ЖАБА Ў РОЦЕ

У зямлi старых могiлак невялiкага прыволскага горада Н. ляжаць косткi нiкому невядомага цяпер чалавека. Нiхто не прыносiць да iх кветкi. Не прынесьлi iх i 1 лютага, цi ня ў самы значны для чалавека дзень жыцьця. У гэты дзень у 1661 годзе магiлёўскiя месьцiчы ўшчэнт выразалi расейскi гарнiзон, якi ад пачатку Маскоўскай вайны (1654-1667) займаў места, кантралюючы ладны кавалак Падняпроўя. Паўстанцы далi ўцячы толькi некалькiм жаўнерам. Сярод iх быў Мiтрафан Бортнiк.

У гэтым горадзе нарадзiўся мой прыяцель Мiця, якi часам езьдзiць на адведкi да сваякоў. Я думаю, што ён калi-небудзь прыхопiць маё прывiтаньне да месца спачыну таго чалавека, якi зьявiўся тры з паловай стагодзьдзi таму, магчыма, адно дзеля таго, каб сёньня, дзякуючы Мiцю, шчэ колькi людзей адчулi сябе «белымi»...

Н. — глыбокая расейская правiнцыя, адкуль у дзесяцiгадовым узросьце Мiця прыехаў настала ў Беларусь. Ён прызнаўся, што найпершым моцным уражаньнем ад краю была абсалютная абыякавасьць пагодкаў-аднаклясьнiкаў да пляжаньня жабаў —самай папулярнай у Н.-скай дзятвы гульнi. Да таго ж ён даведаўся, што ў ягоных аднаклясьнiкаў, як i ў астатнiх тубыльцаў, ёсьць свой «язык», якiм яны — дзiвакi — не карыстаюцца. Па словах знаёмца, гэтыя ўражаньнi нарадзiлi ў iм адчуваньне ўласнага дзiкунства.

Мiнуў час, хлопчык з расейскае глыбiнкi вырас у дзядзьку, якi адчуў сябе «белым чалавекам», толькi калi зьвязаў першыя сказы, прамоўленыя беларускаю мовай. Цяпер гэтае «белае» адчуваньне мацуе яго на ўсiх шляхах няпростага чалавечага жыцьця. Але Мiця кажа па-беларуску толькi калi адчувае сябе ў, так бы мовiць, «паголена-адпрасаваным» стане, каб не кампрамэтаваць сваё адкрыцьцё дзяцiнства. Таму ня дзiва, што ён жудасна ненавiдзiць «непаголены» беларускi акцэнт...

***

Я згадваю пераломны час, калi на менскiх вулiцах нiбы зьнiадкуль зьявiлася беларуская мова. Калi гучная гамонка ў грамадзкiм транспартце па-беларуску высоўвала суразмоўцаў на месца Абраных. Гэта пачалося на пачатаку 90-х, калi мой сябра А. «тусаваўся на Чырвонай», i ўся тосоўка была перакананая, што беларуская мова — гэта новы «круты» прыкол панкаў. А. стаўся свайго кшталту «зоркай». А панкi, як вядома, гэтаксама як i хiпi цi анархiсты, лiчаць сябе выбранай «кастай».

Адначасова беларуская мова сталася ледзь ня «модай» i сярод простай, i сярод a la чынавенскай публiкi, бо зьявiлася гэткая «моўная» тэндэнцыя з боку дзяржавы. На жаль, постсавецкая беларусiзацыя зьдзяйсьнялася ня «пост», а савецкiмi мэтадамi, што выклiкала ў хiпi-панкаў-анархiстаў i iншых вольналюбiвых катэгорыяў людзей натуральнае непрыйманьне. Непрыйманьне, якое яны наiўна iнтэрпрэтавалi як абарону ад «нацыяналаў», заангажаваных «шызiкаў». У сваiх «кастах» «нацыянал-панк» А. патрапiў у двухсэнсоўнае становiшча. Але ненадоўга.

Стаўленьне зьмянiлася пасьля 1995 году, калi «абраныя касты» на сваiм карку адчула цяжар «сумы праблемаў», якi новыя ўлады не дзялiлi памiж «абранымi» й «звычайнымi» грамадзянамi. Тады шмат каго з тых лыса-валасатых, хто ў свой час «сьцябаўся» з «нац-шызiкаў», я пабачыў у шэрагах дэманстрантаў, калi яны ПА-БЕЛАРУСКУ скандавалi лёзунгi...

***

... Мiцiн зямляк Бортнiк быў рэкрутаваны ў войска з горада Н. у юнацкiм узросьце. Але пасьля магiлёўскай «камфузii» ягоны жыцьцёвы шлях згубiўся дзесьцi на абшарах Вялiкага Княства, i стаўся вядомым толькi ў 1698 годзе, калi Мiтрафан Бортнiк у пяцiдзесяцiгадовым узросьце ўзьнiк на тэрыторыi Расеi i паступiў на службу ў маскоўскi Царскi Прыказ. Сярод дзясяткаў чыноўнiкаў усiх кшталтаў ён заняў сьцiплую, але неабходную расейскай дзяржаве пасаду — перакладчык «белорусскаго языка»...

***

... Беларуская мова лiтаральна за пару гадоў вялiкай часткай грамадзянаў з усiх «кастаў» была асэнсаваная й прынятая як сымбаль Свабоды. Найперш — унутранай свабоды, бо нiводзiн зь менскiх хiпi-панкаў-анархiстаў (амаль нiводзiн) перад тым не адчуваў якую-кольвек нацыянальную, цi, тым больш, моўную дыскрымiнацыю. «Матчына» расейская мова як не забаранялася, так i йснуе дагэтуль сабе пацiху, але ж забарона нармальнага жыцьця прыйшла менавiта разам з забаронай беларускае мовы. У гэтых умовах для любых расейскамоўных суразмоўцаў сталася дастатковым вымавiць некалькi беларускiх словаў, каб зразумець, што бачыш перад сабою «свайго» — нармальнага (выбранага?).

«Касты» зьнiклi. Засталiся толькi «белыя людзi»...

***

Зямляк Бортнiка Мiця — ня хiпi, ня панк i не анархiст. Тым больш, ён ня мае нiчога агульнага анi з чынавенствам, анi з пралетарыятам. Але, калi трэба, ён можа зарабiць сабе на жыцьцё i зьбiваньнем скрыняў, i адмiнiстратыўнай працай, а калi пашэнцiць — сьпевам... Мiця па-за кастамi, ён проста ЧАЛАВЕК. Я разумею, чаму ён (акрамя выпадкаў, калi «зазiраюць у лiсты й страляюць у сьпiну») перасмыкаецца, калi чуе «беларускi акцэнт» — трасянку...

***

... Для тых абываталяў, якiя, як раней, гэтак i цяпер карыстаюць так званую трасянку, беларускiя словы iснуюць натуральным, а не прыдбаным чынам, i, натуральна, ня могуць быць сымбалем. Гэтыя абываталi — беларускi народ. Большасьць, чый палiтычны, сацыяльны, i культурны выбар зьдзяйсьняецца паводле абсалютова невытлумачальных (для iх самых) прынцыпаў.

Што такое трасянка? Цi зрабiў хто з фiлёлягаў выкладку, якая б паказвала, што ёсьць беларускай з дамешкам расейскай, i наадварот?

Я памятаю, як падчас школьнае экскурсii ў Пiцер з прыемнасьцю даведаўся, што я «говорю как-то не так». А перад тым у пяцiгадовым узросьце ў бабульчынай вёсцы я быў засьмяяны за тое, што «гуси гогочут». З часам гусi пачалi «гагатаць». Я ПРЫДБАЎ тое, што «народу» дадзенае воляй лёсу: праз «трасянку»...

«Перадавая частка моладзi» амаль усёй Эўропы — «хiпi-панкi-анархiсты», тыя, што ставяць унутраную свабоду вышэй за ўсё, — ужо цi не паўстагодзьдзя ўжывае своеасаблiвую англа-...скую «трасянку». Гэта «пiплы», якiя жывуць у «флэтах» разам з «герламi», i носяць на нагах «шузы»... Звычайны размоўны слэнг, падставы ўзьнiкненьня якога ўжо даўна забытыя, паколькi забыты перасьлед рок-музыкi й спадарожных ёй урбанiстычных субкультураў.

У Беларусi гэтая мова разьвiлася далей, прырасла так званым гратэскавым «нармальным языком» — «iнтэлiгенцкай трасянкай». Гэта гратэск, якi паўстаў на глебе самаабароны ад «няправiльнасьцi» трасянкi, ейнае падначаленасьцi, але пры гэтым i як прыкмета прызнаньня тарашкевiцы.

Сёньня для вялiкай часткi людзей гэты сьцёб згубiў сваю актуальнасьць. Насамрэч анi расейская, анi трасянка ня ёсьць аб’ектыўнай пагрозай для адчуваньня ўнутранае свабоды, сымбаль якой быў адкрыты расейскамоўнай большасьцю зусiм нядаўна...

***

... Пачаўшы перакладаць з «белорусскаго» праз год пасьля таго, як рашэньнем Вальнага Сойму 1697 году «язык» зьнiк як юрыдычны факт, Бортнiк скончыў займацца гэтай справай толькi калi «надобность» у ёй адпала й на ягонай радзiме. Тады, калi Пётар Першы завяршыў сваю Паўночную вайну, па якой Рэч Паспалiтая дэ факта пераўтварылася ў расейскую «падмандатную тэрыторыю».

«Белорусскiй языкъ» прывёў досыць сталага ўжо на той час Бортнiка да стану «белага чалавека»: з прыблуды-ваякi ён ператварыўся ў рэспэктабэльнага «мэна», якi скончыў сваю кар’еру, кажучы сучаснай мовай, «загадчыкам дэпартамэнту перакладаў». Ну, а тое, што гэта яго не ўбаранiла ад царскае нямiласьцi, i на старасьцi гадоў ён быў сасланы ў родны горад — ня ў лiк. Бортнiк ведаў, куды вяртаўся...

***

... Часам мне здаецца, што, гаворачы па-беларуску, Мiця ня проста выкладае свае думкi, але штосэкунды зьдзяйсьняе ЧЫН. Што варта яму хоць слова прамовiць па-расейску, як ягоныя вочы адразу ж пачнуць шукаць у навакольлi якую-небудзь жабу. Што кожнае слова, прамоўленае па-беларуску «няправiльна», успрымаецца iм, як згадка менавiта пра тую «жабу», як намёк на ягонае таямнiчае нерэалiзаванае памкненьне.

Мiцiна прозьвiшча Бортнiк. Ягоны продак трыста зь лiшкам гадоў таму ў нашым краi адкрыў для сябе панятак волi. Але ён ня змог быць сярод вольных людзей, i вярнуўся ў сваю краiну Халопаў Аднаго Цара. Трыста гадоў таму Мiтрафан здрадзiў адкрыцьцю маладосьцi. Бо немагчыма быць адным «белым» сярод «нэграў». Але я ведаю, што ён вярнуўся Мiцем. Вярнуўся на сваю сапраўдную Радзiму. У Краiну-Волю, чыя тэрыторыя за трыста гадоў зьменшала да россыпу пацерак на мапе. Мiця — адна з гэтых пацерак.

Таму, слухаючы, як у спрэчцы аб «балотнасьцi» беларускага акцэнту ён хвалюецца й неўпрыкмет для сябе «чекае» й «рекае», я лiю «тлушч на вагонь» дражнiлкай-трасянкай i ўсьмiхаюся. Ён дарма хвалюецца. Бо не падазрае, што, зьехаўшы на адведкi сваякоў у год свайго, нiкому невядомага сваяка, ён ужо ня ўбачыць «жабаў» дзяцiнства.

Ён не скантрабандуе, а зьвязе на радзiму «беларускi акцэнт».

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0