Алесь Пушкін. Фрэска «Страшны суд», царква ў Бабры
У Пушкіна забаранялі пэрформансы, карціны. Але самая вядомая з забароненага — фрэска «Страшны суд» у царкве ягонага роднага мястэчка Бобр. Пасьля некалькігадовага змаганьня 8 сакавіка 2004 г. выяву «чалавека, падобнага да беларускага прэзыдэнта», на фрэсцы ўрэшце замалявалі. Што не перакшкодзіць некалі яе рэстаўраваць.
Зьняты з апошняй выставы ў Віцебску партрэт Васіля Быкава — новы артэфакт у вялікім зборы пушкінскіх забаронаў. Перад гэтым былі арыштаваныя ў 2002 г. партрэты Ўсевалада Родзькі й Міхася Вітушкі.
Сам Пушкін лічыць, што сёньня ўладная цэнзура стала больш пільнавацца мастацкага падтэксту. Раней дастаткова было адкрытага пратэсту — карыкатуры на цяперашнія сымбалі ці на прэзыдэнта, выявы «калябарантаў». У партрэце ж Быкава, кажа мастак, улады спалохаліся алегарычнага вобразу «калхознага фашызму», выяўленага праз статак на заднім пляне. Амонаўцы дубцамі заганяюць кароваў на фэрму, на якой вісіць чырвона-зялёны сьцяг, а зь імі змагаюцца бел-чырвона-белыя анёльчыкі.
Алесь Марачкін. Сьляза Міндоўга
Найбольш шчымліва й пяшчотна ставяцца ўлады да ўвасабленьня сябе. Алесю Марачкіну забаранілі прэзэнтаваць на афіцыйных выставах пяць карцін: «Нашы лялькі» (намалявана разам з Алегам Карповічам), «Звычайны нацюрморт», «Сьцяна», а ў 2004-м адразу дзьве — «Сьляза Міндоўга» і «Галасуй, галасіць будзеш потым».
Батлейка «Нашых лялек» карыкатурна паказвала кіроўную эліту Беларусі.
Вусатыя рысы праглядаюцца ў кучы гародніны, зваленай блізу Крамлёўскае сьцяны («Звычайны натцюрморт»).
У «Сьлязе Міндоўга» — разгул вобразаў: расейскі рубель, расейскі трыкалёр, Лукашэнкава маска на адным з пэрсанажаў…
Для Марачкіна прэзыдэнцкі вобраз стаў крыніцай натхненьня і... турбот: мастак стараецца, а ўсе ягоныя творы з прэзыдэнцкімі матывамі трапляюць пад забарону.
«Мы з Талбузіным рабілі інсталяцыю пад назвай «Я жа вас па-харошаму прадупраждал»: лесьвіца, аформленая, як вышка ў зоне. Дык гэтую лесьвіцу ня проста выкінулі з Палацу мастацтваў, а нават расьпілавалі на часткі», — апавядае мастак.
Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"