Ужо больш за паўтара года лідар зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронта» знаходзіцца ў зняволенні.

У «Малады фронт» Дашкевіч прыйшоў каля 12 гадоў таму. Восенню 2001-га ён быў адным з актывістаў кампаніі па абароне ўрочышча Курапаты падчас будаўніцтва там Мінскай кальцавой аўтадарогі. Тады ж Дашкевіч узначаліў Мінскую гарадскую структуру «Маладога фронту», а ў 2004 годзе — і ўсю арганізацыю.

На выбарах 2006 года Зміцер працаваў у камандзе Аляксандра Мілінкевіча, адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад дэмакратычных сіл. Быў адным з лідараў «палатачнага гарадка» на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. Гарадок стаў сімвалам пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, пратрымаўся некалькі сутак і быў жорстка разагнаны спецназам.

У 2006 годзе Дашкевіч быў асуджаны па арт. 193.1 Крымінальнага кодэкса на паўтара года пазбаўлення волі за арганізацыю дзейнасці незарэгістраванага аб’яднання.

Трэба адзначыць, што «Малады фронт» неаднаразова спрабаваў легалізаваць свой статус, аднак Мінюст усялякі раз знаходзіў падставу адмовіць у рэгістрацыі. У выніку арганізацыя была зарэгістраваная ўладамі Чэхіі і мае статус міжнароднай.

Пасля прыгавору 2006 года, адбываючы пакаранне ў шклоўскай калоніі, Дашкевіча паўторна прыцягнулі да крымінальнай адказнасці па арт. 402 КК (адмова або ўхіленне сведкі ад дачы паказанняў) і пакаралі штрафам у памеры 60 базавых велічынь. У студзені 2008 года актывіст быў умоўна-датэрмінова вызвалены і працягнуў палітычную дзейнасць.

18 снежня 2010 года, напярэдадні выбараў прэзідэнта, Змітра і яго таварыша па «Маладым фронце» Эдуарда Лобава затрымалі ў сталіцы па абвінавачанні ў збіванні двух мінчан.

І Дашкевіч, і Лобаў катэгарычна адмаўлялі абвінавачанні, але суд прызнаў іх вінаватымі. 24 сакавіка 2011 года Дашкевіч быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Затрыманне актывістаў «Маладога фронту» прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі напярэдадні выбараў.

У месцах пазбаўлення волі Дашкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмаўляўся гэта зрабіць.
У апошні час лідар «Маладога фронту» перыядычна памяшчаецца ў штрафны ізалятар калоніі № 13 у Глыбокім (Віцебская вобласць), дзе ён адбывае пакаранне.
Нядаўна ў дачыненні да Дашкевіча распачалі новую справу — па ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі).
У выпадку прызнання віны Дашкевічу пагражае пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года (цяпер яму застаецца адбыць пяць месяцаў пакарання).

Усе судовыя працэсы па справах Змітра Дашкевіча былі расцэненыя праваабаронцамі як палітычна матываваныя, а арганізацыя «Міжнародная амністыя» двойчы прызнавала яго вязнем сумлення.

Павел Севярынец, якога Дашкевіч змяніў на пасадзе старшыні «Маладога фронту», назваў яго «сапраўдным лідарам». «Дзмітрый — ідэйны, прынцыповы і веруючы чалавек, верыць у Бога і ў тое, што ён робіць. Ён чалавек рэдкай мужнасці», — заявіў Севярынец.

«Усе ведаюць, што Дашкевіч невінаваты, ён нават не дайшоў да Плошчы, але ён мужна нясе свой крыж.
У гэтым сэнсе дзень нараджэння Дашкевіча — гэта дзень нараджэння героя Беларусі», — перакананы Севярынец.
Ён заклікаў усіх падтрымаць Змітра.
«Ці будзе далей заставацца Дашкевіч за кратамі, ці будзе ён асуджаны яшчэ раз — залежыць ад нас усіх. Калі мы не будзем падтрымліваць Дашкевіча, гаварыць пра яго на ўсіх узроўнях, міжнародных і беларускіх, то будзе сядзець не толькі ён, але і іншыя цяперашнія і будучыя палітзняволеныя», — лічыць Павел Севярынец.

Віншаванне — такая рэч, што ніколі не позна віншаваць.

Зміцер Дашкевіч
папраўчая калонія № 13
вул. Савецкая, 205
г. Глыбокае,
Віцебская вобл., 211791.

Таксама можна даць тэлеграму, патэлефанаваўшы са свайго гарадскога тэлефона нумара на нумар 166.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?