Тысячы людзей выйшлі на вуліцы аргенцінскай сталіцы ў знак пратэсту супраць дзеянняў урада і прэзідэнта краіны Крысціны Фернандэс дэ Кіршнэр.

Актывісты апазіцыі выкарыстоўвалі сацыяльныя сеткі, каб арганізаваць шэсце, якое, па іх словах, стала адной з найбуйнейшых антыўрадавых дэманстрацый у гэтым годзе.

Пратэстоўцы сцвярджаюць, што стаміліся ад росту інфляцыі, высокага ўзроўню злачыннасці і карупцыі сярод высокапастаўленых чыноўнікаў.

Эканамічныя праблемы

Крысціна Фернандэс дэ Кіршнэр была пераабраная на другі тэрмін у мінулым годзе, аднак з тых часоў яе папулярнасць сярод жыхароў краіны рэзка ўпала.

Паводле афіцыйных звестак, інфляцыя ў Аргенціне складае 12%, але аналітыкі мяркуюць, што рэальная лічба вышэйшая.

МВФ у верасні папярэдзіў Аргенціну аб тым, што калі краіна не дасягне прымальных паказчыкаў росту эканомікі і інфляцыі да снежня, то ёй могуць пагражаць санкцыі.

Удзельнікі дэманстрацыі ў Буэнас-Айрэсе таксама выказалі пратэст супраць уведзеных у мінулым годзе і ўзмацненне жорсткасці ў гэтым годзе абмежаванняў на куплю долараў,
што перашкаджае аргенцінцам пераводзіць свае зберажэнні ў гэтую валюту.

Улады краіны заяўляюць, што запаволенне аргенцінскай эканомікі — вынік глабальнага фінансавага крызісу, а не палітыкі ўрада.

Прыхільнікі прэзідэнта заяўляюць, што яе палітыкай незадаволеныя ў асноўным сярэдні клас і заможныя людзі, у той час як галоўным дасягненнем кіраўніка дзяржавы з’яўляецца рэальная дапамога бедным слаям насельніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?