Святлана Куль

Святлана Куль

Неўзабаве гэтая мыш (яна) ператвараецца ў страшнага звера (яго, мыша):

Той звер, нібы д’ябал, як здань, быццам боская кара,
Ён хітры, няўлоўны, ён страшны, ён проста пачвара!
І сёння нарэшце магло б распачацца сафары,
Я б выйшла на звера,
Ды як паляваць? Ты не пойдзеш з пустымі рукамі!
А скура звярыная цвёрдая, нібыта камень,
І зубы ён мае, і пашча ў пачвары такая —
Вялізных памераў!

Паляўнічы (яна) пастанаўляе зніштожыць пачварыну. Сямейныя штуцар і стрэльба кудысьці прапалі, таму зброяй стане «пастка з механізмам такім адмысловым». Падрыхтоўка да ловаў выклікае ў лоўчай (доктара гістарычных навук і ўніверсітэцкага выкладчыка) зразумелыя ў гэтым кантэксце літаратурна-гістарычныя асацыяцыі:

На Беларусі нашай, мілы пане,
Здавён упадабалі паляванне,
На тураў палявалі, на зуброў,
Калісь аб гэтым на латыні боскай
Паэму напісаў святар Гусоўскі,
Па прапанове аднаго з сяброў…

Потым ідзе пералік «шкодаў і псотаў», якія ў хатняй гаспадарцы ўчыніў паганы мыш. Паляўнічы не тое што хоча спатоліць свой лоўчы азарт, ён (гэта значыць, яна, прафесарка) хоча жорсткай помсты за панесеныя эканамічныя страты:

Мышыных спісаў, можа, дваццаць пяць,
І ў кожным — шкода, псота, здзек і ліха.
Ды будзе помста горкая мышу
За здзек ганебны, за ману і шкоду,
А за яго гаротную душу
Хай моляцца ахоўнікі прыроды!

Пастка з прынадай пастаўлена, лёс мыша прадвызначаны:

Зыгарак заціх, адбіваючы звонка дванаццаць,
І поўня глядзелася ў шкло, нібы сіні тапелец…
Ён крочыў павольнай хадою вяльможнага ўладцы
І сала з чырвонай праслойкай трымаў у прыцэле.

І кінуўся ён! І заенчыў! І помста збылася!
Хрыбет затрашчаў пад ударам жалезнай спружыны,
І пыса застыгла ў апошняй смяротнай грымасе…
Удалыя ловы! Патрапіла ў пастку дзічына!

Пасля кароткіх філасафічных развагаў на тэму, ці існуе мышынае неба і ці ёсць у ім беларускае сала, паляўнічы спраўляе паховіны для ўпаляванай звярыны:

Быў мыш пахаваны бясслаўна ў гародзе пад плотам,
Хаўтур не было, і ніхто ля магілкі не плакаў,
Сумленне маё не трывожылі жаль і згрызота,
Вянкоў пахавальных не ўсклалі ні кот, ні сабака.

Няхай чытачы мне прабачаць празмернае цытаванне (тыя, што стрывалі цытаты да гэтага месца, я ўпэўнены, пойдуць ужо да канца), але не магу не працытаваць яшчэ эпітафіі, якую гэтаму мышынаму паганцу пакінула наша лоўчая:

Між грызуноў ён быў мацнейшы вой,
Ён заграбасты, хітры быў і хцівы,
Ды скончыў шлях на гэтым свеце свой,
Рукою пакараны справядлівай.

Няхай цяпер працуе на дабро,
Няхай скаштуе цяжкай долі гэткай,
Хай праз яго зламанае рабро
Вясной зялёнай прарастае кветка.

Гэтую цудоўную «Песню пра мыша, яго моц і веліч і пра паляванне на яго», у аснову якой пакладзеныя «сапраўдныя падзеі і твор Гусоўскага», напісала Святлана Куль-Сяльверстава — прафесар кафедры археалогіі і этналогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

У наогул грамадзянска-пафасным беларускім вершаскладанні гэтая дыхтоўная пародыя на твор Міколы Гусоўскага тхне атмасферай чыстага камізму і бурлеску. Мне так і хочацца сказаць: вось якую беларускую літаратуру я чытаў бы без патрыятычнай прынукі. Каб адчуваць ад яе, беларускай літаратуры, эстэтычную радасць і асалоду.

А калі каму трэба, у гэтай «Песні пра мыша» побач з пародыяй можна знайсці і тонкую палітычную сатыру…

Ну, скажаце, пародыя — такі жанр, у якім даволі лёгка здабыць танную папулярнасць. Магчыма, што і так. Але Святлана Куль напісала дастаткова яркіх вершаў акрамя «Песні пра мыша» (дзякуй Юліі Чарняўскай, выкладчыцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у Мінску, якая звярнула маю ўвагу на паэтычную падборку Святланы Куль), каб загаварыць пра яе як пра неардынарную з’яву ў беларускай паэзіі.

Мне як правінцыялу і аматару ўсялякіх рэгіяналізмаў у літаратуры асабліва прыемна падкрэсліць, што Святлана Куль — якраз з правінцыі, як Алесь Аркуш, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук, Вінцэсь Мудроў, Лявон Вашко, Сяргей Астравец або беластоцкія «апошнія магікане» Міра Лукша і Міхась Андрасюк. Гадоў 10 таму мы разам з Алесем Аркушам, Сяргеем Шупам і Аляксандрам Максімюком выдалі два нумары літаратурнага часопіса «Правінцыя», у якім публікаваліся гэтыя і іншыя правінцыйныя аўтары. Часопіс быў такім своеасаблівым выклікам «заканадаўчаму дыктату Мінска» ў беларускай літаратуры. Атрымалася наогул няблага і магло атрымацца яшчэ лепш, бо літаратурная правінцыя ў Беларусі мела тады даволі моцны патэнцыял, адно што рэдактарам і выдаўцам часопіса не хапіла часу і настойлівасці, каб корпацца з папяровым выданнем у век інтэрнэту і электроннай пошты. Але літаратурная правінцыя ад гэтага не рассыпалася. Згаданыя мною правінцыялы — актыўныя літаратары, цяпер ужо напаўдарозе да статусу нацыянальных класікаў, а нечаканае з’яўленьне Святланы Куль на паэтычным небасхіле пацвярджае, што беларуская літаратурная правінцыя і не думае пераязджаць у Мінск. І гэта вельмі добра.

Закончыць гэтую анатацыю на з’яўленне новай паэтычнай зоркі (сёлета Святлана Куль апублікавала сваю першую паэтычную кнігу, «Вершы, байкі, паэмы», і нядаўна прэзентавала яе ў Гродне) мне хочацца вершам, які аўтарка прысвяціла паэту і гісторыку Эдзіку Мазько — аднаму з аўтараў «Правінцыі», палешуку з Кобрыншчыны, які быў яе калегам ва ўніверсітэце і летась нечакана памёр на 41-м годзе жыцця. Верш, вызвалены з гарсэту рыфмаў, іграе чыстым інтэлектуальным вобразам, крыху герметычным і неразгаданым, як і належыць высокай паэзіі. Вось як будзе выглядаць беларуская паэзія будучыні, калі хоць частка з беларускіх паэтаў закончыць гульні з шыхтаваннем рыфмы:

Заўсёдны дождж ідзе ў тваім сусвеце,
Самота, ноч.
Я па тваіх слядах
іду.
Па горадзе разносіць вецер
Памерлых хрызантэмаў пах.
Кастрычнік сёння ў келіху тваім
Даўно астылай недапітай кавы
Мяшае жоўтай лыжкай.
Дым
Ад цыгарэты — водар яблык.
Справа
ад ліхтара кладзецца цень.
Анёл ці ты?
Твой капялюш і шалік.
Тралейбус цёмны і пусты.
Для жалю
Так мала часу — два ці тры гады,
Пясок у жмені.
Ты пазавеш мяне
— туды,
Блукаць па вуліцах Гародні
ценем.

Рэспект, спадарыня Куль!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?