Судом Цэнтральнага раёна Мінска да сямі з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй маёмасці прыгавораны былы намеснік начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Партызанскім раёне сталіцы.

Як паведамілі ў пракуратуры горада, 36-гадовы мінчанін, які займаў адказную пасаду, у сакавіку 2010 года дамовіўся з пасрэднікам, які дзейнічаў ад неўстаноўленай асобы, пра аказанне за 10 тысяч долараў садзейнічання ў фармальным правядзенні раённай падатковай інспекцыяй праверкі аднаго з замежных прадпрыемстваў у Мінску. У акце праверкі не павінны былі быць адлюстраваны ўсе наяўныя парушэнні дзейнага падатковага заканадаўства ва ўзаемаадносінах ЗП з дзвюма кампаніямі. У той жа час у акце павінны былі быць адзначаны нязначныя парушэнні, якія б не выклікалі неабходнасць накіравання матэрыялаў у дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК для правядзення даследчай праверкі выяўленых парушэнняў падатковага заканадаўства.

Намеснік начальніка падатковай інспекцыі грошы атрымаў.
Ён даў указанне галоўнаму дзяржаўнаму падатковаму інспектару ІМПЗ па Партызанскім раёне аб фармальным правядзенні праверкі замежнага прадпрыемства і неправядзенні неабходных кантрольных дзеянняў, скіраваных на пацвярджэнне ўсіх фактаў афармлення падробленых дагавораў субпадраду на выкананне будаўніча-мантажных работ паміж ЗП і дзвюма кампаніямі, якія маюць прыкметы лжэпрадпрымальніцкіх структур.
Былы намеснік начальніка падатковай інспекцыі судом прызнаны вінаватым у атрыманні хабару ў буйным памеры
(ч. 3 арт. 430 КК) і ў наўмысным учыненні дзеянняў, якія яўна выходзяць за межы правоў і паўнамоцтваў, прадастаўленых яму па службе, і якія пацягнулі нанясенне значнага ўрону дзяржаўным інтарэсам, учыненых з карыслівай і іншай асабістай зацікаўленасці (ч. 3 арт. 426 КК). У судзе абвінавачваны сваю віну не прызнаў.

Прыгавор суда быў абвешчаны 23 ліпеня гэтага года. Падсудны яго абскардзіў, на што пракуратурай быў вынесены пратэст. Мінскі гарадскі суд толькі некалькі змяніў фармулёўку дадатковага пакарання абвінавачванаму, пастанавіўшы пазбавіць яго права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на чатыры гады.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?