Чым больш кажуць пра патрэбу вылучэньня адзінага кандыдата ад апазыцыі, тым менш пэўнасьці ў тым, што ён зьявіцца сёлета. Чаго нам чакаць ад выбарчай кампаніі-2006? На пытаньні карэспандэнта «НН» адказвае палітоляг, у мінулым экспэрт зачыненага Нацыянальнага інстытуту сацыяльных, эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Юры Дракахруст.

«НН»: Ці спраўджваецца сцэнар вылучэньня ад апазыцыі адзінага кандыдата? Што паказваюць рэгіянальныя канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў?

Юры Дракахруст: Мы бачым некалькі праектаў, як супольных, так і індывідуальных. Працэдура вылучэньня «адзінага» аб’яднала далёка ня ўсіх сур’ёзных патэнцыйных кандыдатаў. Ніхто з тых кандыдатаў ня мае відавочнай перавагі, у тым ліку новыя людзі — Мілінкевіч і Казулін. Часу да выбараў засталося мала. Але ж пакуль гром ня грымне, наш палітык не перажагнаецца.

«НН»: Аднак іх «раскрутка» яшчэ не набрала абароты...

ЮД: Мы ўвесь час натуральным чынам параўноўваем нашу сытуацыю з украінскай. Віктар Юшчанка стаў лідэрам усіх рэйтынгаў яшчэ ў 2000 г. Рэйтынг Юшчанкі стаў аб’ектыўным фактам, зь якім апазыцыя была вымушаная лічыцца. І таму ўсё пачало працаваць на Юшчанку, у тым ліку людзі, якія асабіста да яго ставіліся ня надта добра. Што тычыцца беларускай сытуацыі, дык чаму той, у каго 9,5% падтрымкі, мусіць саступаць таму, у каго 10%? Ёсьць і псыхалягічны чыньнік — мала хто верыць у перамогу. Ніводзін палітык не адчувае прыліву энэргіі ад народу. А раз так, то чаму хтосьці будзе адкладаць свае амбіцыі ўбок і камусьці саступаць?

«НН»: Як Вы можаце параўнаць сёньняшнюю сытуацыю з той, якая была напярэдадні выбараў-2001?

ЮД: Над намі вісіць дамоклаў меч досьведу 2001 г. Менавіта ён і спарадзіў сучасны мэханізм абраньня адзінага кандыдата, да якога многія не жадаюць далучацца. У 2001 г. спыніліся на самай кампраміснай асобе — Ганчарыку, але ён выявіўся кандыдатам зь мінімальным драйвам. Многія кажуць пра тое, што лідэр, здольны перамагчы, мусіць арганізаваць беларускі Майдан. Але зь іншага боку, той, хто гэта можа зрабіць, адштурхне ад сябе значную частку беларусаў. Такі вулічны баец не набярэ на выбарах больш за 30% галасоў. Майдан арганізаваўся не таму, што Юшчанка ўсім падабаўся, а таму, што ўсе лічылі, што Юшчанка перамог. Меншасьці робяць гісторыю пры пасіўнай падтрымцы большасьці.

«НН»: Дык ці ёсьць яшчэ месца для сюрпрызаў у кампаніі-2006?

ЮД: Хто думаў, што такім ударам для рэжыму стане ПДВ? Нейкім чынам гэтую сытуацыю разгрэблі. Але могуць узьнікнуць новыя пытаньні, напрыклад, зьвязаныя з уваходам Расеі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Гэта можа мець непрадказальныя наступствы для Беларусі, якая ня мае пэрспэктывы далучыцца да СГА ў бліжэйшыя гады. Паўстаюць не галодныя, паўстаюць сытыя, якіх не пакармілі адзін дзень. Пэўнай пагрозай для ўлады можа быць тое, што беларускі народ сыты. Людзі прыстасаваліся неяк, але эканамічны ўдар з-за межаў краіны можа быць сапраўдным шокам. Палітычны трэнд можа зламацца.

«НН»: Паводле дасьледаваньняў зачыненага НІСЭПД, значная колькасьць людзей гатовая прагаласаваць не за Лукашэнку, а за альтэрнатыўнага яму «моцнага кандыдата». У той самы час, агульнавядомыя на сёньня палітыкі прайграюць А.Лукашэнку ў папулярнасьці. Ці ня кажа гэта пра тое, што посьпех можа мець толькі лідэр, не зьвязаны з палітыкай?

ЮД: Гэты чалавек усё роўна стане палітыкам. Юшчанка быў банкірам, а потым у сілу абставінаў яго прызначылі прэм’ер-міністрам. Ён стаў палітыкам нават не падчас прэм’ерства, ён стаў палітыкам нават пасьля сваёй адстаўкі. Чыгір, Марыніч — яны таксама былі чыноўнікамі, а зрабіліся палітыкамі. Можна наракаць на абрыдлую тусоўку партыйцаў, чакаць прыходу чалавека звонку, але... Ну, прыйдзе, і стане ён такім самым. Гэта не залаты ключык, якім можна будзе адчыніць усе замкі.

«НН»: Ці не маглі б Вы зрабіць прагноз таго, што будзе адбывацца ў 2006 г.?

ЮД: Калі сытуацыя будзе разьвівацца па трэндзе, бяз значных зьменаў, калі на выбары пайдуць пяць-шэсьць кандыдатаў з апазыцыйнай абоймы, то Лукашэнка набярэ недзе 60%, за кошт таго, што ня будзе адзінага канкурэнта, а астатнія атрымаюць хто 2%, хто 3%. Гэта будзе экспэрымэнт, калі кожны ідзе пад сваім сьцягам. А потым, у 2011 г., мы будзем узгадваць досьвед 2001 і 2006 гадоў. Памятаеце, як герой фільму «Няўлоўныя мсьціўцы» рабіў бомбу: то замала пораху пакладзе, то зашмат. Мы таксама вядзём пошук формулы.

«НН»: А ці мела шанец на посьпех формула-2001?

ЮД: У 2001 г. Глеб Паўлоўскі сказаў, што Крэмль чакаў такіх вынікаў, але ж і зрабіў яшчэ адну выснову. Крэмль даведаўся, з кім, акрамя Лукашэнкі, у Беларусі можна размаўляць пра лёс Беларусі. Ён ўбачыў асобу — Ганчарыка, — якая прадстаўляе хоць і слабую, але апазыцыю. На жаль, уся энэргія, якая была сабраная ў Ганчарыку, распусьцілася. Ён ня выканаў той функцыі, якую яму надаваў Паўлоўскі, далёка ня самы гарачы прыхільнік беларускай незалежнасьці, але чалавек, які мысьліць рацыянальнымі катэгорыямі. Было б пазытыўна, каб гэты, умоўна кажучы, «сцэнар Паўлоўскага» адбыўся ў Беларусі ў 2006 г. Калі б шляхам нейкіх працэдураў быў вылучаны адзіны кандыдат, хай бы ён нават ня меў посьпеху, беларуская апазыцыя стала б кансалідаванай, гэты чалавек надоўга зрабіўся б тварам беларускай апазыцыі для сьвету. Шырак таксама здолеў зрабіцца прэзыдэнтам Францыі ня зь першага разу.

«НН»: Апошнія падзеі — закрыцьцё НІСЭПД, ціск на незалежную прэсу — гэта чарговае ўзбурэньне марской паверхні ці цунамі, якое да 2006 г. накрые ўсю незалежную грамадзянскую супольнасьць?

ЮД: Думаю, гэта тэндэнцыя даўняя. Чэкісцкая лёгіка. Яны глядзяць на досьвед Югаславіі, Украіны. Там таксама здавалася, што НДА ды газэты ні на што не ўплывалі. Але потым яны зрабіліся структурай пратэсту. Таму, маўляў, давайце мы ўсё гэта «чык-чык-чык» — і пратэст проста ня ўзьнікне, бо ня будзе той структуры, празь якую ён мог бы расьці. Але пратэст усё роўна знаходзіць сабе шлях. Зьнішчаючы грамадзянскую супольнасьць, улада не клапоціцца пра сябе. Яна страчвае зваротную сувязь з грамадзтвам. Калі рэжым будзе арыентавацца толькі на БТ ды чэкісцкія аналітычкі, ён трапіць у кепскую сытуацыю. Зьнішчэньне незалежнай інфраструкуры з мэтай пазьбегнуць зьменаў гэтыя зьмены наадварот прысьпешыць.

Гутарыў Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0