Венесуэла прапрацоўвае пытанне аб закупцы ў Беларусі сродкаў супрацьпаветранай абароны. Як перадае карэспандэнт ИТАР‑ТАСС з Каракаса, аб гэтым 25 сакавіка ў сваёй традыцыйнай нядзельнай тэлеперадачы «Алё, прэзідэнт» паведаміў кіраўнік венесуэльскай дзяржавы Уга Чавес. Паводле яго слоў, Венесуэла мае патрэбу ў сучаснай сістэме супрацьпаветранай абароны, «мы вядзем размову і працуем над гэтым з беларускім бокам».

Уга Чавес пазітыўна ацаніў ваенна‑тэхнічныя сувязі Венесуэлы з Беларуссю і Кітаем. Закупкі ўзбраенняў у гэтых краінах, як падкрэсліў прэзідэнт, кампенсуюць уведзенае ЗША у маі мінулага года эмбарга на экспарт зброі ў Венесуэлу.

Варта зазначыць, што нядаўна парламент Венесуэлы ратыфікаваў пагадненне аб ваенна‑тэхнічным супрацоўніцтве з Беларуссю. Пра гэта журналістам у Каракасе 21 сакавіка паведаміў старшыня парламенцкай камісіі па міжнародных справах Сауль Артэга. Дакумент прадугледжвае ўсебаковае развіццё ваенна‑тэхнічных сувязей з Беларуссю, удакладніў С.Артэга. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб супрацоўніцтве «ў вытворчасці, мадэрнізацыі, пастаўках беларускім бокам узбраенняў для сухапутных сіл, ваеннай авіяцыі і СПА». Агавораны абавязацельствы пастаўшчыкоў на забеспячэнне запчасткамі і сэрвіснае абслугоўванне ваеннай тэхнікі. Пагадненне дазволіць весці сумесную распрацоўку новых узбраенняў, сродкаў сувязі і электронікі. Беларусь, у прыватнасці, можа ўзяць удзел у пастаўках ваеннай тэхнікі, абсталявання для камандных пунктаў сістэмы СПА Венесуэлы, пра стварэнне якой прэзідэнт Уга Чавес заявіў у жніўні 2006 года.

Нагадаем таксама, што ў ходзе свайго візіту ў Мінск у ліпені мінулага года Уга Чавес разам з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам наведаў Ваенную акадэмію, дзе сталічнае прадпрыемства «Тэтраэдр» прадставіла кіраўнікам дзяржаў мадэрнізаваныя зенітныя ракетныя комплексы «Пячора‑2Т» і «Аса‑1Т». Для Венесуэльскага боку «Тэтраэдр» можа быць цікавым яшчэ і тым, што прадпрыемства распрацоўвае ЗРК звышмалой далёкасці, якому няма аналагаў у свеце. Комплекс прызначаны для барацьбы з высокадакладнай зброяй на канчатковым этапе яго палёту. Аб’яўлялася, што новая распрацоўка «Тэтраэдра» будзе прадстаўлена на 4‑й выставе ўзбраення і ваеннай тэхнікі «Milex», якая пройдзе ў Мінску ў маі гэтага года.

Вячаслаў БУДКЕВІЧ, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0