Грунвальд, які ня стаў нашым

 

Гадоў дзесяць таму ў Беларусі пачаўся бум цікавасьці да мінуўшчыны краіны. Пісаліся й выдаваліся новыя падручнікі, мастацкія творы, слоўнікі й энцыкляпэдыі. Усё гэта не без ажыятажу вітала публіка. Прычына натхненьня хавалася ў тым, што ў друку зьявіліся праўдзівыя факты і бесстароньнія трактоўкі гістарычных падзеяў, чаго за савецкім часам не магло быць.

За часоў Лукашэнкі гэтая хваля пайшла на спад. Гісторыю пачалі зноў перапісваць на савецкі або расейскі імпэрскі лад, праўда зноў зьмяшалася з хлусьнёй і перастала выклікаць давер. Беларуская мінуўшчына зноў выпала з поля зроку публікі і як навука, і як складнік выхаваньня, і як прывабная таямніца.

«У якую гістарычную эпоху вы марылі б жыць?» — запытаўся карэспандэнт «НН» Севярын Квяткоўскі ў менскіх студэнтаў-гісторыкаў. Большасьць абрала сучаснасьць. Але зьвярніце ўвагу на матывацыі. Хачу жыць тут і цяпер, бо баюся горшага; мы ня ведаем, дзе можам апынуцца, таму, маўляў, і ня трэба загадваць. Пры такім тлумачэньні статыстыка, калі большасьць апытаных выказваюцца за наш час, выглядае крыху інакш. Яны не выбіраюць лепшае, а нібы просяць не чапаць іх. А гэта ўжо зусім ня тое, што «падабаецца — не падабаецца».

І яшчэ адзін адказ студэнта-гісторыка прыцягвае ўвагу: хачу жыць у будучыні, бо дастаткова добра ведаю гісторыю і ў мінуўшчыне мне было б нецікава. Апошні акцэнт сьведчыць, магчыма, пра ўзровень выкладаньня гісторыі. А таксама пра агульны публічны настрой у дачыненьні да гісторыі.

Памятаю, некалі мне давялося рабіць крытычны разгляд кніжак маладых беларускіх вэрсыфікатараў. Адна з агульных рысаў там была — панічны страх перад гісторыяй, як перад чымсьці бяздонным і чорным. Згадваю такія радкі:

 

Сьвет пакаціўся б, нібы кола, у бездань пракаветных дзён.

Або:

І наш Багушэвіч, Купала, зь цемры вякоў ішлі.

 

І яшчэ:

З бакоў чатырох, спрутам зла — гісторыя.

 

Ня думаю, што такая паталягічная вусьціш вынікае толькі зь няздатнасьці вэрсыфікатараў і ніякім чынам не ўласьцівая нашай шырокай публіцы. Хутчэй наадварот — гэта крык душы чалавека і народа, які не нясе адказнасьці за свой лёс. Свая гісторыя ў нас доўгі час замоўчвалася або малявалася ў змрочных фарбах усемагчымых прыгнётаў і паняверак. Невядомае — палохала...

Між іншым, пра месца гісторыі ў цяперашнім беларускім жыцьці думалася нядаўна ў Віленскім арсэнале, куды на некалькі месяцаў прывезьлі з Польшчы знакаміты «Грунвальд» Яна Матэйкі. Вялізнае палатно ў 50 квадратных мэтраў, дзе выяўленыя ў запале барацьбы 50 рэальных гістарычных пэрсанажаў славутае бітвы 15 ліпеня 1410 году. На сёньняшні момант у Вільні гэтую карціну наведалі 50 тысячаў чалавек — сапраўднае паломніцтва. Зраземела, і нам у «Нашай Ніве» абмінуць гэтую падзею не выпадала.

Сяргей Харэўскі згадаў, што беларускія гісторыкі напісалі пра Грунвальдзкую бітву тузін кніг, але ад гэтага нашчадкі слынных ваяроў не прасякнуліся гонарам за айчынную мінуўшчыну. І да шырокага сьвету нашыя «сьветлыя прэтэнзіі» не дакаціліся. Экскурсаводы каля віленскай экспазыцыі распавядаюць, што гэта была літоўска-польская перамога. Тое самае — у польскіх даведніках. Тое самае — у энцыкляпэдыі «Брытаніка», дзе пад словам «літоўскі» разумеюць не «прыналежны да Вялікага Княства», а цяперашні сэнс, бо Вітаўта называюць Вітаўтасам.

Выглядае, што за апошнія дзесяць гадоў мы так і не «зьявіліся на Грунвальдзе»? У чым прычына? Ці гэта гісторыкі кепска пішуць, ці за мяжу ня езьдзяць, ці прапагандаваць сваё ня ўмеюць?

Сёньня на гэтыя пытаньні ў «НН» адказвае Генадзь Сагановіч.

Зьмітра Бартосіка Матэйкаў «Грунвальд» ня ўразіў. Магчыма, гэта тыповая для цяперашняга беларуса рэакцыя на славутую карціну. Што да літоўцаў, дык паводле статыстычнага апытаньня толькі 14 працэнтаў наведнікаў выставы чакалі ад яе чагосьці іншага. Астатнія атрымалі сваё ў поўнай меры, г.зн. былі сапраўды ўражаныя.

Верагодна, што сёньняшняе наведваньне культавага твору можа ўразіць беларуса некалі пасьля, на што і спадзяецца Зьміцер Бартосік. Праўда, можна ў гэтым угледзець і пэўныя ўцёкі. Мы ўвогуле шмат чаго ў сваім нацыянальным бытнаваньні адкладаем на пасьля. Хоць гутарка ідзе ня больш чым пра даніну пашаны ўласнай мінуўшчыне.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0