Дзе варта быць

Будслаў

1—2 ліпеня Будслаў сьвяткуе 500-годзьдзе. Нікім не даказана, што менавіта ў гэтыя дні ў 1504 г. руплівыя манахі-бэнэдыктынцы раскарчавалі дзялянку лесу ды паставілі сваю «буду» (адсюль і назва). Юбілей проста прымеркавалі да фэсту Маці Божай Будслаўскай — апякункі Беларусі. У праграме — урачыстыя мшы, рэлігійныя сьпевы і канцэрты. Мастак Алег Драбышэўскі зьбіраецца падараваць Будславу зробленую ім копію славутага абраза. Пілігрымка зь Менску ў Будслаў рушыць 27 чэрвеня з Пляцу Волі, ад Катэдры, а 8-й раніцы — пасьля імшы.

Басовішча і ня толькі

Аматарам паганскіх сьвятаў 3 ліпеня варта быць у Белавежы, дзе Беларускае грамадзка-культурнае таварыства сьвяткуе Купальле. 31 ліпеня ў Гарадку — «Сяброўская бяседа».

Але ж найбуйнейшай падзеяй на Беласточчыне мусіць традыцыйна стацца ХV фэстываль рок-музыкі «Басовішча». На гэты раз канцэрты адбудуцца 23 і 24 ліпеня. У першы дзень — конкурс, а назаўтра — фінал. Сярод гасьцей фэстывалю — чацьвёрка «генэралаў», Кася Камоцкая, «Pomidor\off», «Zet», «Сьцяна», «IQ-48», «Deviation», «Indigo». З польскага боку ўдзел бяруць «Zero-85», «Hope On», «Judy-4», «Rima» ды «Triquetra». Дабрацца да Гарадка можна арганізавана на аўтобусах ці ехаць электрычкамі: спачатку да Берасьця, адтуль празь мяжу да Цярэспалю. А там кожны скажа, як ехаць на Гарадок.

Паслухаць «N.R.M.» таксама можна будзе і ў Менску разам з маладымі калектывамі 30 ліпеня.

Славянскі базар

***

У Віцебску ўсе культурныя падзеі ўжо колькі год прывязваюць да «Славянскага базару», які з кожным годам усё больш усходнеславянскі, а месцамі нават славянарускі. З 15 да 21 ліпеня пройдзе трынаццаты «СБ». Праграма фэстывалю ня вельмі зьмянілася за апошнія гады: дні культуры Беларусі, Украіны і Расеі, конкурс маладых выканаўцаў, дзіцячы фэст, тэатральныя сустрэчы. У сталічным Палацы Рэспублікі таксама пройдзе канцэрт удзельнікаў «СБ». Кошт квіткоў на «базарныя» канцэрты вагаецца ад 3 да 80 тысяч. Самыя дарагія — на адкрыцьцё і закрыцьцё фэстывалю, а найтаньнейшыя — на дзень культуры Беларусі.

У ліпені таксама сьвяткуецца 1030-годзьдзе Віцебску. А ў межах «СБ» пройдзе славуты Шагалаўскі пленэр. Дзейнічае і своеасаблівая «фабрыка зорак»: штоліпень у тэатры імя Якуба Коласа праходзіць агляд народнай творчасьці. Дабрацца пляцкартам да Віцебску на цягніку ці на маршрутным аўтобусе каштуе блізу 14 тысяч. А вось зьняць пакой на «базарны» тыдзень абыдзецца ў 70—80 даляраў.

Поўны варыянт артыкулу глядзіце ў газэце "Нашa Ніва".

Сяргей Трафілаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0