28 траўня дакумэнталіст Віктар Корзун прадставіў навучэнцам Беларускага калегіюму сваю новую стужку. Фільм неаднаразова выклікаў воплескі. Карціна руйнуе плаксівыя “моўныя” стэрэатыпы і сьведчыць пра трываласьць беларускае нацыі.

Беларускі фронт, альбо размовы пра мову

Беларусь, 2007, каляровы і ч/б, 51 хв.

Рэжысэр: Віктар Корзун

Жанр: Дакумэнтальны фільм

Адзнака: 6,5 (з 10)

Героі карціны «Беларускі фронт» – філёзаф Валянцін Акудовіч, мовазнавец Вінцук Вячорка, мастак Фэлікс Янушкевіч, псыхоляг Юля Латушкіна і вучаніца Маша Каралькова – разважаюць пра лёс беларускае мовы.

Зазвычай размовы на экране выглядаюць нудна, але 50-хвілінны фільм Корзуна глядзіцца на адным подыху. Рэжысэр з кожнай стужкай набірае досьведу, дый героі зусім не падаюцца стандартнымі «гаваркімі галовамі». Фільм трапна падзелены на разьдзелы, у перабіўках гучыць песьня «Мая краіна» – у выкананьні Касі Камоцкай (таксама прад’юсэрка фільму) – а Корзун акуратна расстаўляе гукавыя й сэнсавыя акцэнты.

Карціна цалкам пазбаўлена плаксівага ляманту, абавязковага – калі гутарка заходзіць пра мову. Многім героям стужкі, каб мову абараніць, прыйшлося прайсьці выпрабаваньні. Маша Каралькова – вучылася дома, бо ў школе не знайшлося беларускамоўнага клясу, Аляксей Лапіцкі дамагаўся беларускага клясу для свайго сына Янкі, а дзіцёнку Юлі Латушкінай лёгапэды ставілі «псыхіятрычны» дыягназ, бо хлопчык размаўляе па-беларуску. Але ў фільме няма патаснага плачу, да якога ўсе прызвычаіліся.

Кожнаму ёсьць, што сказаць – і гэта цікава. Беларуская мова, як сынонім свабоды, мова – як адкіданьне дыктатуры, аптымізм насуперак катастрофам і кемлівыя заўвагі пра беларускамоўнага сантэхніка.

Кожны – ня проста абвяшчае пра сваю любоў да «фронту беларускае мовы», але натуральна гэтым дыхае й жыве. І атрымліваецца неверагодная й вельмі моцная рэч. Карціна пра беларускую мову, якую пляжаць, душаць і абсьмейваюць рэжымныя інтэнданты – становіцца сьведчаньнем трываласьці беларускае нацыі.

І гэта нармальная, сучасная дакумэнтальная стужка – годная, інтрыгоўная і цікавая.

Знайсьці новы фільм Віктара Корзуна можна ў месцах традыцыйнага распаўсюду беларускіх кнігаў і відэа.

Усе фільмы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?