Як паведаміла прэс-служба беларускага ўрада, пра гэта было заяўлена ў Мінску 5 лістапада на нарадзе па пытаннях падрыхтоўкі візітаў урадавай дэлегацыі Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам у Казахстан, Бангладэш і Індыю. Візіты пройдуць 8–15 лістапада.

На думку Мясніковіча, асноўная задача — выйсці на новыя рынкі і замацавацца на іх. У якасці прыкладу ён прывёў перспектывы партнёрства з Індыяй. «Ствараючы сумесны цэнтр па сэрвісным абслугоўванні самазвалаў БелАЗ, мы павінны падчас гэтага візіту гаварыць пра тое, як будзе арганізаваная праца гэтага прадпрыемства», — заявіў ён.

Беларусь гатова разглядаць розныя варыянты супрацоўніцтва з Казахстанам, Індыяй і Бангладэш, абмяркоўваць як пытанні пастаўкі гатовай прадукцыі, гэтак і стварэння сумесных вытворчасцяў і прадпрыемстваў, падкрэсліў Мясніковіч.

Як зазначыў у інтэрв’ю журналістам першы намеснік кіраўніка апарата Савета міністраў — кіраўнік сакратарыята прэм’ер-міністра Аляксандр Забароўскі, выхад на рынкі Індыі і Бангладэш «адкрывае вялікія перспектывы для Беларусі». На яго думку, адным з галоўных кірункаў партнёрства можа стаць аграпрамысловы комплекс. «Гэты сектар у гэтых дзяржавах, паводле прагнозаў, будзе расці, а адпаведна, узрастуць тэмпы механізацыі. Таму тая лінейка прадукцыі, якую гатова прапанаваць Беларусь, можа быць там вельмі запатрабаванай», — мяркуе ён. Для эфектыўнага экспарту беларускай прадукцыі на рынкі Індыі і Бангладэш удасканальваюцца механізмы экспартнага крэдытавання і экспартных лізінгавых здзелак. Беларусь таксама зацікаўлена ў стварэнні сумесных вытворчасцяў з Індыяй і Бангладэш, у тым ліку па зборцы сельгастэхнікі.

У сваю чаргу намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў звярнуў увагу журналістаў на перспектывы пашырэння супрацоўніцтва Беларусі з Індыяй.
«Індыя — член БРІКС, праводзіць дастаткова актыўную і ўзважаную як знешнегандлёвую, гэтак і знешнеэканамічную палітыку. Ёсць усе падставы, каб з індыйскім бокам наладзіць сувязі, а там, дзе яны ўжо ёсць, — умацаваць», — зазначыў ён.
Як праінфармаваў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Казакевіч, за восем месяцаў гэтага года Беларусь паставіла ў Казахстан прадукцыі сельскай гаспадаркі амаль на 79 млн. долараў.
У асноўным гэта мяса-малочная прадукцыя. Падчас візіту плануецца абмеркаваць з казахстанскімі калегамі новыя сумесныя праекты ў АПК. У прыватнасці, Беларусь гатова прапанаваць свае паслугі ў сферы будаўніцтва малочна-таварных ферм. «Мы вязём прапановы па дзевяці праектах. Гэта фермы коштам ад 4 да 13 млн. долараў», — удакладніў намеснік міністра.

Паводле слоў Васіля Казакевіча, падчас будучага візіту ў Бангладэш бакі падпішуць мемарандум аб узаемаразуменні ў сферы гарантый якасці і бяспекі экспарту водных біялагічных рэсурсаў з Бангладэш. Дакумент дазволіць ветслужбам дзвюх краін узгадніць умовы пастаўкі рыбнай прадукцыі ў Беларусь з атэставаных заводаў Бангладэш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?