Зьнішчэньне гістарычнай Горадні зацьвердзіла навукова‑мэтадычная рада Міністэрства культуры. Прадстаўнікоў грамадзкасьці да абмеркаваньня не дапусьцілі.

Дамы на вуліцах Сацыялістычная, Урыцкага, Гараднічанская й цэлы квартал паміж вуліцамі Міцкевіча ды Астроўскага, так званы Новы сьвет, — усяго каля чатырох дзясяткаў будынкаў ахоўнай зоны Горадні, паводле афіцыйнага рашэньня, будуць зьнесеныя. Выязное паседжаньне навукова‑мэтадычнай рады пад кіраўніцтвам намесьніка міністра культуры Ўладзімера Грыдзюшкі прайшло 19 красавіка ў Гарадзенскім гарвыканкаме. Лёс старажытных помнікаў разам зь мясцовымі чыноўнікамі вырашалі кіраўнік упраўленьня па ахове гісторыка‑культурнай спадчыны й рэстаўрацыі Мінкульту Ўладзімер Абламскі, яго намесьнік Ігар Чарняўскі, галоўны архітэктар Менску Віктар Нікіцін, гісторык архітэктуры Аляксандар Лакотка, археоляг Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ляўко. Як распавёў Рацыі гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, перад паседжаньнем яны агледзелі прызначаныя да зносу помнікі, а пасьля аднагалосна зацьвердзілі пляны гарвыканкаму.

Вашкевіч: «Вось, напрыклад, як гарвыканкам дзякаваў за тое, што зацьвердзілі знос будынкаў на Урыцкага, 21‑23: «Мы очень рады, спасибо большое. Есть уже и русские, и минские инвесторы, на аукцион эта земля будет выставлена». Натуральна, што гістарычны цэнтар Горадні проста пойдзе з малатка!»

Сам Андрэй Вашкевіч прысутнічаў на паседжаньні рады, фактычна, нелегальна. На паседжаньне не былі запрошаныя ні мясцовыя краязнаўцы, ні сябры таварыства «Этна», вядомыя сваёй актыўнай грамадзкай пазыцыяй. Больш таго, як расказаў Рацыі краязнаўца Ігар Лапеха, прадстаўнікоў грамадзкасьці папросту выгналі з паседжаньня.

Лапеха: «Мы езьдзілі на таксі за іхным бусікам, выскоквалі, калі яны спыняліся «на экскурсію», устаўлялі свае камэнтары…Мы прасілі, каб нас пусьцілі на раду. На гэта Грыдзюшка адказаў: «Добра, вы задасьцё свае пытаньні, вам адкажуць — і вы пойдзеце». Такім чынам, мы папрысутнічалі на радзе толькі некалькі хвілінаў».

У пераліку будынкаў да зьнішчэньня значыцца таксама помнік першай катэгорыі, флігель палаца Тызэнгаўза 18‑га стагодзьдзя, дзе цяпер месьціцца праваслаўная епархія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?