Мухамед Мурсі, кандыдат ад Партыі свабоды і справядлівасці і грамадска-рэлігійнага руху «Браты-мусульмане» абраны новым прэзідэнтам Егіпта. Ён набраў 51,7% галасоў, а блізкі паплечнік экс-прэзідэнта Хосні Мубарака Ахмед Шафік — толькі 48,3%.

Вайскоўцы яўна зычылі перамогі апошняга. Абвяшчэнне вынікаў адтэрмінавалі да апошняга. Шафік блефаваў, абвяшчаў свае вынікі падліку, якія аказаліся фальшывымі. Каб засцерагчы камандаванне арміі ад перавароту, грамадскасць выйшла на выліцы. У пятніцу на плошчы Тахрыр адбылося 200-тысячнае веча пратэсту. І вось нарэшце ў нядзелю вынік прагучаў.

Мурсі абяцае захаваць Егіпет свецкай дзяржавай, з роўнымі правамі для мусульман і хрысціян, мужчын і жанчын. Пры аўтарытарным рэжыме Насэра, а пасля Садата і Мубарака «Браты-мусульмане» былі забаронены. Гэта грамадска-рэлігійная арганізацыя, якая займалася асветай і ўзаемадапамогай, але мела і палітычнае крыло. Яна не дапускала дзяржаўнага кантролю над сабой.

Мурсі лічаць ідэалагічна блізкім да кіраўнікоў Турцыі. «Братоў-мусульман» можна параўнаць з хрысціянска-дэмакратычнымі партыямі Еўропы, хоць, вядома, іслам і арабскія традыцыі накладаюць свае адметнасці. У прыватнасці, Партыя свабоды і справядлівасці выступае за перагляд адносін з Ізраілем і цвёрда выступае за незалежнасць Палесціны.

Сам Мурсі скончыў Паўднёва-Каліфарнійскі ўніверсітэт (ЗША). Двое з ягоных пяці дзяцей маюць амерыканскае грамадзянства. У сваёй праграме ён абяцаў «адраджэнне Егіпта на ісламскай аснове».

«Браты-мусульмане» ўзніклі ў 1920-х гадах. Група грунтуецца на перакананні, што іслам — гэта не толькі рэлігія, а лад жыцця. Напачатку мэтай руху было вызваленне Егіпта з-пад улады Брытаніі. Афіцыйна гэты рух адмаўляе гвалт як метад дасягнення палітычных мэтаў. Аднак у рэальнасці многія выхадцы з арганізацыі апускаліся да тэрору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?