Нацыянальны банк у выніку аўкцыёну па размяшчэнні кароткатэрміновых аблігацый 13 чэрвеня выключыў з банкаўскай сістэмы Беларусі Br2,155 трлн на 35 дзён пад 20% гадавых, паведамілі ў Нацбанку.

«13 чэрвеня 2012 быў праведзены аўкцыён па першасным размяшчэнні кароткатэрміновых аблігацый Нацыянальнага банка Беларусі па аб’яўленай працэнтнай стаўцы 20% гадавых на тэрмін 35 дзён. Да аўкцыёну былі дапушчаныя заяўкі ад 14 удзельнікаў на агульную суму Br2 155,1 млрд. Прынятае рашэнне аб прызнанні аўкцыёну праведзеным, фактычны аб’ём размяшчэння склаў Br2 155,1 млрд», — удакладнілі ў Нацбанку.

Папярэдні аўкцыён па першасным размяшчэнні кароткатэрміновых аблігацый Нацбанк правёў у красавіку гэтага года.

Па стане на 13 чэрвеня астатак сродкаў на каррахунках банкаў у Нацыянальным банку вырас да Br9,2 трлн (на 12 чэрвеня было Br8,3 трлн).

Залішняя ліквіднасць сведчыць аб наяўнасці значнай сумы свабодных невыкарыстоўваных грошай у банкаўскай сістэме. Ужыванне інструментаў па выключэнні залішняй ліквіднасці абумоўленае неабходнасцю дасягнення мэт доўгатэрміновага характару, якія ўплываюць на банкаўскую сістэму і эканоміку ў цэлым. У прыватнасці, гэта падтрыманне стабільнасці абменнага курсу, працэнтных ставак на пэўным узроўні, забяспечанне стабільнасці і прадказальнасці фінансавага рынку.

Нацыянальны банк Беларусі з 16 мая знізіў стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі цяперашняй ліквіднасці банкаў да ўзроўню 55% гадавых, а стаўкі па пастаянна даступных аперацыях выключэння ліквіднасці — да 20% гадавых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?