Расея губляе свой фэдэратыўны характар. У шматнацыянальнай і поліканфэсійнай Расеі гэта фактычна паварот да імпэрскага ладу палітычнага жыцьця.Самай вялікай хлусьнёй Уладзімера Пуціна было цьверджаньне, нібыта яго палітыка прывядзе (ці, як яшчэ некалькі месяцаў таму гаварылася, ужо прывяла) да перамогі над тэрарызмам і міру ў Чачэніі. Пасьля трагедыі ў Бэслане хлусіць больш немагчыма. Апошнія спробы — замоўчваньне маштабу ды абставін бойні ў асецінскай школе — патанулі ў інфармацыйным патоку.

Высьветлілася, што «мачыць у сарціры» і абараняць сваіх грамадзян — дзьве розныя і несумяшчальныя рэчы.

Іншая хлусьня, аднак, яшчэ далёкая ад разьвянчаньня, нават носіць характар калектыўнага самападману.

Па-першае, Расея лёгка паверыла ў тое, што ёй супрацьстаіць міжнародны тэрарызм, заплюшваючы вочы на чачэнскі (а цяпер яшчэ і інгускі) характар узброенага супраціву на Каўказе. Ваяваць прыходзіцца амаль з цэлым народам (кажу аб гэтым, не надаючы ніякай вартаснай ацэнкі слову «народ»: забойства дзяцей — гэта злачынства, нават калі б за яго прагаласавалі ўсе; гэта, дарэчы, адносіцца і да тысяч чачэнскіх дзяцей, што загінулі з 1994 г.)

Па-другое, ані ўлада, ані грамадзтва яшчэ не гатовыя прызнацца самі сабе, што бездапаможнасьць Расеі вынікае з самой будовы і аўтарытарнага характару яе ўлады, найперш сілавых структур. Яе безадказнасьць перад грамадзтвам і карумпаванасьць робяць закладнікамі ўсё насельніцтва краіны.

Радыюс пагрозы непасрэдна залежыць ад колькасьці наяўных, якія патэнцыйныя нападнікі здольныя заплаціць на блёк-пасту. Нават пры Ельцыну столькі цывільных асоб за дзесяць дзён у Расеі (па-за Чачнёй) ня гінула.

Аднак адкрыта сказаць, што вайна ў Чачэніі і курс на «жорсткую руку» ўнутры Расеі зьяўляюцца непасрэднымі чыньнікамі як усплёску тэрарызму, так і бездапаможнасьці перад ім — значыць расьпісацца ва ўласным банкруцтве, прычым як Пуціну, так і расейскаму грамадзтву, што паставіла на яго. Таму чарговая кампанія па закручваньні гаек і ўзмацненьні аўтарытарнага характару дзяржаўнай улады ў Расеі выглядае як лягічны працяг палітыкі калектыўнага самападману. Перавод стрэлак — асноўная частка такой палітыкі.

Апошнія ініцыятывы Пуціна (пераход да практыкі прызначэньня губэрнатараў і выбараў выключна па партыйных сьпісах) прымушаюць думаць, што ў Крамлі вырашылі «прызначыць» вінаватымі губэрнатараў і дэпутатаў.

Цікава, што гэта адбываецца на фоне дэманстратыўнай адмовы ад публічнага расьсьледаваньня бэсланскай разьні. Відавочна, што вынішчаюцца апошнія падмуркі незалежнай, несанкцыянаванай Крамлём публічнай палітычнай дзейнасьці.

У выпадку з губэрнатарамі ўсё зразумела, зьмена выбарчай сыстэмы патрабуе крыху больш камэнтароў. Вядома, напрыклад, што беларускія дэмакраты сьпяць і мараць аб тым часе, калі нарэшце будзе ўведзена прапарцыйная сыстэма. Аднак, як гаворыць досьвед той жа Расеі, ва ўмовах аўтарытарна-бюракратычнай сыстэмы і манаполіі на агульнанацыянальныя СМІ кіраваць ёю нават прасьцей, чым аднамандатнымі акругамі (не забывайце, што прахадны бар’ер у Расеі таксама хутка павысяць). Шанцы прарвацца для нязгодных, такіх, напрыклад, як Уладзімер Рыжкоў, застаюцца толькі па акругах. Навошта, здавалася б, выбары пад кантролем? Але расейская ўлада, відаць, ужо дайшла да таго ж стану, што і беларуская, — калі нават адзін-два нямоцныя галасы пратэсту «ў сыстэме» ўспрымаюцца як пагроза. Такім чынам, без блаславеньня Крамля ў расейскую палітыку больш не ўвайсьці ні па вэртыкалі, ні па гарызанталі. Крытыкаў стане менш. Бездапаможнай уладзе будзе лягчэй быць безадказнай.

Якія, аднак, могуць быць вынікі гэтых крокаў? Сярод шматлікіх аспэктаў і нюансаў вылучу два.

Па-першае, апроч разбурэньня апошніх атрыбутаў нават фармальнай, дэкаратыўнай і «кіраванай» дэмакратыі, Расея губляе свой фэдэратыўны характар. У монанацыяняльнай краіне гэта можна было б назваць стварэньнем унітарнай дзяржавы, у шматнацыянальнай і поліканфэсійнай Расеі — гэта фактычна паварот да імпэрскага ладу палітычнага жыцьця. Шматлікія нацыянальныя меншасьці могуць неўзабаве страціць сваіх прадстаўнікоў у цэнтральнай уладзе (дагэтуль кожны рэгіён абіраў мінімум аднаго дэпутата ў Думу, цяпер гэта неабавязкова. Безумоўна, Крэмль будзе ціснуць на партыі, каб у іх сьпісах зьяўляліся татары, калмыкі і чачэнцы, але гэта будуць іншыя, прызначаныя Масквой, а ня выбраныя народам прадстаўнікі). А на месцах улада можа канчаткова перайсьці да піцерскіх гэбістаў і іншых сілавікоў самага рознага гатунку. Рэзка ўзрастае небясьпека таго, што ў сьвядомасьці «нацменаў» будзе праведзена тлустая рыса паміж імі самімі і «расейскай» уладай (асабліва калі паводле ўкаранёнай традыцыі гэбэшнікі-губэрнатары будуць паводзіць сабе як тыя мядзьведзі на ваяводзтве). Чым гэта можа пагражаць Расеі з пункту гледжаньня бясьпекі і тэрарыстычнай сытуацыі — мяркуйце самі.

Па-другое, на Пуціна ўскладаецца дадатковы цяжар кадравай палітыкі. Пры гэтым любыя промахі і памылкі новых рэгіянальных уладаў будуць аўтаматычна сьпісвацца на Крэмль, гэта значыць на самога расейскага прэзыдэнта. Паралельна з гэтым павялічваецца і яго залежнасьць ад найбліжэйшага атачэньня, якое будзе «дапамагаць» гэтую палітыку праводзіць. Як вынік, адбываецца чарговае ўзмацненьне сілавікоў, але на гэты раз, як ні парадаксальна, за кошт самога Пуціна. Вядома, што пры такой унутранай архітэктуры ўлады ніякіх публічных расьсьледаваньняў новых тэрактаў ня будзе. У сілавікоў канчаткова разьвязваюцца рукі, а ў грамадзтва — затыкаюцца раты. Стаўка робіцца на тых, хто «мочыць у сарціры», прамаргаўшы пры гэтым Бэслан, чэрвеньскую разьню ў Інгушэціі, на тых, хто да апошняга адмаўляўся прызнаць жнівеньскія авіякатастрофы тэрактамі…

Пры найгоршым варыянце разьвіцьця падзей (а яго ня варта сьпісваць з рахунку, зважаючы на тое, як дагэтуль «стабілізавалі сытуацыю» і «перамагалі тэрарызм») пуцінскія ініцыятывы могуць закласьці міну запаволенага дзеяньня калі не пад усю Расею, дык пад Паўночны Каўказ. Але паколькі рэформа ўлады фактычна адбудзецца ў 2006—2007 г. (дзейным губэрнатарам і дэпутатам дазволяць дасядзець іх тэрміны), «расхлёбваць» наступствы давядзецца ўжо пераемніку. Хаця чаму пераемніку? Калі Пуцін штосьці так грунтоўна рэфармуе, магчыма, ён гэта робіць «пад сябе»? Тады ня дзіва, што Масква паглядзела скрозь пальцы на тое, што здарылася ў Беларусі 7 верасьня. Можна лічыць, Лукашэнку зноў пашанцавала: пры такіх стаханаўскіх тэмпах пабудовы дыктатуры ў Расеі хто зьверне ўвагу на ягоны рэфэрэндум?

Віталь Сіліцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0