Беларусы выдаткоўваюць на камунальныя паслугі чвэрць сваіх даходаў.

Найбольш рэзкі скачок камуналкі прыпадзе на 2007 год. Урад прадугледжвае стопрацэнтную прыватызацыю ЖКГ, домаўладаньня, домаабслугоўваньня, гатэляў і лазьняў.

Галоўнай задачай ЖКГ Беларусі зьяўляецца «забесьпячэньне фінансаваньня яе ўзнаўленьня». Таму сума ў жыроўках беларусаў працягвае ўзрастаць. Акрамя таго, дзяржава шукае шляхоў рэфармаваньня галіны, спрабуючы перадаць правы на абслугоўваньне жылога фонду прыватнікам ці таварыствам уласьнікаў жыльля. На гэты год нават было заплянавана акцыянаваць 50% ЖЭСаў у Беларусі. Як бачым, вынікаў гэта не дало. Прычынаў урад бачыць дзьве: непадрыхтаванасьць беларусаў перайсьці да прыватнага кіраваньня жыльлём і страх перад рэзкім павышэньнем тарыфаў «прыватызаванымі» ЖЭСамі.

Прыватызаваны ЖЭС

На сёньня структурамі, што забясьпечваюць кіраваньне і абслугоўваньне сфэры ЖКГ на месцах, зьяўляюцца ЖЭСы і ЖРЭУ. У Канцэпцыі разьвіцьця ЖКГ адным зь першых кірункаў рэфармаваньня галіны значыцца дэманапалізацыя гэтага сэктару. Фактычна — штучнае стварэньне канкурэнтнага асяродзьдзя.

Сярод першых мераў рэформы — падзел улады паміж ЖЭСамі і ЖРЭУ. За першымі застануцца тэхнічныя паслугі (праца сантэхнікаў, дворнікаў), а ЖРЭУ будуць весьці ўсе фінансавыя справы. Пазьней гэтую структуру плянуюць замяніць на разьлікова-касавыя цэнтры. Яшчэ адна форма ўласнасьці — таварыствы ўласьнікаў жыльля (ТУЖ). Аднак пакуль прадукцыйнасьць іх працы мінімальная. Усяго іх крыху болей за 200 на краіну, дый яны ня выпрацавалі яшчэ сыстэмы функцыянаваньня.

Напрыклад, у новазбудаваным шматпавярховіку ў менскім Красным Бары жыхары ўжо з паўгоду ня могуць прапісацца і наладзіць сыстэму абслугоўваньня праз адсутнасьць домакіраўніка і бухгальтара ў ТУЖ. «Калі мы выбіраем людзей, то яны проста не вытрымліваюць сваіх абавязкаў, а часам і падманваюць. Жыхары ж зьбіраюць грошы ім на заробак, а таксама на найманьне сантэхніка ды дворніка. А грошы якраз у іх руках», — скардзіцца адна з жыхарак дому. Адсюль адна з галоўных праблем ТУЖ — адсутнасьць падрыхтаваных кадраў і традыцый для правядзеньня альтэрнатыўнага домаўладаньня.

Папулісцкі графік

Паводле Канцэпцыі разьвіцьця ЖКГ, не пазьней за 2015 г. беларусы будуць аплачваць камунальныя паслугі поўнасьцю. Цяпер гэтая лічба складае прыкладна 60%, або 25% ад сярэдняга сукупнага даходу беларускай сям’і. Налета, паводле праекту бюджэту, за паслугі ЖКГ будзем плаціць 57%, астатняе — за дзяржавай. Паводле слоў прэзыдэнта, на 2005 г. меркавалася заплянаваць, што 70% за паслугі ЖКГ мусіць плаціць насельніцтва, аднак у выніку ягонага ўмяшаньня лічба аказалася роўнай 57% — на тры адсоткі меней, чым сёлета. Набліжаецца рэфэрэндум, таму лічба мае і папулісцкае адценьне. Як і 4—5 даляраў, на якія прэзыдэнт дазволіў падвышаць аплату ў жыльлёва-камунальнай галіне для насельніцтва.

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Сяргей Трафілаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0