«Купальле… гэта добра… От, помню, калісь зьбярэмся, паедзем дзе на прыроду, запалім вогнішча і пяём, пяём праз усю ноч…» Як правільна сьвяткаваць Купальле, дзе яго сьвяткаваць, і галоўнае — калі. У дадатак — рэцэпт віна зелянога і купальская казка для ўсіх узростаў. 23-га чэрвеня Купала, 24-га — Ян.

Як мы адрадзілі Купальле

Успаміны Сержука Вітушкі… і рэцэпт віна зелянога.

Купальле — гэта добра… От, помню, калісь зьбярэмся, паедзем дзе на прыроду, запалім вогнішча і пяём, пяём праз усю ноч…

А калі сур’ёзна, дык сёньня я трохі скептычна паглядаю на спробы «адрадзіць» Купальле. Мой пэсымізм выкліканы практычным досьведам. Спачатку на нашых сьвятах зьбіралася чалавек 50‑100 талакоўцаў. Усе адзін аднаго ведалі, усе ведалі песьні, абрады, бо перад гэтым праводзілі спэцыяльныя заняткі. Перад намі выступалі прафэсійныя фальклярысты, самі кніжкі пачытвалі. Гэта паўтаралася з году ў год, так што былі трохі адукаваныя. У маім архіве засталася тэчка колішніх сцэнароў. У выніку ніхто ніколі не напіўся, не зблудзіў, не ўтапіўся. Было вясёла і адначасова надзейна, спакойна. Потым падумалі — калі нам так добра, дык і іншым будзе. Сталі запрашаць, агітаваць. Пачалі прыходзіць, тысячы… І сьвята разбурылася. А ў Літве зрабілі Купальле выходным днём і цяпер на першым месцы камэрцыя — піва ды шашлыкі.

Мая парада будзе такая. Арганізуйце на нейкай сцэне купальскі канцэрт для шырэйшай публікі. Запрасеце фальклёрны калектыў, найлепш аўтэнтычных бабуляў. Можна прачытаць вершы пра Купальле, можна артыстычна прачытаць апісаньні колішніх абрадаў. Можна прыдумаць для публікі ўсялякія конкурсы, лятарэі, іншыя забавы. А ўжо потым зьбярыце надзейных сяброў і пайдзеце зь імі ў вандроўку. Знайдзеце прыгожае месца. На мой густ, возера побач можа й ня быць, пакупацца‑пакачацца і ў расе можна. Лепей, каб было такое месца, адкуль можна было б назіраць узыход сонца. Зь ім на Купальле нешта робіцца. Яно «грае». Пасядзіце каля вогнішча, пасьпявайце, як умееце, зварыце купалішу — віна зелянога… І будзе вам сапраўднае сьвята.

Па сакрэце раскажу рэцэпт віна зелянога. У кацёл набярэце крынічнай вады. Калі закіпіць, здымеце з агню. Усыпце сушаных зёлак — сьвятаяньніку ці любых іншых, якія любіце. Калі настаіцца, вылавіце зельле, пакладзеце мёду і пастаўце, хай ізноў закіпіць. Тады ўліце ў кіпень конаўку чыстага сьпірытусу. Асьцярожна. Сьпірт загарыцца й сакральны агонь пасьвенціць ваш напой. Здымеце кацёл з агню і дабаўце яшчэ трохі вогненнай вады. І, пакуль цёплы, піце на здароўе.

Газэта «Свабода»

***

На Купальле

Казка

Як вядома, на Купальле здараюцца цуды. Скарбы вылазяць зь зямлі, зьвяры і птушкі гавораць чалавечымі галасамі, дрэвы і камяні пераходзяць зь месца на месца… І вось аднойчы ў Менску на Купальле здарылася наступнае.

Позна ўначы, калі ўвесь горад ужо спаў, каля помніку Янку Купалу зацьвіла папараць‑кветка. Ад яе абудзіўся вялікі паэт. І, як потым аказалася, іншыя помнікі. Купала расправіў плечы, абтрос пыл вякоў, узяў кіёк дарожны і сказаў: «А хто там ідзе?» I сам пайшоў. Спачатку ён пайшоў да рэчкі Сьвіслач (яна цячэ непадалёку). Там купаліся дзяўчаты. «Дзеўкі, канчай гэтыя распусныя гульні. Настаў час змаганьня. Сёньня нам трэба разьбіць ворагаў і ачысьціць родную зямлю ад чужынцаў. Апранайцеся зараз жа і бяжыце зьбірайце ўсіх нашых», — сказаў дзядзька Янка і нават паліто сваё зьняў, каб тым было што апрануць. «Што вы, спадар Янка! Не, мы пойдзем так — як сапраўдныя амазонкі. Нашых будзем натхняць, а ворагаў заманьваць у засаду». Кінуліся яны бегчы. Адна пабегла да Максіма Багдановіча. Багдановіч убачыў дзяўчыну і давай страчыць: «Зорка Вэнэра…» «Адставіць, спадар паэт! Цяпер ня час на любошчы. Час выпраўляцца ў пагоню». «За цябе мне ўмерці дазволь», — сказаў рашуча паэт іншым вершам. Другая дзяўчына пабегла да Якуба Коласа. Колас, пачуўшы навіну, трохі пасядзеў, падумаў і выдаў: «Я маўчу, маўчу, трываю, але хутка загукаю — стрэльбы, хлопчыкі, бяры…» Трэцяй дзяўчыне выпала самая далёкая дарога — да Францішка Скарыны. «Дзядзечка Францішак, няма часу слухаць мудрае чытаньне з вашай кнігі, надта далёка бегчы». «Гэта ж гэныя гады наўмысна мяне так далёка запёрлі.Я ж мусіў стаяць каля Акадэміі навук. Але нічога, пасьпеем — як пчолы, што бароняць вульлі свае…»

Нарэшце ўсе сабраліся каля цырку. Сталі думаць: а куды ісьці? Апазыцыя заўжды спрабуе адсюль на цэнтральную плошчу прайсьці. Мусіць, там ворагі і заселі. Хадзем туды.

Гэта было прыгожа. Зямля скаланалася ад іхнага магутнага поступу. Неба разьлягалася ад гукаў пераможнага гімну «А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? Беларусы». Нішто іх не магло стрымаць і яны выйшлі на плошчу. А там нікога няма… А чаго яны тады сюды сьцяміліся? Тут зь лесу выйшаў хлопчык зь лебедзем. Вуснамі дзіцяці глаголіць ісьціна, і хлопчык ім сказаў: «Трэба ісьці далей, да Незалежнасьці. Там стаў вораг». І нашыя героі пайшлі далей. Знайшоўся адзін здраднік, са сваіх, тутэйшых — Фэлікс Дзяржынскі. Хацеў ён затрымаць нашых змагароў, але дзе ж ты супраць такой сілы пойдзеш. Нашыя разьбілі ворага, літаральна разьбілі, на кавалачкі раскрышылі. Потым галаву знайшлі, паставілі на тым месцы. Толькі розныя экскурсаводы па‑рознаму тлумачаць гэта. Адныя хваляцца — маўляў, вось як нашыя героі гэнага гада… А другія бядуюць — вунь як гэныя гады нашага героя… Ну, але трэба ісьці далей. Калі ўжо біцца дык біцца — падавай галоўнага ворага. Ён захапіў нашу плошчу Незалежнасьці, ён захапіў наш Дом ураду. Ну нічога, мы яго зараз разаб’ем. На кавалачкі. На друз. У пыл.

Выйшлі на плошчу. Па дарозе сустрэлі яшчэ сьвятога Юр’ю, спыталіся блаславеньня. «Сьвятую справу задумалі. Я з вамі пайду. Дзіда мая праткне яшчэ аднаго злыдня»,— сьвяты Юр’я пераступіў забітага цмока і паляцеў наперадзе беларускага войску. І вось падышлі яны да галоўнага ворага. Гэта быў Уладзімер Ільліч Гультаёў. Пастаялі, паглядзелі, зьдзівіліся: казалі, вялікі правадыр, вялікі правадыр — а ён жа ў параўнаньні з намі зусім малы. Ды мы яго зараз.

Але не пасьпелі. Запяяў певень. Высьветлілася, што той цмок, якога яны пакінулі каля чырвонага касьцёлу, ня здох, а толькі так, прыкідваўся. І ня тое, што ён шкадаваў бязбожніка Гультаёва, — наадварот, ён сам меў на яго зуб за тое, што бязбожнікі нішчылі веру ня толькі ў Бога, але і ў Чорта. Дык вось, гэты цмок ня праз Гультаёва, а праз сваю паганую такую натуру, каб усё папсаваць, узяў і запяяў пеўнем. А вядома, як певень запяе — канец усім купальскім чарам. У адно імгненьне помнікі вярнуліся на месцы. Але нічога, не апошні раз Купальле сьвяткуем…

Сьцяпан Дзін-Дзілевіч, Вільня — Менск

***

Не на каляндар, а на сонца

Беларускія этнографы ў адзін голас цьвердзяць: сапраўднае Купальле павінна адзначацца ў ноч з 23 на 24 чэрвеня. Дарэчы, менавіта так сьвяткуюць яго нашы суседзі палякі, літоўцы. У латышоў гэта нават нацыянальнае сьвята — Ліга. А беларусы адзначаюць Купальле і ў чэрвені, і ў ліпені.

«Сонца — галоўны Бог. І таму нашыя продкі ўшаноўвалі менавіта дзень найвышэйшага сонцастаяньня —17 гадзін 9 хвілін. Зноў жа міталёгія існуе: пасьля Купальля — самага высокага сонцастаяньня — прырода як бы вяне. Лекавыя, гаючыя зёлкі і кветкі перастаюць мець тую жыцьцёвую сілу лекавую. Таму трэба было б арыентавацца не на каляндар, а на сонца», — распавядае кандыдат філялягічных навук, этнакультуроляг Лія Салавей.

Уся справа ў каляндарах, юліянскім і грыгарыянскім, кажа фальклярыст Наста Гулак: каталікі адзначаюць Іаана Хрысьціцеля з 23 на 24 чэрвеня, праваслаўныя — Яна з 6 на 7 ліпеня.

Паводле Радыё Свабода

***

Дзе сьвяткаваць Купальле

…над Нёмнам

30 чэрвеня «Рух «За Свабоду» ладзіць непадалёк ад Горадні традыцыйнае беларускае Купальле. Даведкі па т.: (029) 133‑87‑17 (Эдуард), (029) 788‑31‑63 (Андрэй), [email protected].

…у Ляўках

У ноч з 7 на 8 ліпеня ў Купалаўскіх мясьцінах на Аршаншчыне пройдзе ноч вольнай беларускай паэзіі. Вершы, песьні, проза і дыскусіі — ля вогнішча на беразе Дняпра побач з музэем у Ляўках.

…у «Рэактары»

25 чэрвеня ў клюбе «Рэактар» (В. Харужай, 29) адбудзецца 1‑ы міжнародны купальскі паган‑фольк фэст «Купальскае Кола». Бяруць удзел TІНЬ СОНЬЦЯ з Украіны, ALKONOST з Расеі, ZNICH, LITVINTROLL, ЛЮТОВЕРЬЕ, ПЯРЭВАРАТЕНЬ зь Беларусі. Пачатак а 18‑й.

…з Ірынай Дарафеевай

22 чэрвеня ў Мірскім замку пачнецца трохдзённы фэстываль. У першы вечар будзе гучаць клясычная музыка ад аркестру Тэатру опэры. Пасьля гэтага выступіць ансамбаль «Верасы» ва ўсіх сваіх складах розных часоў.

23 чэрвеня музычная імпрэза распачнецца канцэртам «Харошак», пазьней будзе «Дыскатэка — 80‑х».

24 чэрвеня — «Песьні году Беларусі». Імёны ўдзельнікаў вызначаюцца паводле рэйтынгаў FM‑станцый.

Ну, і ўрэшце — шоў «Купальле Ірыны Дарафеевай. Фэстываль стыхій».

Пачатак канцэртаў — а 21.30 і 23.30.

…у Лёндане

Сьвяткаваньне Купальля ў Лёндане адбудзецца ў суботу 23 чэрвеня. Пачнецца а 17‑й у капліцы Сьв. Пятра і Паўла (на рагу Holden Road і Holden Avenue), і працягнецца а 17.30 у садзе Беларускага культурнага і рэлігійнага цэнтру (39 Holden Road, London N12). Чакаюцца песьні, скокі праз вогнішча і іншыя традыцыйныя імпрэзы і дзеі.

Усе ўнёскі ў выглядзе ежы (салатаў, мяса ці то выпечкі і інш.) і пітва вітаюцца. А таксама кветкі для купальскіх вянкоў. Вечар закончыцца прыкладна а 22‑й.

…у ЗША

Нью‑Ёрскія беларусы будуць сьвяткаваць Купальле 22—24 чэрвеня на тэрыторыі Ward Pound Ridge ў Cross River, NY. Транспарт: Цягніком са станцыі Grand Central да прыпынку Katonah. Гэта прыкладна гадзіна язды цягніком ад Мангэтану на Mеtro North, Harlem Line.

Кантакты: Пётра і Алена Рыжыя: [email protected]

…у Вэнтспілсе

У Вэнтспілсе (Латвія) з 30 чэрвеня да 1 ліпеня — Дні беларускай культуры. Тэматыка Дзён — «Ад Ліга да Купалы», галоўная мэта — пазнаёміць жыхароў і гасьцей Вэнтспілсу з найпрыгажэйшымі традыцыямі сьвяткаваньня Купальля ў беларусаў. Гасьцям, апрача ўдзелу ў Купальных гуляньнях, якія адбудуцца 1 ліпеня ў Прыморскім Музэі, прапануецца даць асобны канцэрт на адной з адкрытых пляцовак Вэнтспілсу ў суботу, 30 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0