«Сахара» — старое добрае прыгодніцкае кіно, якое ні на што не прэтэндуе, але й не прымусіць гледача сумаваць.
Для прыгод неабходны тайны, скарбы, пошукі, экзатычныя краіны, ворагі (зямныя варыянты цмокаў і Кашчэяў Бесьсмяротных), бойкі, атракцыёны з элемэнтамі рамантычнай гісторыі ды камічнымі пэрсанажамі.
У карціне «Сахара» ўсе гэтыя складнікі маюцца, зьмяшаныя ў добрай прапорцыі, і гарантуюць дзьве гадзіны лёгкага адпачынку.
Падводны археоляг Дырк Піт (Мэцью Макконахі) шукае амэрыканскі карабель часоў Грамадзянскай вайны 1861—1865 гг. у афрыканскай пустыні (чаго карабель заплыў у пустыню — няважна). Адначасова лекар Эва Рохас (Пэнэлёпа Круз) сутыкаецца з эпідэміяй. Ёй трэба знайсьці крыніцу атруты — і шляхі герояў сыходзяцца.
Адразу ўзгадваюцца клясычныя «Індыяна Джонз» і «Раман з каменем», але «Сахара» не спакушаецца на чужыя ляўры: ёй дастаткова сваіх жанравых і прафэсійна-роўных атракцыёнаў.
Уцёкі й бойкі на катэрах, злачынны завод па перапрацоўцы таксычных адкідаў (Індыяна Джонз, Джэймз Бонд і «Грынпіс» у адным фляконе), патаемны штурм цягніка на вярблюдах, выбухі, золата ў бочках. Стары самалёт пераўтвараецца ў яхту на колах — адмыслова для афрыканскіх барханаў (фільм здымаўся ў Марока), а пустыня ашчэрваецца сакрэтнымі люстэркамі схаванае фабрыкі.
Рамантычная лінія паміж героямі Макконахі і Круз ледзьве пазначаная й не перашкаджае атракцыёнам (а ў бойках лекарка не саступае спэцыяльнаму агенту).
Прыгода ідзе за прыгодай, і «Сахара» — кіно нясумнае, жанрава-вытрыманае й відовішчнае.
Добры адпачынак для ўсёй сям’і на выхадныя.
«Сахара» («Sahara»)
ЗША—Гішпанія, 2005, каляровы, 127 хв.
Жанр: прыгоды
Адзнака: 5 (з 10)