У пятніцу грамадзкасьці быў прадстаўлены поўны тэкст унесенага на разгляд Рады Бясьпекі ААН праекту амэрыкана-брытанскай рэзалюцыі па Іраку. Вашынгтон разьлічвае на прыняцьце гэтай рэзалюцыі да 3 ліпеня, калі скончыцца чарговы тэрмін дзеяньня праграмы «Нафта ў абмен на харчаваньне».

Асноўныя пункты рэзалюцыі:

1) Неадкладная адмена ўсіх фінансава-эканамічных санкцый супраць Іраку (за выключэньнем эмбарга на пастаўкі ўзбраеньняў), уведзеных пасьля жніўня 1990 г.;

2) ЗША і Вялікая Брытанія ў афіцыйным лісьце на імя генсака ААН, у адпаведнасьці з нормамі міжнароднага публічнага права, прызнаюць сваю адміністрацыю ў Іраку «акупацыйнымі ўладамі» і бяруць на сябе адказнасьць за сытуацыю ў краіне. Статус акупацыйных уладаў змогуць атрымаць і трэція краіны, якія пажадаюць далучыцца да стабілізацыйных сілаў;

3) У мэтах фінансаваньня гуманітарных праграм і праектаў аднаўленьня эканомікі Іраку, акупацыйныя ўлады ствараюць Фонд дапамогі Іраку, у які будуць паступаць усе сродкі ад экспарту нафты;

4) Рахункамі фонду «распараджаюцца акупацыйныя ўлады, улічваючы думку часовай ірацкай адміністрацыі, аж да стварэньня легітымнага ўраду»;

5) Фонд будзе мець пастаянную раду, у якую будуць запрошаныя назіральнікамі прадстаўнікі ААН, МВФ, Сусьветнага банку і іншых арганізацый. Кіраваць Фондам будзе дырэктарат Цэнтрабанку Іраку (цяпер яго ўзначальвае былы намесьнік міністра фінанасаў ЗША Пітэр Макфэрсан) аж да стварэньня легітымнага ўраду Іраку. Назіральная рада мае права выбраць незалежнага аўдытара для праверкі расходаваньня сродкаў Фонду;

6) Частка паступленьняў у Фонд (згодна з кулюарнымі зьвесткамі, прыкладна 5%) пойдзе на кампэнсацыю Кувэйту за ірацкую агрэсію 1990 г., а таксама «на патрэбы па задавальненьні падобных выплат»;

7) Рэзалюцыя прадугледжвае поўнае згортваньне праграмы ААН «Нафта ў абмен на харчаваньне» на працягу 4 месяцаў. Гэты час спатрэбіцца для канчатковага выкананьня ўсіх кантрактаў, заключаных у рамках гэтай праграмы. Некаторыя кантракты, заключаныя ў рамках праграмы ААН, могуць быць падоўжаныя ў выпадку іх гуманітарнай важнасьці, сярод іх, магчыма, будзе і ўгода з Расеяй на пастаўку труб для трубаправодаў на 1,6 млрд. даляраў;

8) Усе будучыя зьдзелкі па экспарце ірацкай нафты павінны мець юрыдычны імунітэт;

9) Сакратарыят ААН павінен прызначыць паўнамоцнага прадстаўніка ААН па каардынацыі гуманітарных праграмаў у Іраку, а таксама па супрацоўніцтве з акупацыйнымі ўладамі ў стварэньні «ўрадавых структур Іраку, ахове правоў чалавека, адраджэньні паліцэйскіх сіл і правядзеньні судовай і заканадаўчай рэформаў»;

10) Пэрыяд адказнасьці за правядзеньне ў Іраку такіх пераўтварэньняў — 12 месяцаў. Новы пэрыяд паўнамоцтваў акупацыйных уладаў пачынаецца аўтаматычна, дадатковая санкцыя Рады Бясьпекі ААН для гэтага патрабавацца ня будзе;

11) Дакумэнт заклікае ўсе краіны сьвету адсочваць і прадухіляць гандаль культурнымі каштоўнасьцямі, выкрадзенымі з Нацыянальнага музэю і Нацыянальнай бібліятэкі Іраку.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0