтва НАК і Casinos Austria.

На першых судовых пасяджэннях мінулага тыдня абвінавачаны Хайнц Юнгвірт даваў паказанні літаральна па кожным рахунку, які тычыўся вакацыяў Аляксандра Лукашэнкі.

Шмат пытанняў было зададзена і Леа Вальнэру, які праходзіць на працэсе як сведка. Бо менавіта Вальнэр, паводле сцвярджэнняў Юнгвірта, быў ініцыятарам адкрыцця такога рахунку. Ягоны подпіс стаіць на адпаведным загадзе. Вальнэру належала і сама ініцыятыва запрасіць на лыжны курорт у Аўстрыю афіцыйна невыязнога на той час беларускага прэзідэнта.

Вальнэр браў актыўны ўдзел у арганізацыі прыёму беларускіх гасцей. У праграму адпачынку ўваходзілі і спорт, і забавы, і сустрэчы з дзелавымі партнёрамі.

Аўстрыйскі бізнэс у Беларусі пайшоў угару якраз пасля 2002 года. Сярод аўстрыйскіх канцэрнаў, якія прыйшлі ў краіну, — Raiffeisenbank, Telecom Austria, cтрахавая кампанія Wiener Stadtische, будаўнічы канцэрн STRABAG ды іншыя.

Шырока прадстаўленыя на беларускім рынку і кансалтынгавыя фірмы з Аўстрыі. Сярод кансультантаў — былы віцэ-канцлер Аўстрыі Губэрт Горбах, які цяпер абвінавачваецца ў карупцыі. Як палітык ён скампраметаваў сябе, ахарактарызаваўшы выбары-2010 у Беларусі як справядлівыя.

Рот кажа, што Вальнэр дэманстраваў на працэсе поўную недасведчанасць. Так, сцьвярджаў колішні кіраўнік алімпійскага камітэта ды сеткі казіно, ён даваў загад адкрыць рахунак, аднак не ведаў, што грашовыя патокі праз гэты рахунак застануцца не пазначанымі ў падатковых дэкларацыях. Так, ён запрашаў невыязнога Лукашэнку ў Аўстрыю, але не як кіраўніка дзяржавы, а прыватна, як прэзідэнта НАК. Паводле загаду Вальнэра арганізоўваліся розныя дзелавыя сустрэчы, але ўсё рабілася ў інтарэсах аўстрыйскай эканомікі.

Як сцвярджае Эрвін Рот, Леа Вальнэр «усё яшчэ сябра Міжнароднага Алімпійскага камітэта», мае дыппашпарт і карыстаецца юрыдычнай недатыкальнасцю. «Леа Вальнэр — сябра МАК і мусіць выконваць ягоны этычны кодэкс, ажно робіць такую брыдоту...», — кажа Эрвін Рот, перакананы, што Вальнэр хлусіў пад прысягай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?