У дачыненні да збітага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Андрэя Моўчана складзены адміністрацыйны пратакол аб супраціўленні супрацоўнікам міліцыі.

Як паведаміў Моўчан, вечарам 24 чэрвеня да яго дамоў прыйшлі два капітаны міліцыі, супрацоўнікі УУС Першамайскага раёна.
«Яны сказалі, што прыйшлі па справе майго затрымання, якое адбылося 19 мая, і растлумачылі, што атрымалі ліст са Следчага камітэта з просьбай скласці на мяне такі пратакол. Я быў вельмі здзіўлены, бо Следчы камітэт паралельна са справай аб маім збіванні праводзіў праверку адносна маіх дзеянняў падчас затрымання і даў заключэнне, што супрацоўнікам міліцыі я не супраціўляўся», — расказаў Молчан.

Ён адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі паказалі яму «ўжо гатовы пратакол». «Гэты пратакол невядома кім складзены, невядома калі, невядома, на якой пасадзе чалавек, што склаў пратакол. Я ўбачыў там толькі тое, што гэты чалавек — лейтэнант. Так што я нават не ўпэўнены, ці прысутнічаў гэты чалавек пры маім затрыманні. Таму я напісаў у пратаколе, што з самім пратаколам і з абвінавачаннем у дачыненні да мяне не згодны. Пасля гэтага супрацоўнікі міліцыі пайшлі», — паведаміў Моўчан.

Афіцыйнага адказу паводле вынікаў расследавання са Следчага камітэта, які працягнуў разгляд гэтай справы да 30 чэрвеня, актывіст пакуль не атрымаў.

***

    Як паведамлялася раней, Моўчан быў затрыманы міліцыяй 19 мая каля ўніверсама «Першамайскі» ў Мінску. У знак салідарнасці са зняволеным віцебскім апазіцыянерам Сяргеем Каваленкам ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг. Праз некалькі хвілін да актывіста пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі. Пасля таго як Моўчан пацікавіўся, за што яго затрымліваюць, супрацоўнікі міліцыі пачалі яго збіваць. Паводле інфармацыі сведак, Андрэя збівалі і на вуліцы, і ў машыне — пра гэта ён паспеў сказаць па тэлефоне сваёй сястры, калі знаходзіўся ў міліцыі. У аддзяленні сястры паведамілі, што ў дачыненні да затрыманага збіраюцца распачынаць крымінальную справу за абразу прэзідэнта і збіванне супрацоўніка міліцыі пры выкананні.
    Першапачаткова ўрачы зафіксавалі ў збітага Моўчана не толькі чэрапна-мазгавую траўму, але і пералом сківіцы. Аднак 23 мая доктар сказаў актывісту, што пералом сківіцы ў яго стары. Моўчан сцвярджае, што ніякага пералому сківіцы раней у яго не было. 25 мая Моўчана выпісалі з бальніцы з афіцыйна ўстаноўленым дыягназам «чэрапна-мазгавая траўма», далейшае лячэнне яму прапанавалі праходзіць у паліклініцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?