Мы прыйшлі першыя. Цырк маўчаў, засяродзіўшыся на сабе перад пачаткам нашэсьця. Нашыя паліто адзінока пагойдваліся ў гардэробе. Ні ў вэстыбюлі, ні на лесьвіцы, ні ў буфэце мы не сустрэлі нікога.

Hаталка Бабіна (нар. 1966) — інжынэрка, пісьменьніца. Піша па-беларуску і па-ўкраінску. Жыве ў Менску. Сталая аўтарка “НН” ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Hаталка Бабіна (нар. 1966) — інжынэрка, пісьменьніца. Піша па-беларуску і па-ўкраінску. Жыве ў Менску. Сталая аўтарка “НН” ФОТА АНАТОЛЯ КЛЕШЧУКА
Я замовіла сабе каньяку, а дзецям — ліманаду і пірожных.

— Мама, а можна папрасіць марозіва?

— Папрасіць можна, але я не куплю. У малога катар.

Малы, ужо перапэцканы ў белы крэм, раптам падняў галаву, прыслухаўся, што там пра яго кажуць, і абвясьціў:

— Хачу какаць!

— Варта ўхвалы! Павал!

Мы з Паўлам выкінулі на пальцах “камень — нажніцы — папера”, і выпала весьці малога яму.

— Я пасьцерагу вашыя пірожныя.

Дзеці зьніклі — сярэдні пабег за кампанію.

Яна паднялася, аднекуль зь цёмнага кутка, з-за дальняга століка, падышла. Калі я зразумела, што гэта яна, у мяне закалацілася сэрца, я трохі разгубілася і адчула, што гэта відно па маім твары.

— У вас цудоўныя дзеці.

Дык вось, значыцца, як яна выглядае. Занадта старанна зробленая прычоска, занадта худыя ногі, занадта бездакорны макіяж. Дробненькая. Тэатральны крытык. Крытыкеса.

— Здаецца, трэба пагаварыць, — сказала яна.

— Няма пра што. Калі ласка, ідзіце адсюль.

Гэта прагучала недалікатна, але не таму, што я хацела яе абразіць, мне проста здрадзіў голас.

Ейны тварык здрыгануўся, аднак, памарудзіўшы, яна перасмыкнула плячыма і, не сказаўшы больш нічога, выйшла — вельмі простая сьпіна, трошкі крывалапіць.

Апусьціць бы зараз галаву на рукі і пасядзець так нерухома, бяз думак, пакуль не адалье кроў ад шчок... Але ў буфэт паціху нацякае народ, вясёлыя гаманкія гледачы цырку. Я дастала цыгарэту; запальнічкі, вядома, няма. Бармэн, што пераціраў шклянкі, выйшаў з-за стойкі і паднёс мне агню. Дзякуючы, я сустрэлася зь ягоным позіркам і зразумела, што гэты незнаёмы чалавек ведае, хто я і хто яна. Ён прафэсійна ўсьміхнуўся і паставіў на стол папяльнічку.

Цудоўныя дзеці. Безгустоўна падыходзіць з такімі словамі да жанчыны, у якой ты зьвяла бацьку гэтых самых дзяцей! І гэты яе ангельскі касьцюм, такі недарэчны ў цырку. Тэатральная крытыкеса бяз густу. Дый не яна адабрала ў мяне мужа: я сама, сваімі рукамі штосілы пхала яго прэч. Але не, ізноў ня так. Я проста паціснула плячыма ды адвярнулася. І ён сышоў.

ФОТА АЛЕНЫ АДАМЧЫК
ФОТА АЛЕНЫ АДАМЧЫК
Хапае ж у яе ідыятызму гаварыць банальныя фразы пра цудоўных дзяцей!

Я выпіла свой каньяк адным глытком. Малапрыемна, затое адразу супакойвае.

З бліскучымі вачыма зьявілася мая тройца, абвясьціла, што яны ідуць фатаграфавацца з сланом, і, хуценька прыкончыўшы пірожныя, ізноў зьнікла. Спадзяюся, сапраўды да слана. Я цьвёрда дамовілася з старэйшымі, што да бацькі ў грымёрную яны ня пойдуць. Можа, пасьля шоў...

Сёньня роўна год, як мы зь Янам разьвяліся. Да гадавіны быў прымеркаваны й культпаход.

Я затушыла цыгарэту і пайшла ў залю.

Пакуль не пачалося шоў, гледачы маглі паспрабаваць катапультавацца з сур’ёзнага выгляду катапульты. Двое гімнастаў, зарабляючы грошы для цырку і для сябе, якраз запраўлялі ў рамяні дзяўчыну. Яна прыціскала рукі да грудзей, і выраз твару казаў: не забаюся. Сьмялячка ўзьляцела высока і доўга круцілася пад купалам. У залі пляскалі.

Вочы сыноў, якія пасьпелі ўжо прыйсьці на месцы, ізноў загарэліся.

— Каб не малы, дазволіла б, — папярэджваючы просьбы, сказала я. — А так — не. Ён жа ўзьніме крык, каб і яго ўзялі, — купал абваліцца.

Катапульту прыбралі. Вялікае сьвятло згасла, агеньчыкі па сьценах успыхнулі ў такт дырыжорскай палачцы. Ніколі ня думала, што буду так хвалявацца. Я ведала, што клоўны выйдуць на арэну адразу пасьля параду-але. Зараз пабачу былога мужа.

Ён не перамяніўся за год — гэта відаць, нягледзячы на грым. Моцныя худыя рукі, рыжая чупрына... Клоўн, зь якім я пражыла дванаццаць гадоў.

Старэйшыя з захапленьнем глядзелі выступ бацькі, малы яго не пазнаў.

Сюжэт рэпрызы просты: Саўка ды Грышка ладзяць дуду. У працэсе гэтага яны сварацца, дурэюць, уцягваюць у спаборніцтва гледачоў... Заля сьмяялася як адзін чалавек, але ў гэтай весялосьці было й трошачкі суму, бо ў тых простых калізіях бачыліся і гумар, і шчасьце, і сапраўдная невымерная адзінота дзяцінства, памяць аб якой застаецца ў кожнага дарослага...

Ян вёў, гэта адчувалася. Нешта незаўважна-адметнае зьявілася ў ягонай ігры, як душа ў целе. Няўжо дзякуючы ёй? Я пашукала яе, і мы сустрэліся вачыма. Трыюмфу ў позірку не было.

Авацыя была заслужаная. На паклонах Ян нас, здаецца, заўважыў.

Месца, дзе сядзела яго крытыкеса, апусьцела — мабыць, пайшла да яго за кулісы.

Шоў захапіла дзяцей, нават меншага. Зьмененыя музыкай, блікамі белага сьвятла, вопраткай, на перакрыжаваньні тысячы позіркаў, пад купалам луналі тыя самыя гімнасты, што былі пры катапульце. З усіх гледачоў толькі я не назірала за іх палётам — зьмененая музыкай, блікамі белага сьвятла, каньяком, які ціха зьмяшаўся з крывёю, я назірала за палётам сваіх успамінаў, заглыбленая ў сябе.

...Фаіна часта казала мне, што я ня ўмею “трымаць удар”. Звычайная хвароба каторага зь дзяцей выбівае мяне з каляіны. Ледзьве слупок тэрмомэтра падымаецца вышэй за 37, у маёй душы ўтвараецца хаос, які хутка паглынае ўвесь дом. Справы валяцца з рук, я не кармлю іншых і ня ем сама, не хаджу на працу. Занураная ў адну думку, не магу адарвацца ад кволага гарачага цельца, сяджу зь ім на руках цэлы дзень, і ад страшэнных сцэнаў, намаляваных уяўленьнем (тэмпэратура — сутаргі — рэанімацыя; боль у жываце — апэндыцыт — рэанімацыя; сып — мэнінгіт — рэанімацыя), мяне адцягвае толькі неабходнасьць даць дзіцяці парашок, зрабіць кампрэс... Але карысьці ад яго ніякай — ні дзіцяці, ні мне. І Ян ніколі нічым ня мог нам дапамагчы. Часьцей за ўсё яго проста не было дома, а калі й быў, дык паводзіўся яшчэ больш бездапаможна, чым я. Соваўся па пакоі, кудлаціў рудыя валасы й паўтараў як заведзены: “Трэба нешта рабіць, трэба нешта рабіць”. А рабіць ня ўмеў нічога, і менш за ўсё ўмеў лячыць дзяцей. І кашмар нагрувашчваўся і гусьцеў, як хмара, аж пакуль пасьля працы не прыходзіла Фаіна.

Во дзе быў эскуляп!

Энэргічная і спакойная, яна забірала ад мяне хворага хлопчыка, цалавала ў лоб і падкідала да столі:

— Няма ніякай тэмпэратуры, мама зноў напрыдумляла жахаў! Вясёленькі хлопчык, як мае быць, няма чаго панікаваць, — і, во дзіва, безнадзейнае дагэтуль дзіця сапраўды пасьміхалася, лекі пачыналі дзейнічаць, панос пераставаў, боль сьціхаў, зьяўляўся апэтыт...

Фаіна гатавала дыетычную вячэру, карміла маіх, мыла посуд і канчаткова прыводзіла мяне ў змыслы, ставячы перада мной каву і нібыта мімаходзь заўважаючы:

— Лысы вітаў.

Гэтай магічнай фразы было дастаткова. Прыроджанае пачуцьцё адказнасьці брала верх над слабасьцю натуры. Лысы, або Лысенка, — наш загадчык, на якога ўсе мы молімся. Ён умудраецца даставаць нам замовы ня толькі ў Маскве, што нікога ўжо ня дзівіць, але і ў Бэрліне ды Боне.

Менавіта ён у бурлівым дзевяноста першым ня даў пайсьці ў чаўнакі і рыэлтары тым, каго лічыў касьцяком нашага аддзелу, рашуча адпачкаваў ад інстытуцкага монстру мабільнае архітэктурна-будаўнічае бюро і прымусіў нас працаваць так, каб заробкаў хапала ня толькі на пражыцьцё, але і на нашае асабістае капітальнае будаўніцтва. Маленечкі, плюгавенькі і сапраўды лысы, геніяльны інжынэр і мэнэджэр, ён кіруе жалезнай рукой, і проста немагчыма ўявіць, што будзе, калі раптам хто ня зробіць сваёй часткі праекту ў вызначаны ім сьціслы тэрмін і падвядзе тым самым увесь калектыў. Мне ён падсыпае самыя складаныя задачкі.

— Пянёк ты, душа мая, — звычайна кажа Лысы, праглядаючы мае красьлюнкі, — гэта ж трэба было выйсьці замуж за клоўна і настругаць траіх дзяцей! Ды з тваёй галавой, каб ты была адна, даўно б ужо ў якім Нью-Ёрку грошы заграбала! — Лысы размашыста падпісваў чарцяжы і соваў мне чарговае тэхзаданьне. — Ідзі, мазгуй! Архітэктары тут разгарнуліся...

Гэтыя майстры разгарнуцца. Ім фантазіі будзіць ня трэба, яна ў іх цьвіце пышнай квеценьню й магутна, гучна мкне. Мая ж задача — скіраваць гэтую глыбокую плынь у рэчышча дакладных разьлікаў, каб пабудаваная паводле нашага праекту будыніна не павалілася ад ветру. Гэта забірае ўсе думкі, увесь час, а рашэньне часам выплывае з падсьвядомасьці зусім нечакана — калі стаіш на чырвонае, закупляешся на Камароўцы, чакаеш чаргі да зубнога... Калі я працую, забываюся на ўсё, толькі не на дзяцей — варта катораму трошкі прыхварэць, і мяне перамыкае. Я не магу думаць. Лысы ведае пра гэта, таму дапамог мне знайсьці надзейную няньку і пэрыядычна перадае прывітаньні праз Фаіну.

З Фаінай мы сябравалі з інстытуцкіх часоў. Абедзьве мянчанкі, толькі я — зь Сельгаспасёлку, а яна — з Цаглянага. Існуе такі тып карэнных мянчанак — жанчын з правільнымі фігуркамі і няправільнымі рысамі твару, узгадаваных на каштоўнасьцях дваровай супольнасьці. Мы абедзьве такія. Толькі Фаіна нашмат больш эфэктная: медна-рудыя густыя валасы і фіялкавыя вочы — такіх я ні ў кога больш ня бачыла. Як аквамарыны. Рэдкая прыгажосьць. Але яна не прынесла Фаіне “шчасьця, долі”.

Бо за белай ядвабнай скурай, за спраўнымі, тугімі мускуламі хаваўся дэфэкт — Фая не магла вынасіць дзіця. Чатыры разы спрабавала — і чатыры разы справа канчалася больніцай. Выкідышы. Самаадвольныя аборты. Сіняе скурчанае скрываўленае цельца, танюткія пальчыкі, якія яна пабачыла, перш чым страціць прытомнасьць на апэрацыйным стале, усё жыцьцё стаялі ў яе перад вачыма.

Але яна ўдар трымаць умела. Да пары.

Як добра яна жартавала і сьмяялася! На “адхадняку”, пасьля здачы якога асабліва складанага праекту, яна, дасканала капіюючы мэлёдыю, тэмбр і стыль Мэладзэ ды дзяржаўную трасянку, выводзіла:

– Дамачкам сярэдняга возраста

Трудна ізьбяжаць адзіночаства...

Мы, добра падпітыя, рагаталі.

А адзіноты пазьбегнуць яна не змагла.

Першы зь яе трох мужоў плакаў, калі яна сыходзіла ад яго, а калі сыходзіў апошні — хоць бы яна хліпнула. Затое дала сабе волю, калі дзьверы за ім замкнуліся. І нейкая струна ў ёй аслабела. Упершыню камяні, якія яна насіла ў завушніцах, зьзялі мацней за яе вочы.

Я прывыкла да таго, што Фая магла патэлефанаваць а пятай раніцы, каб паведаміць пра якую Аготу Крыстоф, якую яна вось толькі прачытала, або расказаць пра чарговую прыгоду ў бары, або раптам выцягнуць нас куды ў Ратамку “на сьвята квітненьня вішні”... Я не заўважыла, калі гэта раптам скончылася. Занураная ў разьлікі чарговых бэлек, задачкі па арытмэтыцы ды баршчы, прапусьціла гэты момант.

Калі аднойчы яна не прыйшла на працу і не падняла слухаўкі, Лысы, па завядзёнцы, паслаў мяне перадаць ёй прывітаньне. Адмыкаючы дзьверы сваім ключом, я рыхтавалася пажартаваць, як гэта звычайна рабіла яна. Абсалютна не чакала таго, што пабачыла, і па інэрцыі працягвала пасьміхацца.

Яна павесілася. Старанна ўбралася на сьмерць: на ёй была яе найлепшая, вельмі дарагая сукенка і новыя модныя туфлікі; адзін зваліўся. Сьмерць зжэрла яе прыгажосьць і страшна зьмяніла пасінелы ўжо твар. Калі, крычучы ад жаху, я абрэзала вяроўку, халоднае цела абрынулася на мяне. Я пасьлізнулася ў калюжцы, што нацякла пад яе нагамі, і мы абедзьве грымнуліся на падлогу — дамачкі сярэдняга веку, кумы, такія падобныя ў многім і розныя толькі ў адным: адна — жывая, другая — мёртвая.

Я заўжды памятаю: гэта я вінаватая ў самагубстве Фаі. Сьмерць, гэтая ўвасобленая адзінота, ціхенька паклікала яе — а я ня чула. І вось цяпер сьмерць забрала яе з сабой, адвяла ў свой двор і вярнулася, хаваючыся да пары за рогам, — па наступнага...

...Ізноў нумар Яна. З агромністага меха дастае талеркі, пральныя дошкі, рондалі, і вось ужо заля ўяўляе сабой хор і аркестар імя Вяроўкі... Крытыкеса зноў на сваім месцы, але глядзіць ужо не на нас, а на яго. Цяпер ён працуе крыху ня так, нэрвуецца. За год, што мінуў, я не развучылася разумець яго настрой. Употайкі ён пазірае ў наш бок. Воплескі доўга не сьціхаюць — аж пакуль не пачынаецца наступны нумар і я зноў не занураюся ў свае думкі.

...Колькі ўсяго трымалася на ёй, на маёй Файцы. Лысенка так і ня змог падшукаць ёй вартую замену.

Дзьве сарокі, мы з Фаяй і на рабоце трашчалі на гаворцы нашага дзяцінства, і паступова яна запанавала ў бюро. Беларуская мова была такой самай адметнай яго рысай, як лягатып і шыльда. Калі Фая памерла, я анямела. Не хацела гаварыць па-расейску і ня здолела па-беларуску. Адняло мову. Я не магла больш гаварыць, як, бывала, гаварыла яна: “Што за лямант і енкі? Праблема вырашаецца ўмомант”. І праблемаў стала больш.

Але і ня ў гэтым рэч.

Сапраўдную, невымерную адзіноту Менску, дажджу і восені, шэрых і празрыстых дзён, Сельгаспасёлку і Цаглянага, адзіноту, якая тым мацнейшая, чым больш блізкіх людзей навокал, ад якой не схаваешся ў цырку, — ледзяную, як труп, адзіноту жыцьця я не магла больш не заўважаць пасьля яе сьмерці — вось у чым рэч.

Госпадзе, што мы робім з сваім жыцьцём! Хаваем бездапаможнасьць за халоднымі сьценамі спарудаў (гэта мае праекты), прыкрываемся дзецьмі (гэта я іх нарадзіла), штодня, як вопратку, нацягваем на сябе новыя і новыя “трэба” — а адзінае, што важна, гэта рудыя валасы ды моцныя рукі чалавека, які лічыць цябе непатрэбным цяжарам.

А менавіта так думаў Ян пра мяне і дзяцей. Ён хацеў жыць у сваім сьвеце, які здаваўся нам прывідным. Мы трымалі яго за крылы. І ён імкнуўся лётаць дзе-небудзь далей ад нас.

Дробненькая крытыкеса, трэба думаць, да зямлі яго ня цягне.

Фая казала, што жаноцкасьці ўва мне няма, нягледзячы на субтыльную анатомію: “Ты цяжкавоз-пэршэрон, толькі чамусьці выглядаеш як поні. Бэльгійская кабыла, словам”. Можа, і так.

Усьведамленьне таго, што Ян мяне больш не кахае, прыйшло раптам, як прыходзіла ў галаву патрэбная формула. А хутка прысьпела і пацьверджаньне здагадкі.

На вечарыне цыркачоў мяне запрасіў на танец іхны бос — вельмі ўплывовы імпрэсарыё. Па-дзелавому, не абцяжарваючы сябе доўгім сьпічам пра каханьне зь першага погляду ці якімі б там ні было залётамі, ён прапанаваў мне пераспаць, узамен паабяцаўшы ангажэмэнт мужу ў новай праграме. Я падняла вочы на яго абсалютна спакойную фізіяномію і шчыра разрагаталася. Сьмех яшчэ паколваў мяне, калі па дарозе дадому я расказвала Яну пра нахабу, але весялосьць мая прапала, калі я пачула:

— Ну і навошта ты хаміла? Ведаеш, як важна, каб мяне ўключылі ў праграму...

У памаранчавым сьвятле ліхтара твар Яна здаўся мне стомленым і пастарэлым, тонкі арліны нос — вастрэйшым, чым звычайна. Рудыя ўскудлачаныя валасы страцілі чырвань. Я выняла руку з-пад яго рукі. Рэшту дарогі мы прайшлі моўчкі, а дома я прапанавала яму разысьціся. І ён адразу сышоў.

Дзеці сустракаліся з татам амаль штотыдня, я ж за ўвесь гэты час ня бачыла яго ні разу, затое рэгулярна чытала ў газэтах пра творчы ўзьлёт найлепшага клоўна беларускага цырку...

Аднойчы, яшчэ ў пару жанімства, я прывяла Яна на месца, дзе стаяў наш дом да зносу. Цяпер гэта скрыжаваньне дзьвюх вуліц, і штохвіліны тут праносіцца мільён машын. Пры нас дзьве сутыкнуліся на тым месцы, дзе была печ. Патрэскваньне агню, які штовечар і штораніцу распальвала мама, пачулася мне ў цішы, што ненадоўга запанавала пасьля аварыі. Ян ня чуў сьпеваў агню, якія для мяне заставаліся знакам таго, што са сьветам усё ў парадку. Ён чуў толькі лаянку бурачковатварых кіроўцаў ды нецярплівы гуд машынаў. Мы зь ім заўжды чулі й бачылі рознае.

І на трынаццатым годзе разышліся.

Але сутыкнула ж нас вышэйшая сіла, нешта ж яна сабе думала? Дзеля чаго занесла мяне ў магазын “Ноты”, дзе я гартала нейкі песеньнік, аж пакуль худы рудавалосы хлопец не крануў мяне за плячо... І пасьля разводу я працягвала думаць пра Яна і, нібыта між іншым, кожны раз цікавілася ў дзяцей, ці пытаўся тата пра мяне. Разумненькі мой Павал заўжды казаў, што так, але, можа, ён проста шкадаваў неразумную маму?

...Ян ізноў выйшаў на арэну, дзе зьбіралі некалькі турнікоў для выступу гімнастаў. Сьмешна шлёпаючы нагамі, ён дайшоў да першага, падскочыў, каб падцягнуцца на перакладзіне, — і ўвесь цырк вохнуў. Пэўна, яе кепска замацавалі — перакладзіна адарвалася, Ян з размаху зваліўся, а таўшчэзныя жалезныя стойкі — на яго. Адна — на грудзі, дзьве — на ногі.

Я тыцнула малога Паўлу і, крыкнуўшы “Сядзіце тут”, пабегла па праходзе да Яна. Да яго ўжо несьліся доктар і ўніфармісты з насілкамі, са свайго месца бегла і крытыкеса. Ян не глядзеў ні на доктара, ні на яе. Павярнуў галаву да мяне, зь цяжкасьцю пасьміхнуўся, з куточка рота цурком пабегла кроў, і павекі яго апусьціліся.

Свайго крыку я не пачула: рухнуўшы каля яго на калені, страціла прытомнасьць. У апошняе імгненьне, калі цыркавыя агні круціліся перад вачыма вар’яцкім колам, а з бакоў чорнай ватай напаўзала цемра, я зразумела, пра што думала вышэйшая сіла, калі сутыкнула нас зь Янам у краме “Ноты”...

* * *

Ян адужваў доўга — рабрыны хутка зрасьліся, а вось раструшчаныя косткі ног ніяк не хацелі складацца правільна, і іх давялося двойчы ламаць наноў. Але зь ліха дабро выходзіць: Ян падрыхтаваў нумар пра жалю вартага калеку, які пры канцы выяўляецца багатыром з мабільнікам і “мэрсэдэсам”. Нумар вельмі спадабаўся гледачам, калі Ян вярнуўся ў цырк. Праўда, артыкулаў пра яго цяпер значна паменела: былая каханка-крытыкеса зноў узялася была тэлефанаваць у наш дом, але я наладзіла такі паказальны скандал, што сама сябе адчула стопрацэнтна жаноцкай істотай.

Калі я сказала Лысенку, што чакаю чацьвертае дзіця, ён у роспачы вырваў апошнюю пасму валасоў. Праўда, хутка зьмірыўся: а куды падзенешся? У радзільню прыслаў кветкі і чарговае заданьне. Глянуўшы на тэрміны, я пабачыла, што часу на раскачку ён мне не пакінуў. Добра яшчэ, што дзяўчынка была спакойная і дазволіла мне справіцца ў час.

Я пабаялася назваць яе Фаінай. Няхай будзе Ева — яна ж першая дзяўчынка ў нас

Наталка Бабіна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0