Брытанскія дасьледчыкі зьмерылі хуткасьць, зь якой жыхары вялікіх гарадоў праходзяць пешкі 18 мэтраў. Самымі хуткімі гарадамі на Зямлі аказаліся Сынгапур, Капэнгаген і Мадрыд.

Дасьледаваньні ахапілі гарады з 32 краінаў. На восьмым месцы сярод самых хуткіх гарадоў сьвету апынуўся Нью‑Ёрк, Лёндан — на 12‑м, а Токіё — на 17‑м. Самымі маруднымі гарадамі аказаліся Блантыр у Малаві i Манама ў Бахрэйне.

Тэмп жыцьця ў вялікіх гарадах значна паскорыўся на працягу апошніх 10 гадоў — вынікае з брытанскіх дасьледаваньняў. У Сынгапуры хуткасьць, зь якой ходзяць жыхары, узрасла на працягу дзесяцігодзьдзя на цэлых 30 адсоткаў.

«Гэтае паскарэньне будзе ўплываць на большую колькасьць людзей, чым да гэтага часу, бо ўпершыню ў гісторыі большасьць жыхароў плянэты жыве ў гарадах», — лічыць прафэсар Рычард Вайзман з унівэрсытэту ў Хартфардшыры.

Ён тлумачыць гэтае паскарэньне сучаснымі тэхналёгіямі. «У нашыя часы, каб выслаць e‑mail, дастаткова націснуць на «выслаць», і калі адрасат не адказвае на працягу 10 хвілінаў, чалавек пачынае думаць: «Што ён, каб яго трасца ўзяла, робіць?» — кажа прафэсар.

Сярэдні тэмп, зь якім жыхары вялікіх гарадоў праходзяць 18 мэтраў, складае 10,55 сэкунды ў Сынгапуры, 10,82 сэкунды ў Капэнгагене i 10,89 сэкунды ў Мадрыдзе. У Нью‑Ёрку — 12 сэкундаў, у Лёндане 12,7. Жыхары Парыжу апынуліся на 16‑м месцы з 12,17 сэкундаў, жыхары Атавы — на 20‑м з 13,72 сэкундаў. 30‑е месца занялі жыхары Бэрну з 17,37 сэкундаў.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0