ТЭЛЕВІЗАР


Сямён Шарэцкі і Зянон Пазьняк выступілі на мінулым тыдні з заявамі пра неабходнасьць як найхутчэйшага фармаваньня Часовага ўраду народнага даверу. Старшыня легітымнага органу заканадаўчае ўлады і гістарычны лідэр нацыянальна-дэмакратычнае апазыцыі мяркуюць, што дэмакратычныя выбары ў Беларусі немагчымыя, пакуль А.Лукашэнка пры ўладзе, і што сапраўдныя перамены ў краіне могуць адбыцца толькі рэвалюцыйным шляхам.


Акупацыйны рэжым

Заява Сямёна Шарэцкага

Спадар Шарэцкі, які знаходзіцца ў Вільні, лічыць, што галоўным аргумэнтам у апошніх кадравых перастаноўках у сілавых структурах быў расейскі ўплыў. У першую чаргу гэта прасочваецца ў тым, што ўсе новапрызначаныя міністры — расейцы. Іхныя папярэднікі на пасадах “аддана служылі дыктатарскаму рэжыму, створанаму ў Беларусі з дапамогай расейскіх шавіністычных колаў, але па нацыянальнасьці былі беларусы. Іх месцы занялі цяпер пасланцы Масквы, многія зь якіх зьяўляюцца афіцэрамі расейскіх спэцслужбаў. Апошні кадравы ператрус у шэрагах дыктатарскага рэжыму не павінен ужо ні ў кога выклікаць сумневу, што, гаворачы словамі кіраўнікоў Расейскай Фэдэрацыі, у Беларусі заканчваецца “зачыстка” існуючага рэжыму ад саміх беларусаў. Тым больш, што гэта пацьвярджаецца і абраньнем кіраўніка так званай “Палаты” — таксама па нацыянальнасьці расейца, які ўжо, дарэчы, пасьпеў зьняважыць беларускую мову”, — заявіў сп.Шарэцкі.

“Па сваім нацыянальным складзе пануючы ў краіне дыктатарскі рэжым зьяўляецца амаль цалкам расейскім, а ў адносінах да Беларусі — акупацыйным. Наступным крокам, які можа адбыцца ў Беларусі, мабыць, стане адхіленьне ад улады самога дыктатара і замена яго на менш амбітную і больш прымальную для Расеі асобу або прымус сёньняшняга дыктатара здаць дзяржаўны сувэрэнітэт Беларусі на прапанаваных расейскімі шавіністамі ўмовах”, — заявіў старшыня ВС.

Такім чынам, зыходзячы са словаў сп.Шарэцкага, у Беларусі можа зьявіцца трэцяя сіла, якая возьме ўдзел у барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду, сіла, што пакуль ня мае магчымасьці адкрыта ўзьдзейнічаць на ўнутраную палітыку Беларусі, але ў якой хапае рэсурсаў, каб прадвызначыць расклад прэзыдэнцкіх выбараў. І глебу для палітычных зьменаў на карысьць Масквы падрыхтуе, магчыма, сам Лукашэнка, які пакуль можа лічыць сябе адзіным, хто здольны ўплываць на сытуацыю. Яго зброяй у барацьбе за прэзыдэнцкую пасаду, на думку сп.Шарэцкага, стануць недэмакратычныя выбары, у якіх перамагае той, хто трымае ўладу.

“Калі ня будзе свабодных выбараў, ніякі кандыдат ад апазыцыі не пераможа. І як пакуль бачна, свабодных выбараў ня будзе. Тым больш што ўзмацняюцца расейскія шавіністычныя структуры. Я таксама стаю за аднаго кандыдата, але перш трэба нешта зрабіць для таго, каб у Беларусі адбыліся дэмакратычныя выбары. Лукашэнка, а разам зь ім расейскія шавіністы не дазволяць, каб дэмакрат стаў прэзыдэнтам, бо дэмакратыя ў Беларусі — значыць сувэрэнітэт Беларусі. Трэба думаць зусім не пра тое, каго абраць адзіным кандыдатам ад апазыцыі, а пра тое, каб былі ўмовы для дэмакратычных выбараў і, такім чынам, для перамогі”, — сказаў нам сп.Шарэцкі.

Зыходзячы з гэтага, сп.Шарэцкі прапануе, каб прэзыдэнцкія, а таксама парлямэнцкія выбары правёў часовы Ўрад нацыянальнага даверу. Гэта кардынальна зьмяніла б сцэнар будучых прэзыдэнцкіх выбараў і зрабіла іх сапраўды свабоднымі. Сп.Шарэцкі запэўнівае, што на гэты раз, у адрозьненьне ад травеньскіх 1999 году, выбары пад патранатам Ураду народнага даверу акажуцца сапраўднымі.

А.Б.


Беларусь у мяшку

Зварот Зянона Пазьняка

Зянон Пазьняк, які знаходзіцца ў Нью-Ёрку, на гэтым тыдні зьвярнуўся да суайчыньнікаў са зваротам. “Змагайцеся!” — такі ў яго загаловак.

“Прысьпешваецца кадравае афармленьне расейскай акупацыі Беларусі і ствараюцца палітычныя ўмовы для здачы беларускай дзяржавы пад Расею, — адзначае З.Пазьняк. — Пра гэта сьведчаць чарговыя чысткі ва ўладзе ў Менску, якія адбыліся 27 лістапада. Цяпер ва ўрадзе Лукашэнкі не засталося ніводнага беларуса. (Звольнены нават услужлівы міністар культуры Сасноўскі.) На месцы беларусаў пастаўленыя функцыянэры расейскага ФСБ”. Пазьняк мяркуе, што “апошнім (пасьля чыстак і зрабленьня “справы”) Масква ліквідуе Лукашэнку. Дзеля гэтага сярод выдаленых (каб выглядаў пацярпелым) будуць рыхтаваць свайго Каштуніцу. Беларусы павінны зразумець, што з 27 лістапада ў Беларусі кіруе поўнасьцю расейскі акупацыйны ўрад, які складаецца цалкам з расейцаў”. І таксама: “На сёньняшні дзень Беларусь ужо ў мяшку. Засталося толькі завязаць. Тое, што беларусы ў гэтым мяшку спакойна сядзяць, тлумачыцца тым, што яны ня ведаюць, што іх чакае. Але калі мяшок завяжуць, то разумець будзе ўжо позна”. На думку лідэра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, ніякіх рэальных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў такіх умовах ня будзе. “Можа адбыцца толькі фальшывая выбарчая прафанацыя дзеля абгрунтаваньня і замацаваньня акупацыйнай палітыкі рукамі і нагамі беларусаў. Улада ў Беларусі Масквой ужо захоплена. Засталося яе толькі легітымізаваць. Калі ж гэтага не атрымаецца, то Расея паспрабуе арганізаваць пераварот і потым — хуткі захоп нацыянальнай маёмасьці і ліквідацыю Беларускай дзяржавы”.

“Што цяпер рабіць?” — ставіць пытаньне З.Пазьняк і адказвае гэтак: “Неабходна насупраць акупацыйнай улады стварыць законны беларускі Ўрад народнага даверу. Яшчэ ёсьць рэальная магчымасьць. З ініцыятывай стварэньня законнага Беларускага Ўраду выступіў законны старшыня Вярхоўнага Савету і выканаўца функцыяў Прэзыдэнта Беларусі Сямён Шарэцкі”. “Беларускія эліты мусяць зразумець, што не прэзыдэнцкія выбары (па правілах акупацыйнага рэжыму), а стварэньне законнага Беларускага Ўраду ёсьць першым крокам, каб запабегчы зьнішчэньню дзяржавы і незалежнасьці”.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0