Славамiр Адамовiч

ВАРШАЎСКIЯ ДНI

 

ЗАЕЗД

Пасьля замены ў Берасьцi калёсных параў i праходжаньня памежнага кантролю цягнiк №9 «Масква — Варшава» паiмчаў значна хутчэй, чым па беларускай тэрыторыi, каб дзесьцi а дзявятай 30 лiстапада быць у Варшаве.

Польская сталiца сустрэла марозам, сьняжком i ключамi ад кватэры №13 аднаго з дамоў на вулiцы Незалежнасьцi.

ПАНI ЮЗЯ

Цэлы тыдзень мы пражылi зь ёю пад адным дахам. Я не прыставаў. Быў гжэчным панам i мужна выслухоўваў штодзённыя шчыраваньнi маёй суседкi.

Панi Юзя прыехала з Харкава, але рэкамэндавалася полькай. Дзесьцi пасьля сарака пачала дашуквацца сваiх польскiх каранёў. Узначалiла культурнае таварыства харкаўскiх палякаў, для якога ад гарадзкiх уладаў дабiваецца асобнага будынку. Думае пра выданьне газэты. Адным словам, панi Юзя займаецца адраджэньнем польскасьцi ў Харкаве. З гэтымi праблемамi яна й бегае па розных варшаўскiх фондах i рэдакцыях. Нават на польскай тэлевiзii прамову трымала...

А вечарамi на кухнi я слухаю ўжо каторую па лiку ў сваiм жыцьцi гiсторыю жаночага лёсу. Пасьля некалькiх грамаў алькаголю панi Юзя цяплее i зь яшчэ большай ахвотаю дзелiцца i сваiмi радасьцямi, i крыўдамi, i неразьвейным жалем.

Зараз ёй сорак восем. Ажанiла сына i выдала замуж дачку. Пахавала сьвякроў. Можна было б i супакоiцца, чакаючы ўнукаў. Але ж гадоў усяго толькi сорак восем. I задумалася аднойчы над пражытым. I ўспомнiла тады, што жыве дзесьцi ў ейным горадзе першы й сапраўды каханы чалавек па iменi Слава. I аднойчы спаткалiся. Толькi i ў яго ёсьць сям’я, дзецi. А трэцюю ствараць — позна.

Панi Юзя — жанчына рухавая, гаваркая, не пыхлiвая. Чорныя валасы, вочы, скура колеру какавы, поўныя грудзi. Кожа, што бюсьцiк у маладосьцi быў i вунь якi ладненькi. Вушы не праколатыя, увесь час толькi клiпсы. Густоўны залаты ланцужок i крыжык на шыi. У самы разгар армяна-азэрбайджанскага крызысу езьдзiла з малой дачкою ў тыя краi адпачываць.

Цяпер, калi сьвякрывi ўжо няма, часьцей узьнiкаюць непаразуменьнi з мужам, якi лепей адчуваў бы сябе, калi б жонка меней бегала па сваiх польскiх справах. Але яна ня можна ня бегаць. Грамадзкая актыўнасьць — гэта, бадай, адзiнае, чым панi Юзя спрабуе ўратавацца ад думак пра тое, што жыцьцё магло быць пражытае зь iншым мужчынам. З тым, якi некалi так i не пасьпеў паклiкаць яе за сабою. А яна ў гарачцы маладосьцi выйшла за iншага.

МIКАЛАЙКI

6 сьнежня, нядзеля. Дзень сьвятога Мiкалая. Здаецца, так. Цёпла, адлiжна, але толькi зьлёгку. Зайшлi зь Юзяй у касьцёл рыма-каталiцкай парафii iмя сьв. Андрэя Баболi, пабудаваны ў часы падпольнай «Салiдарнасьцi». Архiтэктура мадэрну, прасторныя залi. А палове дванаццатай дня — служба для моладзi. Група дзяўчатак пад гiтару сьпявае штосьцi перадкаляднае, потым прамаўляе ксёндз. Двое хлапчукоў, адзiн зь якiх мурынчык, запальваюць сьвечкi. Зьяўляецца сьвяты Мiкалай, убраны, як вядомыя нам Дзед Мароз альбо Санта Клаўс: чырвонае зь белым. Задае малым пытаньнi, на якiя малеча ахвотна адказвае. Служба заканчваецца зборам ахвяраваньняў, а сьвяты Мiкалай раздае дзецям сьвяточныя падарункi —»мiкалайкi».

З касьцёлу выйшлi мы зь Юзяй у добрым настроi. А ў цэнтры, на Ерусалiмскай, ён яшчэ болей палепшаў. Бог, вiдаць, задаволены нашым вiзытам у храм.

АНТЫКI

Люблю заходзiць у антыкварныя крамы. Тым больш у Варшаве. У адным такiм антыку набыў некалькi паштовак зь вiдамi Вiльнi да 39-га. Узьнiкла было кароткае непаразуменьне з прадаўцом-антыкварнiкам, якi з большай, чым звычайна, энэргiяй, растлумачыў, што паштоўкi даваеннай Вiльнi знаходзяцца ў разьдзеле Крэсы Ўсходнiя. Гэтае тлумачэньне я атрымаў у антыку на вулiцы Ракавецкай, што памiж вулiцамi Незалежнасьцi й Пулаўскай.

У iншай антыкварнай крамцы, што ў раёне Жыгiмонта, знайшоў адну-адзiную паштоўку зь вiдам Вострай Брамы. Знаходка каштавала восем польскiх залатовак, якiя мне прыемна было пакласьцi ў далоньку маладой i сымпатычнай гаспадынi.

Але, бадай, самым цiкавым антыкам Старога Места зьяўляецца той, дзе прадаюцца рэлiкты часоў савецка-нямецкай акупацыi. Тут апантаныя аматары антыкварыяту могуць набыць нямецкiя штык-нажы i славутыя «шмайсэры», ня менш вядомыя савецкiя «ППШ» i «ТТ», «Малды кансьпiратар» часоў польскага Супрацiву i нават ачышчаныя ад iржы асобныя ствалы, затворы i клiнкi бяз тронак...

Люблю антыкварныя крамы.

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК

Празь некалькi дзён пасьля майго зьяўленьня ў Варшаве знаёмыя паведамiлi, што пры жаданьнi я магу сутрэцца з... Зянонам Пазьняком. У панядзелак, 7 сьнежня, сустрэча адбылася.

Начуўшыся за два пасьлятурэмныя гады самых розных чутак, плётак i эпiтэтаў, што да палiтычнай дзейнасьцi й асабiстых паводзiнаў старшынi БНФ, я не без хваляваньня йшоў на ўмоўнае месца. Разам з тым iнтуiцыя падказвала, што нiчога надзвычайнага не адбудзецца. Проста я паздароўкаюся з нармальным беларускiм патрыётам.

Так i адбылося. Мы прыселi за стол насупраць адно аднаго, як на перамовах.

Прынесьлi каву. Пачалася размова: ляканiчная, без асаблiвых эмоцыяў з абодвух бакоў. Станiслававiча цiкавiла, як там, у турме, што я думаю наконт тых цi iншых падзеяў. Гаварыць мне было досыць лёгка, бо сапраўды меў што сказаць. Пад завяршэньне размовы я, перапрасiўшы, задаў старшынi БНФ пытаньне, адказу на якое чакаюць ня толькi беларускiя патрыёты, але й спэцслужбы рэжыму: калi Пазьняк вяртаецца на Радзiму i цi вяртаецца ўвогуле?

Адказ быў прыкладна такiм, якога я i чакаў: ён вернецца. I, магчыма, гэта будзе год трох дзясятак.

СЭНЮХ

Вечарам 7-га сустрэўся з Чэславам Сэнюхам, перакладчыкам маiх вершаў на польскую. Прыгожы сталы чалавек, родам зь Вялiкай Лiтвы.

Першая сустрэча адбылася за чарачкай саплiцовай. Гучалi пераклады й арыгiналы вершаў у выкананьнi аўтараў.

На другi дзень спаткалiся ў кампанii мастака Артура Клiнава, якi падзялiўся iдэяй стварэньня ў Заходняй Эўропе беларускiх культурных пляцовак — своеасаблiвых явачных кватэраў для нашых лiтаратараў, мастакоў, музыкаў. Што пiлi? Пiва «Дойлiды» зь беластоцкага бровару.

СПАТКАНЬНЕ З АЗIЯЙ

Хоць я й быў папярэджаны, што ў адной мiлай кампанii ёсьць магчымасьць сустрэцца з гасьцямi з Казахстану, але ў патрэбны момант быў па-добраму ўражаны. Ну нiяк я не чакаў, што на радзiме Назарбаева вырастаюць такiя буйныя асобiны, якiх я пабачыў у Варшаве 12 сьнежня. Магчыма, мяне падвялi згадкi пра Куйбышаўскi раён Какчатаўскай вобласьцi, дзе ў 80-м я змагаўся за ўраджай казахстанскай пшанiцы. Вечарамi пасьля работы мы, чалавек трыццаць беларусаў, выпускнiкоў Сьвiрскага СПТВ, сыходзiлiся на нажах зь мясцовымi казахамi. Ня памятаю, каб сярод iх былi асаблiва рослыя цi шыракаплечыя. Зрэшты, памеры казахстанскiх мужчынаў мяне, дзякуй Богу, зусiм не абыходзiлi: зьдзiвiўся й забыўся. А вось дзьве паўнашчокiя казаскiя жанчыны расхвалявалi. Асаблiва Кайха з Караганды. Хацелася ўзяць яе за руку колеру армейскага тэлефоннага апарату, прыкласьцi даланёю да вуха, i, цалуючы ў локцiк на перагiбе, прашаптаць: давайце, эбанiтавая, перакiнем масток памiж Эўропай i Азiяй, давайце абновiм нашу эўраазiяцкую кроў...

Не сказаў гэтых словаў. Толькi ў маленькiя чорныя вочкi паглядзеў тым позiркам, якi разумеюць жанчыны ўсяго сьвету. I таму адрасочак у мяне застаўся.

«МАКАБРА» I АНАРХIСТЫ

Падзiвiўшыся на грамадзянаў Казахстану, мясцовы гарбаносы (але русявы!) анархiст Якуб па мянушцы Куба пацягнуў мяне ў «Макабру». Так у асяродку варшаўскага лева-анархiсцкага студэнцтва называюць бар-бiстро ў стылi «саветык», на якое можна напароцца, перамяшчаючыся па Кракаўскiм Прадмесьцi.

Куба пагадзiўся, што гэта нiякi ня бар, а звычайная савецкая сталоўка. За стойкай — чырвоная фiзiяномiя добра выпiтай кабеты, якая не далiвае вам пiва; альбо вы чакаеце яе хвiлiн 15-20, пакуль яна сама выпiвае на кухнi. Адным словам, «Макабра» — гэта ў Варшаве савецкi сэрвiс па поўнай праграме. Паўлiтра пiва каштуе 3 злотых, калi ў iншых пабах — 5-6. Праўда, ненавiсны анархам капiталiзм дастае публiку i ў «Макабры», дзе кручок у гардэробе каштуе 1 злоты плюс залатоўка за прыбiральню. Такiя вось падрахункi.

ВАРШАВЯНКА МЫЕ ВАКНО (ЧАСТКА 1)

14 сьнежня, панядзелак. Адлiга, мокры сьнег з астмасфэры. Суседзi разьбеглiся па справах. Нарэшце й я набыаю вэртыкальнае становiшча. Iду на кухню, даю работу скiвiцам. Працуюць яны вяла толькi да пары. Раптам у вакне кватэры насупраць заўважаю постаць жанчыны. Успамiнаю, што каб супакоiць розум, трэба праглынуць сьлiну. Поўныя жаночыя формы ў ваконным праёме выганяюць зь мяне рэшткi сну лепей, чым фiззарадка.

А 12-й мне трэба было быць на экалягiчным пiкеце каля ўваходу ў гатэль «Марыёт», але ж варшавянка мые вакно.

Пасьля сьняданьня iду галiцца. Намыльваю фiзiяномiю, хвалююся, баюся парэзацца. Галоўнае — ня хочацца прапусьцiць нiводнага руху ў экалягiчным акце ачышчэньня вакна. Пакуль жанчына хаваецца ў глыбiнi кватэры, я пасьпяваю зрабiць некалькi апэрацыяў з брытвай. Ванны пакой прахадны, таму я выглядваю зь яго то праз адныя, то праз другiя дзьверы.

Прайшла гадзiна часу, я нарэшце пагалiўся, а варшавянка ўсё мые вакно. Разважаю сабе, хто яна: фабрычная? хатняя гаспадыня? з вышэйшай адукацыяй? замужам? Магчыма, што ў яе ёсьць сын-анархiст, якi прыйдзе сёньня пад гатэль «Марыёт» адстойваць экалёгiю Польшчы. Альбо дачка Эўлалiя гадоў шаснаццацi...

ГРАМАДЗЯНЕ I ПАЛIЦЫЯ — ЗА ЭКАЛЁГIЮ

14 сьнежня, 12 гадзiн дня. Каля ўваходу ў гатэль «Марыёт» разьмясьцiлася група зь дзесяцi-пятнаццацi чалавек. Гэта экалягiчны пiкет, арганiзаваны сiламi Польскага экалягiчнага клюбу i Фэдэрацыi зялёных. Прысутнiчаюць палiцыянты. Дакладней, прадстаўнiкi органаў правапарадку за сытуацыяй каля гатэлю «Марыёт» назiраюць зводдаль, з аўтамабiля, i не раздражняюць сваёй прыстунасьцю пiкетоўшчыкаў.

Пiкет завяршаецца праз паўгадзiны. Акцыя адбылася. Нiхто не пацярпеў. Я, Куба-анархiст i дзяўчына з групы гарадзенскага Мiрона, якая прыехала на варшаўскi канцэрт гурта «NRM», iдзем у «Макабру», каб узяць 0,5 пiва гатунку «EB».

КАНФЭРЭНЦЫЯ «НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ КРАIН УСХОДНЯЙ ЭЎРОПЫ»

14 сьнежня, 15 гадзiн дня. Казiмiраўскi палац, заля Сэнату Варшаўскага ўнiвэрсытэту. «Беларуская» частка канфэрэнцыi. Даклады прачыталi Алег Латышонак i Яўген Мiрановiч зь Беластоцкага ўнiвэрсытэту, Юры Туронак (Iнстытут гiсторыi ПАН) i Марэк Карп, дырэктар Цэнтру ўсходнiх дасьледаваньняў.

У дыскусii ўзялi ўдзел сярод iншых публiцыст С.Букчын, А.Анцiпенка, былы пасол Польшчы ў Беларусi Ганна Сухоцкая. На канфэрэнцыi былi заўважаныя гiсторык Генадзь Сагановiч i польскi перакладчык Чэслаў Сэнюх, а таксама студэнты й журналiсты.

«ПРАКСIМА»

14 сьнежня, 20 гадзiн вечара. Студэнцкi клюб «Праксiма». Пачалi ўпускаць наведнiкаў. Нармальныя эмоцыi, нармальнае пiва, нармальная публiка, якая прыйшла паслухаць выступленьне беларускага гурта «NRM».

Распачала канцэрт беластоцкая каманда «Дзьверы». Спрабуюць сьпяваць па-беларуску, але атрымоўваецца зь вялiкiм акцэнтам. «Цярпенье!» — надрываецца маладзенькая чарнявая салiстачка, аж хочацца дапамагчы ёй, супакоiць: «Што ты, любачка, мы церпiм, ад цябе, такой маладзюсенькай, грудкаватай, сьпеленькай, мы многае, ой, многае сьцерпiм. Але ня будзем цярпець няволi!.. Толькi гэта ўжо не пра цябе».

Другiм выступае гарадзенскi гурт «Кальян». Шчыра кажучы, не зразумеў.

Завяршыла канцэрт «Народная Рэспублiка Мроя». З асаблiвым патрыятычным энтузiязмам варшаўскiя студэнты сустрэлi рок-маршовую песьню «Партызаны».

Застаецца дадаць, што ў клюбе, якi ўтрымлiваюць самi студэнты, палiцыi заўважана не было. Проста яна ня мае права без асаблiвых прычынаў уваходзiць на тэрыторыю студгарадкоў, якiя жывуць паводле дастаткова дзейсных правiлаў студэнцкага самакiраваньня.

Зайшла была выкладчыца беларускай лiтаратуры — каб паслухаць беларускую песьню ды ўбачыць гасьцей зь Беларусi. Што ж да гаспадароў «Праксiмы», дык яны плянуюць i надалей запрашаць беларусаў удзельнiчаць у арганiзацыi супольных iмпрэзаў.

ВАРШАВЯНКА МЫЕ ВАКНО (ЧАСТКА 2)

16 сьнежня, серада. Па абедзе. У жываце бурбонiць. Iдзе мокры сьнег. Чорна. I сусед прыйшоў, над вухам гавэндзiць. Але насупраць варшавянка мые вакно. Другое, вядома. Зьняла занавескi. Iзноў у той самай блюзцы з кароткiмi рукавамi, але бяз фартуха. Вiдаць, захаладала ёй. Пайшла апранула жакетку. Затое цяпер чамусьцi стала выглядаць з-пад блюзкi ейнае поўненькае брушка. Бадай, як у чмялiхi: бухмаценькае, трывалае, пахне жаданьнем жыць.

Доўга, нясьпешна, грунтоўна варшавянка мые вакно. Палiвае шыбу якойсьцi хiмiяй i шаруе, шаруе анучкай. Спалошчвае ў вядры кавалак тканiны, выкручвае яго ды выцiрае шкло насуха.

Мiнулы раз мыцьцёха была ў бiгудзях. Сёньня на галовачцы ў яе пышная каштанавая прычоска. Адкуль я ведаю, што ў яе каштанавыя валасы, не магу й сам зразумець. Цi не таму, што бальшыня мне вядомых жанчын — каштанавыя?

Сёньня нашаму з варшавянкай дыстантнаму iнтыму скрозь шыбы вокнаў замiнае прысутнасьць майго суседа-кiндзюха. З жыватом, у якiм зьмясьцiлася б ня тое што двойня, але, можа, i васьмярня бяззубых галапупiкаў, муж беларускi соўгаецца з пакоя ў пакой ды падхропвае, як той каняка ў баразьне. Я так псыхую, што аж пра каштанавую забываюся.

Ужо вечарам, калi на дварэ добра ўчарнела, праз чыстую шыбу ў белай раме заўважаю, што цяпер варшавянка мые на кухнi лядоўню. Калi падумаць, дык чалавек — гэта мэханiзм пэрманэнтнага ачышчэньня. Толькi адныя шаруюць звонку, iншыя — усярэдзiне.

РЭАЛЬНАСЬЦЬ I СЭНТЫМЭНТЫ

Канец шасьцiдзясятых. Сямiдзясятыя. Вакальны ансамбаль «Фiлiпiнкi» (кароткiя сукенкi альбо штанцы-дудкi, шыньёны). Маладыя Ганна Герман i Чэслаў Немэн. «Чырвоныя гiтары», Марыля Радовiч, гурт «Маанам». А яшчэ — каляровыя цi то газэты, цi то часопiсы на польскай мове: «Пшыячюлка» («Прыяцелька»), «Кобета i жыче» («Жанчына i жыцьцё») ды iншыя, назваў якiх ужо ня памятаю.

Часопiсы выпiсваў бацька. Ён любiў разгадаць розныя красворды-крыжаванкi на тэмы з польскай гiсторыi, а мне падабалася размалёўваць чорна-белых сьмешных чалавечыкаў на апошнiх старонках польскiх тыднёвiкаў.

А як не згадаць такiх гiстарычных пэрсанажаў як Болек i Лёлек, капiтан Клос, «Чатыры танкiсты i сабака»? Усё гэта адтуль, зь дзяцiнства сёньняшнiх трыццацiпяцi- i саракагадовых беларусаў. Усё гэта — сымбалi тады невядомай нам падсавецкай Польшчы.

Потым, значна пазьней, ужо ў часы генэрала Ярузэльскага, пачуў я «мудрасьць», што «курыца ня пцiца, а Польшча не загранiца», якую, кажуць, асаблiва любiлi жонкi савецкiх афiцэраў.

У канцы 80-х назiраў я жывых палякаў у менскiх крамах, дзе скуплялi яны пральны парашок ды iншы бытавы дроб.

У гэты ж самы час у Гораднi ствараецца Саюз палякаў Беларусi, узначалiць якi прыехаў з Далёкага Ўсходу Тадэвуш Гавiн. На гэтым эпоха сэнтымэнтаў завяршаецца.

Мая самая радыкальная адмоўная рэакцыя сёньня на той цi iншы iмпульс з боку палякаў — раздражненьне. Раздражняюць праявы польскага эгацэнтрызму, традыцыйная ганарыстасьць без асаблiвых на тое падставаў.

Палiтычныя сiлы сёньняшняй Польшчы, заняўшыся праблемамi ўваходжаньня ў структуры NATO, вельмi вяла працуюць на ўсходнiм напрамку. Уласны польскi капiтал падтрымлiвае ў Беларусi пераважна палёнафiльскiя грамадзкiя арганiзацыi, а не беларускую палiтычную апазыцыю, якая дзейнiчае фактычна ў падпольных умовах.

Зрэшты, сёньня ў Польшчы хапае й сваiх праблем. У Варшаве, Шлёнску, Катавiцах ды iншых гарадах краiны пэрманэнтны характар набылi шэсьцi, мiтынгi i пiкеты пратэсту. Шахцёры, сяляне, дробныя прадпрымальнiкi патрабуюць зьменаў у эканамiчнай i сацыяльнай сфэрах. Здараюцца i сутычкi з палiцыяй...

СТАЛIЦА

Пасьля побыту ў Вiльнi ўзору 98-га апанавацца Варшавай я ня здолеў. У Варшавы таксама не было шанцаў асьляпiць мяне, менчука, бляскам Новага Сьвяту... Сталiца Польшчы засталася пры сваiм: сотнi тысяч аўтамабiляў, якiя надзвычай iнтэнсыўна загазоўваюць паветра i штодня ствараюць на шырокiх варшаўскiх вулiцах даўжэзныя заторы; грамадзкi транспарт, якi спыняе работу за паўгадзiны да поўначы; крамы й пошта, якiя ў выхадныя днi пераважна не працуюць; досыць высокая ступень алькагалiзацыi насельнiцтва; злачыннасьць (разбоi, гвалты, забойствы); дрэннае пакрыцьцё вулiц; нарэшце, дрэнная вада з кранаў (ёсьць у Варшаве вежа з больш чыстай вадою, па якую жыхары прылеглых раёнаў цягнуцца з самай ранiцы).

Варшавяне хацелi б часьцей езьдзiць на роварах, таму патрабуюць ад уладаў стварэньня спэцыяльных раваровых сьцежак на праезных частках. Маладыя асаблiва любяць насiць заплечнiкi. Пры гэтым ў грамадзкiм транаспарце торбы з плячэй нiхто ня думае здымаць. Так i труцца адзiн аб аднаго. Але затое рукi вольныя для карыстаньня «камуркамi» —радыётэлефонамi, якiя тут можна браць напракат. Таму салёны грамадзкага транспарту часам ператвараюцца ў перасоўныя камутатары-АТС.

Асаблiва не захапляецца сваёй сталiцай i тутэйшая культурная публiка. Варшава, кажуць яны, не для жыцьця, а для бiзнэсу. Жыць трэба ў Кракаве, напрыклад, цi ва Ўроцлаве.

«Салён пральнiчы» — шыльда над звычайнай пральняй. Гаспадар думаў, што назва будзе «як у людзей». Атрымалася — як у недавукаў. Бо з такiм жа посьпехам над вакзальнай прыбiральняй можна было б напiсаць: «салён-дабл».

РАЗЬВIТАНЬНЕ

18 сьнежня, пятнiца. Пяць гадзiн вечара паводле варшаўскага часу. У Менску — шэсьць. Радыё «Свабода» паведамляе, што Зянон Пазьняк правёў у Парыжы шэраг сустрэч зь вядомымi палiтыкамi Эўрапейскага Зьвязу, а таксама двухгадзiнную прэс-канфэрэнцыю для журналiстаў. Добрая навiна ў дарогу. Зьбiраемся.

Пад трамвай, у якiм мы едзем на чыгуначны вакзал, ледзь не трапляе п’яны мужчына. Кiроўца спыняецца, выходзiць з кабiны, спрабуе адштурхнуць п’янтоса ад вагону, але не дае рады. Толькi супольнымi высiлкамi кiроўцаў iншых трамваяў п’янога паляка ўдаецца суцiшыць.

Цягнiк «Варшава — Менск» адыходзiць у 18.47. Сусед пакiдае свае рэчы каля маiх i кудысьцi зьнiкае. Чакаю, прыпiльноўваю торбы. Зьяўляюцца жабракi: спачатку малады, потым стары. Малады робiць поўную ходку па арбiце i падыходзiць да мяне другi раз...

Пасьля памежнага i мытнага кантролю ў наша купэ заходзiць малады рабочы, ускрывае люк у падлозе i штосьцi адкручвае. Пачынаецца замена калёсных параў.

У Беларусi ўласная каляя. Можа, таму я й вяртаюся.

Варшава — Менск, сьнежань 1998 году

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0