Плянавая дабрачыннасьць

Па выніках мінулага году аршанская гарадзкая арганізацыя таварыства Чырвонага крыжа ня выканала пляну па зборы фінансавых ахвяраваньняў — добраахвотных ахвяравальнікаў пры агульным зьбядненьні знаходзіцца ўсё менш. Між тым пад 800 сем’яў, якім патрэбна матэрыяльная падтрымка, атрымалі харчаваньне, лекі, вопратку і абутак ад замежных гуманітарных арганізацый ды больш заможных і спагадлівых месьцічаў. З усяго відаць, што «моцная і квітнеючая Беларусь» ня мае магчымасьці гарантаваць годнае існаваньне малазабясьпечаным, інвалідам, чарнобыльцам, беспрацоўным, шматдзетным сем’ям.

«Беларускі калекцыянер» вярнуўся

Пасьля двухгадовага перапынку ў Воршы выйшаў новы нумар газэты «Беларускі калекцыянер». Заснавальнік і выдавец, аршанскі зьбіральнік «беларусікі» Алесь Сярожкін, ужо колькі гадоў працуе будаўніком-рэстаўратарам у Расеі і на радзіме бывае рэдка. 24-ты нумар «БК» выдадзены з дапамогай цэнтру Філона Кміты і зьмяшчае багата матэрыялаў па розных галінах зьбіральніцтва. Сярод іх публікацыі пра сучасныя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусі, беларускія лятарэі і беларускамоўныя этыкеткі ды інш.

Яўген Жарнасек, Ворша

Трыкатаж у даход дзяржавы

У грамадзян Літвы, што нядаўна наведаліся ў нашу краіну, непрыемнасьці пачаліся ў пункце пропуску «Лоша» Астравецкага раёну. Увагу мытнікаў прыцягнуў аўтамабіль «Мазда-626», у салёне якога знаходзіліся трыкатажныя вырабы. Літоўцы спрабавалі іх увезьці ў нашу краіну, не заплаціўшы мытных пошлін. Выправіць іх «памылку» ўзяўся суд. Рашэньне яго аказалася суровым: усе трыкатажныя вырабы, ацэненыя больш чым у 50 мільёнаў рублёў, былі канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Каму штраф, каму суд

Чатырох парушальнікаў мяжы затрымалі памежнікі пагранкамэндатуры «Гудагай». Парушальнікі спрабавалі перасячы мяжу ў абход пунктаў пропуску. Двое зь іх атрымалі немалыя штрафы. У дачыненьні да яшчэ двух — літоўца і беларуса — заведзена крымінальная справа, бо перайсьці мяжу ў абход пунктаў пропуску яны меліся паўторна.

Плюс чатыры

На Астравеччыне нарадзіліся дзьве пары блізьнят.

Не абышлося безь цікавых супадзеньняў: у абодвух выпадках гэта разнаполыя дзеці — дзяўчынка і хлопчык. У сям’і Карчэўскіх зь вёскі Малі нарадзіліся Кірыла (2850 грамаў) і Ксенія (3000 г), а ў сям’і Бароўкаў зь вёскі Сіманэлі — Арцём (2900 г) і Вікторыя (2600 г).

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

Віцебскае піва «Ўрштайн»

Так будзе названа піва, што зь лета будзе варыцца на віцебскім бровары. У перакладзе зь нямецкай гэта азначае «старажытны камень». На тэрыторыі піўзаводу дзеля гэтых мэтаў узводзіцца новае прадпрыемства — СТАА «Дзьвінскі бровар». Для дапамогі ў мантажы нямецкага абсталяваньня ў Віцебск прыехалі інжынэры з-за Одры.

Браслаўшчына ў хвасьце тэлефанізацыі

Мінсувязі канстатавала адставаньне ў справе тэлефанізацыі і разьвіцьця Інтэрнэту Браслаўскага раёну: у Браслаў для абмеркаваньня справы тэлефанізацыі раёну прыехаў міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка. На 100 жыхароў раёну прыпадае 25,5 тэлефона, у вёсцы — 17,4. З 494 маланаселеных пунктаў тэлефанізаваныя толькі 188.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

На рынку засталіся цыганкі

Полацкія прадпрымальнікі вырашылі страйкаваць да перамогі. З 1 сакавіка штодня яны выходзяць на пляц Волі перад гарвыканкамам. Спачатку прадстаўнікі ўлады спрабавалі іх угаворваць, нават запрашалі на гарбату ў канфэрэнц-залю мэрыі. Але страйкоўцы адмовіліся: маўляў, гарбата ў іх ёсьць свая, а да маразоў яны звыклыя — загартаваліся на рынках. Тады ўлады пачалі змагацца з «бунтаўнікамі» рэпрэсіўнымі мэтадамі. Трэцяга сакавіка ў ГУУС быў выкліканы на размову лідэр прафсаюзу прадпрымальнікаў Полаччыны Валеры Шаўчэнка. Яго пратрымалі некалькі гадзін, склалі пратакол, абвіванаваціўшы ў арганізацыі несанкцыянаваных мітынгаў. Увечары Шаўчэнка быў дастаўлены ў Полацкі гарадзкі суд. Аднак судзьдзя Натальля Абрамава была вымушана перанесьці разгляд справы на тыдзень — падсудны запатрабаваў выслухаць сьведкаў.

Затое 4 сакавіка адбыўся суд над Людмілай Жукавай, якую абвінавацілі ў абразе «штрэйкбрэхеркі» на гарадзкім Калгасным рынку. Затрымліваць «злачынцу» выяжджала некалькі машын міліцыі, а большую частку атраду захопу склалі афіцэры зь вялікімі зоркамі. На Калгасным рынку ў рэчавым сэктары не падтрымалі страйку гандляркі-цыганкі. «Вось такія ў іх памагатыя, а тое, чым яны гандлююць і што вытвараюць на рынку, міліцыю не цікавіць», — зазначыла адна з актывістак страйку, якая прыйшла на плошчу зьбіраць грошы для аштрафаванай. Прадпрымальнікі імгненна сабралі патрэбную суму.

Васіль Кроква, Полацак

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0