Галівуд здаўна прыглядаўся да коміксаў, але комікс «Ван Хельсынг» — гэта не экранізацыя чарговых папяровых карцінак.

Гэта кіно, пераўтворанае ў карцінкі — дынамічныя, пуставатыя, з нагрувашчанымі эфэктамі. А сыравінаю паслужылі клясычныя пачвары з кінаархіваў студыі «Universal». Адпаведна жанру, у коміксе дзейнічаюць двухаблічны звышнягоднік і супэргерой, схільны пераўтварацца ў кажана, павука ці якую іншую істоту (Ван Хельсынгу ў гэтым сэнсе не пашанцавала зь пярэваратнямі).

А ворагам супэргероя Ван Хельсынга выступае дзеталюбны граф Дракула (Рычард Роксбэрг), які з дапамогаю Франкенштэйна — і тэхнікі ХІХ ст. — марыць ажывіць сваіх крылатых сысункоў, што высьпяваюць у коканах (згадваецца «Чужы»), зьнесеных нявестамі графа.

Звычайна галоўнага паляўнічага на вампіраў уяўлялі сталым прафэсарам з калом у рукох. Згодна з задумай сцэнарыста й рэжысэра Стывэна Сомэрса, які праславіўся «Муміяй», Ван Хельсынг (Х’ю Джэкман) не такі. Гэта малады чалавек у сучасным і крыху каўбоістым прыкідзе, патаемны агент Ватыкану, узброены паводле апошняга слова вайскова-царкоўнай тэхнікі.

Малады ўзрост дазваляе Ван Хельсынгу закруціць раман з цыганскай прынцэсай, абараняць якую ён закліканы. Але дзяўчыну (Кейт Бэкінсэйл, якая ўжо навампірылася ў «Другім сьвеце») чакае лёс усіх нявест Джэймса Бонда. Адмысловыя эфэкты і бойкі — паветраны дэсант вампірэс, ліквідацыя доктара Джэкіла (у якасьці разьмінкі), сьлізкія коканы пад токам, зьдзіраньне ваўкалакам зь сябе чалавечай скуры — гэта і форма, і зьмест сур’ёзнага высокабюджэтнага фільму.

Часам героі вымушаны разяўляць рот — і ня толькі для таго, каб пакусаць каго-небудзь, але й каб выказацца. Лепей бы яны гэтага не рабілі. У кампутарызаваным фільме зьнікае аўра. Толькі зрэдку — у чорна-белым пачатку пад «Франкенштэйна» ці напрыканцы сцэны баляваньня — зьяўляецца нешта сапраўднае.

Новы імідж Ван Хельсынга надзвычай пэрспэктыўны, але прыгоды ягоныя не даведзены да кінастылёвага ладу. Мо варта дачакацца, калі ў Стывэна Сомэрса адродзіцца пачуцьце гумару?

Андрэй Расінскі

«Ван Хельсынг» («Van Helsing»)

ЗША—Чэхія, 2004, каляровы і ч/б, 132 мін.

Жанр: Комікс жахаў.

Адзнака: 5 (з 10).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0