Гарачая дыскусія разгарнулася між нашымі чытачамі пры абмеркаванні інфармацыі пра новыя рэйсы «Белавія». Піша чытачка Ганна.

«Я лётаю Белавія рэгулярна, бо з той жа Літвы няма рэйса ў Баку і Астану, куды я езджу ў камандзіроўкі. Ну і, натуральна, квіткі мне купляе кампанія. Рэйсы жудасныя.

Самалёт год назад цёк, як пры ўзлёце, так і пры пасадцы. Пацешна было глядзець на пасажыраў бізнэс-класа, адвешаных ад эканома анучкай, і з розніцай у тым, што ім далі кавалак рыбы з ліпкім пюрэ, а нам па бутэрбродзе, ад якога я адмовілася, бо вяндліна была ліпкая, а мой калега з’еў і мучыўся потым доўга. Дык вось, на тым рэйсе я назірала, як увесь палёт капала на віпаў вада, і яны ўсімі анучкамі і сурвэткамі затыкалі шчыліны.

Апошні раз гэтым летам ляцела, самалёт быў ніштаваты, але ежа — рэдкая дрэнь. Увесну ляцела з Баку ў Вільню, і квіток купіла праз Кіеў у Літву. Гэта было даўжэй, але «Аэрасвіт» у параўнанні з нашай «Белавія» — проста казка. Аэрапорт наш мінскі, калі праходзіш у залу чакання, — проста кашмар. Туалеты жудасныя. Кавярня працавала толькі адна, д’ютыфры запоўненыя беларускім шлакам, тыпу «Галатэі» і «Спартака». Прычым у Баку я купляла ў прэзэнт для дырэктара кампаніі цукеркі «Камунарка», дык у мінскім д’ютыфры яны каштуюць даражэй.

У адпачынак, лётаючы ў Еўропу і плацячы свае крэўныя, я лётаю літоўскімі кампаніямі, бо на іх можна даляцець да Мілана або да Барселоны за 100 еўра. І паверце, сэрвіс там на шмат лепшы. Дарэчы, цэны на рэйсы да Швецыі або Нарвегіі наогул па 40–60 еўра. І нешта я не думаю, што ў літоўцаў газа таннейшая, чым у нас.

Наогул, лётаю амаль штомесяц, таму маю права параўноўваць. Наша «Белавія» — жудасны савок і жыгуль мінулага стагоддзя, у параўнанні з кампаніямі нават СНД».

Процілеглага меркавання трымаецца чытач пад псеўданімам С. С. Гарбункоў. Ён лічыць, што цэны на «Белавія» сувымерныя або таннейшыя за кошты іншых дарагіх авіякампаній, а цэны лоўкостаў ніжэйшыя толькі таму, што там горшыя ўмовы пералёту (фіксаваная дата, абмежаванні на багаж, няма перакусу). Што да аэрапорта, то гэта не парафія авіякампаніі, зазначае ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?