Генэрал-маёр міліцыі Леанід Глухоўскі здымае ўніформу — прэзыдэнцкім указам ад 6 студзеня прыпыненая ягоная служба ў органах унутраных справаў. Указ таксама вызваліў Глухоўскага з пасады намесьніка міністра ўнутраных справаў — начальніка Галоўнага кіраўніцтва папярэдняга расьсьледаваньня МУС. Прычына гэтых зьменаў у кар’еры генэрала, на першы погляд, банальная — абраньне дэпутатам палаты прадстаўнікоў. Аднак, ёсьць тут і падводныя камяні.

Раней Глухоўскі пасьпяхова спалучаў дэпутацтва ў «палаце» папярэдняга скліканьня са сваімі пасадамі. Ягоная адстаўка насьцярожвае яшчэ і таму, што ў кастрычніку 2002 г. Глухоўскі ўжо быў часова адхілены ад сваёй пасады. Тады Лукашэнка прыняў гэтае рашэньне пасьля нарады зь «сілавікамі». Паведамлялася, што асабліва ўважліва падчас гэтай гутаркі абмяркоўваліся пытаньні расьсьледаваньня крымінальных справаў некаторых камэрцыйных структураў, зьвязаных з цэлюлёзна-папяровай прамысловасьцю на Гомельшчыне. Прэзыдэнту паведамілі, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўчых органаў лабіравалі інтарэсы бізнэсоўцаў, а шэраг крымінальных справаў у гэтай сфэры расьследаваўся неналежным чынам.

Тэрмінова была створаная камісія зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі, перад якой паставілі задачу выкараніць заганную практыку. Узначаліў камісію старшыня Камітэту дзяржкантролю Анатоль Тозік. Пра непасрэднае дачыненьне Глухоўскага да лабіраваньня ніколі нічога наўпрост не заяўлялі, аднак на час дзейнасьці камісіі ён быў адхілены ад пасады.

АК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0