У асяродках незалежнага грамадзтва працягваюць абмяркоўваць пераход у апазыцыю экс-рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. У Рэдакцыю «НН» прыйшлі студэнтка 4 курсу філфаку і студэнт 3 курсу гістфаку БДУ — удзельнікі студэнцкага руху, якія змагаліся супраць абмежаваньня правоў студэнтаў у казулінскія часы. Яны палічылі патрэбным данесьці да чытачоў «НН» сваё бачаньне працэсаў, што адбываліся ў БДУ за Казуліным.

— Нас усхвалявала тое, што адбывалася, кампанія ў падтрымку Казуліна ў асобных СМІ, бо казулінскія часы ў БДУ вызначаліся русіфікацыяй, узмацненьнем кантролю і паўфэадальнымі парадкамі. Казулін стварыў службу аховы. Паглядзіце на здаровых дужых мужыкоў, што сьцерагуць спакой навукі ля кожнага слупа. Іх шмат: «чалавек прэзыдэнта» Казулін стварыў службу для кантролю за студэнцтвам. І такой службы ў іншых унівэрсытэтах няма.

У гэтым рэчышчы ішло і ўвядзеньне электронных студэнцкіх білетаў. Празь іх нашмат прасьцей кантраляваць перамяшчэньне і паводзіны студэнтаў, адсочваць электронную пошту (студэнтам прапанавана карыстацца Інтэрнэтам і поштай праз унівэрсытэцкі доступ на аснове карткавай сыстэмы). У 2003 г. гэтае новаўвядзеньне ўдалося сарваць, хоць цяпер яго ўсё адно ўкараняюць.

БДУ быў своеасаблівым фэадальным уладаньнем рэктара. Ён і паводзіў сябе адпаведна, ладзіўшы з кожным годам усё больш шыкоўныя фэсты і сьвяты. Напрыклад, сьвята Першакурсьніка ў аквапарку з прыбыцьцём рэктара на верталёце, сьпевы расейскіх зорак. Адначасова галоўная ВНУ краіны не знаходзіла грошай на аплату паслуг інтэрнэт-правайдэра і сядзела без Інтэрнэту. Адбывалася і камэрцыялізацыя ўнівэрсытэту. З году ў год больш станавілася платных паслуг (напрыклад, у бібліятэках). Ад некаторых зь іх адмовіцца было немагчыма. Напрыклад, быў вынайдзены спосаб штогадовага абнаўленьня электроннага студэнцкага білета.

— Ці меў Казулін падтрымку сярод студэнцтва?

— Інсьпіраваную адміністрацыяй — на сустрэчах са студэнцкім «актывам». У той жа час ён трэціраваў тых, хто пытаўся па-беларуску. Нават на апошняй сустрэчы (17 лістапада 2003) ён размаўляў зь беларускамоўнымі студэнтамі празь перакладчыцу. Тады ён, знэрваваны ці што, ня вытрымаў пытаньняў шэрагу звычайных студэнтаў, якім удалося пратачыцца на мерапрыемства, і, можна сказаць, абразіў іх, назваў «жырафамі». Тыя запатрабавалі прабачэньняў, але Казулін перад «жырафамі» выбачацца ня стаў. Тады студэнты (хто не належаў да «актыву») пакінулі залю.

Поўны варыянт чытайце ў папяровай і pdf-вэрсіі газэты "Наша Ніва"

Гутарыў Сяргей Рак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0