У пачатку кастрычніка Антыманапольны камітэт Украіны (АМКУ) рэкамендаваў аднаму з найбуйнейшых у СНД вытворцаў гандлёвых машын і абсталявання і яго ўкраінскім партнёрам, кіеўскай кампаніі «Бі Джы Эм» і ровенскай «Арм-Эка», у двухмесячны тэрмін добраахвотна ліквідаваць парушэнні канкурэнтнага заканадаўства Украіны.

Прэтэнзіі АМКУ ў тым, што «Гандальмаш» з 2006 года заключаў з гэтымі ўкраінскімі кампаніямі эксклюзіўныя дылерскія дамовы. Як высветліў АМКУ, умовы кантрактаў прадугледжвалі для гэтых дыстрыб’ютараў мінімальныя аб’ёмы рэалізацыі прадукцыі. Са свайго боку, ААТ «Гандальмаш» абавязвалася не адгружаць прадукцыю іншым контрагентам на тэрыторыі Украіны, і, як вынік, іншыя суб’екты гаспадарання страцілі магчымасць купляць прадукцыю непасрэдна ў вытворцы. АМКУ даў два месяцы на тое, каб схема працы «Гандальмашу» набыла канкурэнтны выгляд.

Нагадаем, што ў канцы мінулага тыдня ў цэнтры ўвагі іншага ўкраінскага рэгулятара — Міжведамаснай камісіі па міжнародным гандлі (МКМГ) — атрымала іншае беларускае прадпрыемства — «Крычаўцэментнашыфер». МКМГ абвясціў аб завяршэнні пачатага ў 2011 годзе антыдэмпінгавага расследавання ў дачыненні да беларускага прадпрыемства. Вынік — увядзенне 5-гадовай антыдэмпінгавай пошліны ў памеры 33,9% ад кошту прадукцыі.

ААТ «Гандальмаш» (Баранавічы), заснаванае ў 1944 г., — адзін з найбуйнейшых вытворцаў гандлёвага абсталявання і машын для грамадскага харчавання і гандлю ў СНД.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?