Супроць разбурэньня

 

1 верасьня а 8-й гадзіне раніцы група менчукоў, занепакоеная лёсам будынкаў № 5, 7, 9 па вул. Камсамольскай -- помнікаў архітэктуры ХІХ ст. — несанкцыянавана выйшла на скрыжаваньне вуліц Нямігі й Камсамольскай з плякатамі й заклікамі спыніць разбурэньне. Сябры Згуртаваньня беларускай моладзі «Эўрапейскі Шлях», удзельнікі хору беларускай песьні «Адраджэньне» перашкодзілі разбурэньню дома № 7 па вул. Камсамольскай, устаўшы перад бульдозэрамі і экскаватарамі. У прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі кіраўніцтва «будоўлі» паабяцала прыпыненьне злому. Гэтая міні-перамога не каштавала ўдзельнікам нават звыклых у наш час затрыманьняў. Камэнтуе лідэр «Эўрапейскага Шляху» Аляксей Фралоў:

«За апошнія гады былі зьнішчаныя ўнікальныя рэшткі Дабравешчанскай царквы ХІІ ст. у Віцебску, абкладзеныя цэглай арыгінальныя ўзоры драўлянай архітэктуры — цэрквы ў в.Забалацьце і в.Драчкова Смалявіцкага раёну, зруйнаваная старавечная вежа ў Наваградку. У вежы былога Кальвінскага збору ў Заслаўі праваслаўная царква абсталявала «сьвячны заводзік», што праз пэўны час падпаліў помнік. Новым велізарным корпусам быў скалечаны агульны выгляд комплексу Мікалаеўскай царквы ў Магілёве — выдатнага ўзору беларускай барочнай праваслаўнай архітэктуры.

У сталіцы ў працэсе працаў на Верхнім горадзе акцыянэрнае таварыства «Стары Менск» зьнішчыла цэлы шэраг цікавых, рэдкіх і ўнікальных помнікаў. Гэта дамы № 2, 2а, 4, 6, 6а па вул. Герцэна, па Музычным завулку 1, па вул. Інтэрнацыянальнай 25, 21/3 (дом, дзе жыў Станіслаў Манюшка) і іншыя. Адбываецца разбурэньне старадаўніх аўтэнтычных будынкаў і пабудова на іх месцы танных муляжоў-катэджаў. Дазволы на падобную «рэканструкцыю» выдае сп.Бубноўскі — старшыня Камітэту па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры РБ, які абавязаны назіраць за станам помнікаў. Але ж не! Вось ужо зьнішчаны дом № 7 на былой Фэліцыянаўскай (Камсамольская), за ім пойдзе і ўвесь квартал — падпішуць сьмяротны прысуд цікаваму і непаўторнаму раёну старога Менску. У кулюарах дзяржаўных установаў ужо месяц абмяркоўваецца чарговая «арыгінальная» ідэя — паставіць «новый большой собор» на Нямізе.

Менавіта таму ў Менгарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на 7 пікетаў ля разбурваных будынкаў на вул.Камсамольскай, каля Гасьцінага двару, каля Камітэту па ахове гістарычна-культурнай спадчыны, адказнага за яе руйнаваньне, і ля Міністэрства культуры. Дазволу нам не далі. Мы наладзілі першыя пікеты без дазволу.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0