Да пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады суд Заводскага раёна Мінска прыгаварыў 64-гадовага мясцовага жыхара, дырэктара і аднаго з заснавальнікаў сталічнай фірмы па рэалізацыі ювелірных вырабаў.
Ён прызнаны вінаватым у ажыццяўленні здзелкі з каштоўнымі камянямі, праведзенай з парушэннем устаноўленых правіл, у буйным памеры — злачынстве, прадугледжаным часткай 3 артыкула 223 Крымінальнага кодэкса.

Як паведамілі ў пракуратуры Заводскага раёна, злачынства было учынена 19 верасня 2011 года ў адным з нумароў гасцініцы «Турыст» у Мінску. Абвінавачваны, грамадзянін Беларусі, ураджэнец Горкаўскай вобласці Расіі, прадаў за 9 тыс. долараў 822 прыродныя апрацаваныя алмазы агульнай масай 10 карат намесніку дырэктара аднаго з ювелірных заводаў — сумеснага таварыства з абмежаванай адказнасцю. Здзелка была ажыццёўлена ў адпаведнасці з дамоўленасцю паміж кіраўнікамі дзвюх кампаній аб неафіцыйнай пастаўцы СТАА каштоўных камянёў з Расіі па цэнах, ніжэйшых за рыначныя.

Алмазы ад замежнай кампаніі ў Расіі былі дастаўлены ў Мінск у сярэдзіне верасня сынам абвінавачванага, які, як вынікае з матэрыялаў справы, нічога не ведаў пра запланаваную бацькам незаконную здзелку.

У матэрыялах справы фігураваў намер абвінавачванага прадаць ювелірнаму заводу 5.700 алмазаў агульнай масай 51,5 карата на суму 50 тыс. долараў, аднак гэта акалічнасць у судзе не знайшла свайго пацвярджэння.

Даход, атрыманы злачынным шляхам, абвінавачваны ў поўным аб’ёме выплаціў дзяржаве.

Прыгавор суда Заводскага раёна Мінска быў абвешчаны 19 чэрвеня, не быў абскарджаны і набыў моц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?