Карціну «Антон тут побач» галоўны рэдактар часопіса «Сеанс» Любоў Аркус і аператар Алішэр Хамідхаджаеў здымалі чатыры гады. За гэты час галоўны герой фільма — хлопчык-аўтыст Антон Харытонаў — ператварыўся з мала прыстасаванага да нармальнага жыцця чалавека ў хлопца, які навучыўся размаўляць з людзьмі, усміхацца, «плакаць, гатаваць, размаўляць па тэлефоне, не баяцца сабак і жыць са сваім дыягназам».

Камера паказала жыццё не толькі Антона, але і яго бацькі, які сышоў з сям’і, і маці, у якой дыягнаставалі рак, і Расіі з усімі яе сацыяльнымі праблемамі.

Паўнавартасным удзельнікам карціны стала сама Любоў Аркус. Праз свой закадравы маналог яна расказала пра ўсё, з чым сутыкнуўся Антон. Пра ўсё, з чым сутыкнулася ў сваім жыцці яна сама. Пра ўсё, з чым наогул сутыкаецца чалавек — горыч, адзіноту, роспач, каханне, радасць.

Фільм «Антон тут побач» атрымаў на 69-м Венецыянскім кінафестывалі прыз Mouse d’argente італьянскіх інтэрнэт-крытыкаў. Стужку там прымалі апладысментамі, якія суправаджаюць цяпер фільм і на ўсіх паказах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?