Сартр за наваградзкай камяніцай

Такая ўжо чалавечая натура: калі мёд — дык лыжкамі. Адна, другая, трэцяя…. А што далей? Далей перасыць, гідлівасьць. Тады й гучаць усякія дзіўныя словы: “Гэта ня мёд, а немавед што!” Такія думкі наплылі пасьля прачытаньня артыкулу сп.Данілы Жукоўскага “Схаваныя скарбы” (“НН” ад 22 сакавіка). За апошнія 10—15 гадоў адбылося вяртаньне твораў, якія ўтойваліся ад нас дзеля розных акалічнасьцяў (неапублікаванасьць, моўны бар’ер, ідэалягічныя забабоны, часовая страчанасьць etc.). Усе яны маюць неаднолькавую мастацкую вартасьць. Але ж безапэляцыйная фармулёўка сп.Жукоўскага “выдатныя творы беларускай літаратуры — ненапісаныя творы” папросту шакуе, бо ў падтэксьце вястуе пра адно: уся беларуская літаратура, за малым выняткам, — лайно. Аўтар і сам прагаворваецца пра тое, але спахопліваецца й патасна кажа пра ўгнаеньне для сучаснай літаратуры.

 

Цікавячыся нашай даўнейшай літаратурай, часам наракаеш на адсутнасьць у Беларусі творцаў кшталту Бакача, Рабле, Шэксьпіра ды нават Каханоўскага. Але гэта не замінае захапляцца Скарынам, Гусоўскім, Воланам ды іншымі, чый даробак дагэтуль ня стаў хрэстаматыйным і для знаёмства зь якімі варта прыкласьці высілак. Ёсьць цікавасьць – ёсьць высілкі для яе задаваленьня. Развагі ж пра тое, якімі ёсьць нераскрытыя, схаваныя скарбы, зьяўляюцца непрыстойнымі. Я таксама баюся адкрыцьця беларускамоўных вершаў Адама Міцкевіча, бо здагадваюся пра іх характар. Але мае здагадкі – нішто ў параўнаньні з магчымым беларускім аўтографам песьняра Літвы. Выявіўшы такі скарб, можна было б пашкадаваць хіба пра тое, што ён быў нязнаны ў ХІХ ст. і не паўплываў на беларускую літаратуру. Трэба ўнікаць катэгарычных зацемаў пра нявернутыя зь нябыту тэксты як apriori “творы неглыбокія, невысокага ўзроўню”, калі сам іх ня мацаў і ня нюхаў. Нельга атрымаць аб’ектыўнае ўяўленьне аб паэмах Вярыгі-Дарэўскага “Паварот Міхалка”, “Бедны наш Лукаш” ці “Ахульга” з назваў. Цяжка меркаваць і пра якасьць перакладаў Абуховіча ў беларускую вершаў Пэтраркі, Дантэ, Гюго, “Фаўста” Гётэ, бо ўсё гэта дзесь прапала. Як назваць новаадкрыты тэкст, літаратурным творам ці літаратурным помнікам – выбіраць чытачам. Тое, што не падабаеццца Жукоўскаму, мо даспадобы Балахонаву. І наадварот.

“Голад на тэксты, які сёньня адчувае чытацкая аўдыторыя, тычыцца ня столькі старажытных твораў, колькі сучасных інтэрпрэтацыяў мінулага”, – адзначае далей аўтар “Страчаных скарбаў”. Тое, што існуе голад на старабеларускія творы, не даводзіцца сумнявацца: згадайма, як маланкава разышліся кнігазбораўскія “Беларускія летапісы й кронікі”. Гэткая доля напаткала б кронікі Стрыйкоўскага й Гваньіні, паэмы Рымшы і Радвана, раманы “Трышчан” і “Александрыя”, мэмуары й гарадзкую паэзію XVI–XVIII ст… Але ці хутка дачакаем таго? А “сучасныя інтэрпрэтацыі мінулага” будуць рознахарактарныя, не разьлічаныя на нейкага ідэальнага чытача, спажыўца ўсёй беларускай літаратуры пад любою поліўкай. Задаволіць усіх і адразу праблематычна. Хіба высакаякасным постмадэрнісцкім творам: для адных – авантуры, для другіх – гістарычны антураж, для трэціх – моўны калярыт, для чацьвертых – Гайдэгер ці Сартр за наваградзкай камяніцай. Гэткіх твораў у Беларусі вобмаль. А тое, што часам анансуецца як постмадэрнісцкае, выклікае неўразуменьне. Зрэшты, і тутака справа выбару: чытаць Ігара Бабкова ці Андрэя Федарэнку.

“Сёньня патрабуецца больш крытычны погляд на гісторыю”, – разьвівае сваю думку сп.Жукоўскі. Цікава. Патрабуецца кім? Дзяржавай? Лукашэнкам? Ідэальным чытачом? Больш крытычны погляд у параўнаньні з чым? Пытаньні і пытаньні. І замест таго, каб ствараць ды атрымліваць асалоду ад кожнага моманту натхненьня, аўтар вымушаны больш крытычна глядзець на гісторыю, бо нехта гэтага ад яго патрабуе. Тут сп.Даніла зьмешвае пакліканьні літаратара й гісторыка. Мы ясна разьмяжоўваем, дзе тэкст мастацкі, публіцыстычны, навукова-публіцыстычны ці навуковы. Патрабаваць ад пісьменьніка строгасьці ў поглядзе на гісторыю немагчыма, бо гэта скоўвае яго, уціскае ў мусовыя рамкі мысьленьня й бачаньня матэрыялу. Ці можна ўявіць строгага Караткевіча або Арлова?

Я ня ведаю, чаму для сп.Жукоўскага “мінулае выявілася не такім прыўкрасным і багатым на скарбы, як абяцалі Ластоўскі з Караткевічам”, і чаму ён хоча, каб нехта іншы яму на тое асабістае пытаньне адказаў. Ні Ластоўскі, ні Караткевіч мне, напрыклад, нічога не абяцалі, аднак абуджалі інтарэс да розных гістарычных дэталяў, уражвалі майстэрствам апэраваць размаітасьцю фактаў, ткаць на тым грунце яскравае літаратурнае палатно. Мінулае багатае на скарбы. Яно было б яшчэ багацейшым, каб не “традыцыя” паленьня кніг у Беларусі ад часоў умацаваньня хрысьціянства да 4510 паводле галоўліту. Многага не вярнуць. Туга па страчаным – натуральная зьява. Чаго яе лякацца? Гэта яшчэ адна крыніца для творчасьці жывых людзей.

Гэтая старая мудрасьць можа мець уплыў на грамадзтва ўжо таму, што яна беларуская. Гэта вельмі важна сёньня, калі грамадзтва за пошукамі праўды соваецца ў расейскія кніжкі. Чужым цікаўся, але трымайся свайго. Што тут яшчэ нарадзіш?

Сяргей Балахонаў, Гомель

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0