новы альбом “Нэйра Дзюбелю”

Сапраўдны рок

 

Ня ведаю, які сродак павінны вынайсьці парфумэры, каб нэўтралізаваць той пот, якім сьцякаюць музыкі гурту “Нэйра Дзюбель” падчас канцэртаў. Калі рэкляма такога сродку і зьявіцца на тэлеэкранах, я ёй усё адно не паверу. Бо ня можа быць дэзадаранту, здольнага забіць пах сапраўднай работы.

“Нэйра Дзюбель” належыць да ліку калектываў, якія заўсёды знаходзяцца ў апазыцыі. І ня толькі да афіцыйнай музыкі: “Нэйра Дзюбель” — гэта яшчэ апазыцыя музыкаў самім сабе. Ва ўсім тым, што Аляксандар Кулінковіч выдае са сцэны, няма ані кропелькі штучнага эпатажу, імкненьня зьвярнуць на сябе ўвагу, карыстаючыся пазамузычнымі сродкамі. Ягоная пазыцыя можа зьбянтэжыць абывацеля, што прызвычаіўся да “Скрыжаваньняў Эўропы” і для якога ўсё сваё, уласнае, — гэта калгас з усімі атрыбутамі — п’янствам, брыдкімі словамі, адсутнасьцю якой-кольвек адукаванасьці й інтэлігентнасьці. Чужому воку “Нэйра Дзюбель” якраз і выглядае як тыповае спараджэньне разваленага калгаснага ладу, калі былыя калгасьнікі, адчуваючы, што далей так жыць немагчыма, вырашылі выбрацца ў горад па “шчасьце”, але да гораду так і не даехалі. Аселі недзе ў мястэчку, на паўдарозе.

Аднак давайце ня будзем блытаць “дзюбялёў” у жыцьці й на сцэне. Гэтую розьніцу асабліва адчуваеш, калі пачынаеш размаўляць з Кулінковічам пасьля ягонага сыходу са сцэны. У жыцьці ён зусім іншы, ягоную інтэлігентнасьць, якую ён дэманічна абвяргае падчас канцэрту, немагчыма не заўважыць, не адчуць. Дый ненармаванай лексыкі амаль не ўжывае. І такое вось арганічнае суіснаваньне двух Кулінковічаў-блізьнятаў — найбольш загадкавы і вызначальны момант, які можа даць тлумачэньне фэномэну, што завецца “Нэйра Дзюбель”. “НД” нечым вабіць. Але вось чым?

Чаму іхная простая, часам нават прымітыўная музыка знаходзіць шлях да сэрца праз упарадкаваныя іншай, правільнай музыкай мазгі? Мо таму, што “Нэйра Дзюбель” — самае дакладнае ўвасабленьне таго, што можна назваць рок-музыкай, калі акрэсьленая ідэалягічная пазыцыя (што думаю — тое і кажу) падмацоўваецца выдатнымі акторскімі здольнасьцямі — дарэчы, ня толькі Кулінковіча, але й Юр’я Навумава, які канчаткова закінуў гітару і працуе цяпер як вакаліст. Або як удзельнік шоў: вакальныя партыі Навумава сьпевамі назваць цяжка, часам ён працуе ў падпеўках проста “міма”.

Зрэшты, на прэзэнтацыі альбому “Праўдзівыя гісторыі пра тое, як у Карлсана ўгналі камбінэзон” (рэкорд Беларусі па працягласьці назвы!) “Нэйра Дзюбель” граў надзіва зладжана. Чуваць былі ўсе інструмэнты, і гучалі яны там, дзе трэба, і столькі, колькі трэба. А гэта — прыкмета клясы, прыкмета такая, якую не перабіць нічым.

“Нэйра Дзюбель” узору 2002 г. — па-ранейшаму зьява двухзначная. Кулінковіч дзякуючы “Паляўнічаму і сайгаку” паспытаў айчыннага шоў-бізнэсу і зразумеў, што там ён чужы. Бо хто ж пусьціць у этэр песьню з назваю “Ё.Т.М.”, расшыфраваць якую — філялягічнай адукацыі ня трэба. Вось чаму сольны канцэрт у вялікай залі Палацу Рэспублікі “дзюбялям” не пагражае, хоць ненармаваная лексыка Кулінковіча куды больш інтэлігентная, чым нічым не нармаваны слоўны запас іншага лідэра, які часта выступае ў той залі.

Дарэчы, адносна лексыкі. Тыя, хто стае ў позу, пачуўшы сёе-тое слова, выглядаюць сьмешна, бо, напрыклад, айчынная міліцыя мусіла б увесь заробак выдаткоўваць на аплату штрафаў за публічнае брыдкаслоўе. Бяз мату міліцыянты проста перасталі б разумецца. З гэтай самай прычыны мы страцілі б і Ўзброеныя сілы. Аднак “ненармаваная” лексыка павінна выкарыстоўвацца ў дакладна вызначаным месцы і часе. Песьня “Ё.Т.М.” для мяне асабіста — не найлепшы прыклад ужываньня трывалых словаспалучэньняў, бо яны тут ня вельмі апраўданыя. Калі публіка зладжана паўтарае за Кулінковічам “тры чарадзейныя слоўцы”, ці не гаворыць гэта пра тое, што не музыкі падцягваюць аўдыторыю да ўласнага ўзроўню, а публіка дыктуе музыкам, якімі яны мусяць быць?

“Нэйра Дзюбель” мае шмат супольнага зь “Ляпісам Трубяцкім”. Колісь малавядомы “Ляпіс” нават разаграваў больш вядомых “Дзюбялёў” на канцэртах. Простасьць музыкі яднала тады гэтыя калектывы. Цяпер Міхалок, каб і захацеў даць волю языку падчас канцэрту, зрабіць тое ня ў стане: кантракт наўрад ці дапусьціць. Маючы супольныя карані, гэтыя гурты падзялілі аўдыторыю. Калі фаны “Ляпісу” — гэта збольшага школьнікі, якія яшчэ хаваюць цыгарэты ад бацькоў, дык публіка “НД” складаецца з тых, хто, магчыма, ужо кінуў паліць, перайшоўшы на даражэйшыя і мацнейшыя стымулятары.

Апошнім часам у рэпэртуары “Нэйра Дзюбелю” зьявіліся песьні на беларускай мове. Гэта ня выклікана аніякімі каньюнктурнымі павевамі. Як чалавек інтэлігентны, Кулінковіч ня можа адмахнуцца ад атачэньня, зь якім ён сутыкаецца штодня. Ён заўсёды, нават падсьвядома, стаіць у апазыцыі да яго. Пры ўмове нармальнай, актыўнай беларусізацыі грамадзтва Кулінковіч таксама сьпяваў бы па-беларуску, але вершы Караткевіча знарок пераклаў бы на расейскую. Цяпер ён сьпявае Караткевіча па-беларуску, сам піша беларускамоўныя тэксты. Чаму? Мабыць, таму, што таксама не жадае мець нічога супольнага з тымі, для каго беларуская мова — усяго толькі сродак для вырашэньня побытавых, палітычных і іншых праблемаў. У іх сродак — у Кулінковіча натуральная патрэба.

Зоркі эстрады на сцэне сьпяваюць прыстойныя песьні пра высокія чыстыя пачуцьці і пры гэтым турбуюцца, каб кропелька поту не парушыла грым. А за сцэнай даюць волю ненармаванай лексыцы. Кулінковіч і ягоныя калегі п’юць на сцэне з рыльца біклажкі, лаюцца, сплываюць потам, а пасьля канцэрту, бывае, наагул ня здольныя ад стомы вымавіць ані слоўца. Нават “нармаванага”.

Дзьмітры Падбярэскі

 

Неяк Кулінковіч даваў інтэрвію на радыё. Пры канцы перадачы мусіла гучаць песьня “Нэйра Дзюбелю”. Вядучыя напрамілы бог прасілі, каб у ёй не было мацюкоў. Кулінковіч прынёс запіс. Калі першыя акорды прагучалі ў этэры, ён раптам схапіўся за галаву, згадаўшы, што адно ненарматыўнае слова там усё-такі ёсьць — яно аж тры разы паўтараецца ў прыпеве. Вырашылі, што Кулінковіч будзе перад ім махаць рукою, а гукаапэратар — глушыць гукавым сыгналам. Аднак сыстэма не спрацавала: сыгнал гучаў толькі пасьля слова. “Уё...шча піп! Уё...шча піп! Уё...шча піп!” — пачулі радыёслухачы.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0