Фільм «У сетках» пачынаецца з гісторыі пытання — калі і дзе ўзнік панятак «сацыяльныя сеткі», на якім этапе з’ява стала такой, якой ёсць на сённяшні дзень. Выкладчыкі Гродзенскага дзяжуніверсітэта імя Янкі Купалы ў кадры тлумачаць плюсы і мінусы сацяльных сетак, адносячы да першых новыя і больш шырокія магчымасці для камунікацыі, а да другіх — залежнасць ад віртуальнага жыцця і пагрозу падмены ім жыцця рэальнага.

Але не варта падманвацца, што гэты фільм прысвечаны выключна праблемам падлеткавай адзіноты ў віртуальнай прасторы. Ужо на 7-й хвіліне голас за кадрам пачынае тлумачыць, як інтэрнэт можа паўплываць на рэальнае жыццё.

У прыклад прыводзяцца леташнія масавыя беспарадкі ў Вялікабрытаніі, якія «арганізоўваліся і каардынаваліся праз сацсеткі», а таксама падзеі ў Егіпце і Лівіі.

А далей ідзе прыклад Беларусі, у якой таксама «праз інтэрнэт прасоўваліся сцэнары так званых каляровых рэвалюцый».

Фонам ідуць кадры з леташніх маўклівых акцый, разгонаў маніфестантаў у некаторых еўрапейскіх краінах, Плошчы-2010 у Мінску. Але такі варыянт у Беларусі не прайшоў, ды і быў ён малаверагодны, кажа голас за кадрам. Бо «занадта ўжо стабільная і празрыстая сітуацыя ў рэспубліцы, каб разгайдаць разважлівае грамадства».

Пераканаўшы гледача ў марнасці намераў інтэрнэт-рэвалюцыянераў, аўтары фільма ўсё адно вяртаюцца да гэтай тэмы.

У кадры з’яўляецца чалавек з рэтушаваным абліччам, які расказвае, як заснаваў Укантакце групу для сумесных прагулак па Гродне. Як на гэтую групу «выйшаў Дзіянаў». Як пачаў патрабаваць ад удзельнікаў групы распаўсюджваць інфармацыю пра маўклівыя акцыі.
Пры гэтым інкогніта гаворыць занадта пратакольнай мовай, як для простага аматара гарадскога шпацыру.

Іншы адрэтушаваны суразмоўца гродзенскіх тэлевізійшчыкаў кажа пра небяспеку нарвацца ў сацыяльных сетках на рознага кшталту заклікі, якія могуць прывесці да нехарошых наступстваў.

Напрыканцы фільма прадстаўнікі МУС і пракуратуры нагадалі пра крымінальную адказнасць за распаўсюд антыдзяржаўных заклікаў.

Як і многія прапагандысцкія фільмы аўтарства дзяржаўных тэлеканалаў, «У сетках» фактычна ананімны. Інфармацыі пра аўтараў няма, ёсць толькі пазначэнне аўтарскіх правоў тэлерадыёкампаніі «Гродна».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?