У сувязі з 150-мі ўгодкамі вызваленчага паўстання 1863 года створаны аргкамітэт па ўшанаванні герояў паўстання, а 2013 год абвешчаны Годам Кастуся Каліноўскага.

Першае пасяджэнне аргкамітэта прайшло ўчора. Сустаршынямі абраныя доктар Янка Запруднік, лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч і кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў. Усяго ў аргкамітэт увайшло каля 30 выбітных асобаў беларускага грамадства: гісторыкаў, мастакоў, журналістаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, паведамляе Радыё Свабода.

У планах аргкамітэта — шырока адзначыць 150-я ўгодкі паўстання супольна з літоўцамі і палякамі. Аргкамітэт звярнуўся ва ўрад і нацыянальны сход Беларусі, ва ўрады і парламенты Літвы і Польшчы з прапановай разам ушанаваць юбілей паўстання. Аргкамітэт мае прапановы ў Год Каліноўскага правесці навуковыя канферэнцыі, мастацкія пленэры і выставы, стварыць фільм, упарадкаваць магілы паўстанцаў 1863 года.

Нагадаем, што 22 мая 2012 г. парламент Літвы афіцыйна абвясціў 2013 год Годам Паўстання 1863 г. «улічваючы гістарычнае і культурнае значэнне Паўстання на літоўскіх, беларускіх і польскіх землях». Значэнне гэтай падзеі падчас савецкай акупацыі было падарванае і скажонае, таму маючы адбыцца юбілей дае магчымасць аб’ектыўна зірнуць на гісторыю паўстання, пераасэнсаваўшы яго ў палітычным кантэксце, казалася ў пастанове парламента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0