Культура11

Настаўнік пачатковых класаў у беларускамоўнай гімназіі: «Упершыню сутыкнуўся з тым, што дзеці не разумеюць рускую мову»

Сяргей Старыковіч працуе настаўнікам пачатковых класаў у беларускамоўнай 23-й гімназіі. Сёлета Сяргей набраў першы клас. Пра тое, што настаўнік — мужчынская прафесія, пра выкладанне ўрокаў як серыял, і пра тое, як вучыць сучасных дзяцей — у гутарцы з Сяргеем Старыковічам.

Гаварыў па-беларуску да таго, як гэта стала мэйнстрымам

«Я скончыў педагагічны каледж у 1997 годзе. Вучыўся па-беларуску і не думаў, што можа быць неяк іначай. Пасля педагагічнага каледжа паступіў у Інстытут культуры на аддзяленне харэаграфіі і бальнага танца. І там таксама вучыўся па-беларуску.

Пасля працаваў у школе, са сваім танцавальным клубам мы арандавалі памяшканне ў 125-й школе, што ў Фрунзенскім раёне. І вось неяк даведаўся, што ў гэтую школу патрабуецца настаўнік пачатковых класаў на час дэкрэтнага адпачынку. Вырашыў успомніць сваю першую адукацыю, і ў выніку адпрацаваў там больш за дзесяць год. За гэты час выпусціў тры выпускі».

«Некаторыя з маіх вучняў ужо самі бацькі, але сувязь мы падтрымліваем, сустракаемся. Дзеці прызнаюцца, што калісьці ў дзяцінстве лічылі мяне членам сям’і, бо часам расказвалі мне нават тое, чаго не ведалі іх бацькі».

Пры гэтым, Сяргей танцаў не пакідаў, і калі яго два гады таму абралі кіраўніком Беларускай федэрацыі танцаў, вырашыў з педагагічнай кар’ерай завязаць.

«Працы было вельмі шмат у федэрацыі, працаваў трэнерам па танцах. А год таму Ірына Леанідаўна [Пасюкевіч — дырэктарка 23 гімназіі] празнала, што я звольніўся са 125 школы, стала весці са мной гутаркі: «А прыйдзі, а пазнаёмся, а паглядзі». Я прыйшоў, пахадзіў па калідорах, паслухаў, як тут усе размаўляюць па-беларуску, падслухаў, што не толькі ўсе ўрокі, а нават пазакласныя мерапрыемствы ідуць на беларускай мове, і здаўся.

Пра гімназію і «элітных» дзяцей

Канечне, тут шмат дзяцей з беларускамоўнага асяроддзя. Унукі Дударава, Крапівы. У маім класе вучыцца ўнук акадэміка Лукашанца, дачка музыкі Лёксы Кузьміна. Бацькоўскія сходы ў нас таксама праходзяць на беларускай мове. У першым класе дзеці вучаць чатыры мовы: беларускую, англійскую, кітайскую і рускую».

«Рускай мовы — гадзіна ў тыдзень. І я ўпершыню сутыкнуўся з тым, што дзеці яе не разумеюць. На ўроках просяць перакласці незразумелае слова на беларускую, больш блізкую ім мову».

«Канечне, яны ніякія не «элітныя» дзеці. Самыя звычайныя гарэзлівыя хлопчыкі і дзяўчаткі, але тое, што яны размаўляюць і думаюць па-беларуску, іх, безумоўна адрознівае ад іншых. Самі дзеці расказваюць мне, што не разумеюць, калі ў краме ці ў іншым грамадскім месцы яны гавораць па-беларуску, чаму гэта выклікае такое здзіўленне ў іншых. 

У 1 «В» класе, якім кіруе Сяргей Уладзіміравіч, вучыцца 12 дзяўчатак і 8 хлопчыкаў. Усім дзецям ужо споўнілася сем гадоў.

18 з 20 дзяцей ужо свабодна чытаюць. Таму падрыхтоўка да ўрокаў патрабуе значна больш часу.

Урокі павінны выкладацца як серыял

«Я вельмі здзівіўся, што першы падручнік па беларускай мове — гэта ўсё яшчэ буквар Анатоля Клышкі, па якім я і сам калісьці вучыўся. Канечне, гэты буквар — ікона. У ім усё распрацавана вельмі дасканала. Але… Гэты буквар разлічаны на дзяцей, якія не ўмеюць чытаць, якія не ведаюць літар. У падручніку шмат малюнкаў, а вось матэрыялаў, па якіх можна працаваць і чытаць вельмі бракуе. Таму даводзіцца шмат рыхтавацца да ўрокаў. Мне і самому падабаецца выкладаць так, каб дзецям было цікава».

«Урокі трэба будаваць быццам серыял, каб дзеці ішлі на наступны ўрок з думкай: «А што будзе далей? Чым скончыцца гэтая гісторыя?»

Калі ўсё робіцца з любоўю, то на абавязкі наракаць не прыходзіцца

«Канечне, у школе, акрамя тваіх прамых абавязкаў, на цябе спрабуюць павесіць нешта дадатковае. Але я да гэтага стаўлюся так, што ад кожнай работы можна ўзяць нешта для сябе. Настаўнікі, напрыклад, наракаюць, што ім навязваюць тэмы па самаадукацыі. А я выбраў тэму, блізкую мне — танцы. Таму і парада ўсім настаўнікам: займаецеся вы, напрыклад, бортніцтвам, пішыце работы па гэтай тэме. І для вас саміх карысна, і не будзе выглядаць прымусам. Ці, напрыклад, як я магу скардзіцца, што ў мае абавязкі ўваходзіць наведванне сем’яў маіх вучняў. Я ж павінен ведаць, у якіх умовах выхоўваецца дзіця. Дзе яно вучыць урокі, якія адносіны ў сям’і. Праўда, ёсць яшчэ «ўсевобуч». Вось гэтага я не разумею, школы ж могуць нават праз смартфон абмяняцца дадзенымі па сваім мікрараёне, нашто ганяць настаўніка? Але, думаю, хутка так і будзе».

Настаўнік — прафесія мужчынская

«А я не разумею, чаму да гэтага некаторыя здзіўляюцца, што я працую настаўнікам пачатковых класаў. Настаўнік жа, давайце скажам шчыра, гэта прафесія мужчынская.

Так гістарычна было. Хаця, калі я набіраў клас, некаторыя бацькі казалі: «Мы выбіралі класную маму нашаму дзіцяці, а тут… тата». Хутка ў нас бацькоўскі сход, запытаюся ў бацькоў, ці апраўдаў чаканні».

«Я кожны клас пачынаю весці з чыстага ліста. Не люблю напрацаваных урокаў і методык. Усе дзеці розныя і нельга думаць, што адзін і той жа урок аднолькава пройдзе ў розных класах. Мне здаецца, што настаўнікі павінны ўсведамляць, што працуюць яны не на канвееры, не за станком».

«А ў ідэале трэба рабіць як у Ізраілі. Выпусціў настаўнік клас — пайшоў у адпачынак на год, каб перазагрузіцца і пачаць з новымі сілам».

Пра сына, другую змену і тое, чым павінна быць занятае дзіця

Сяргей Старыковіч выхоўвае 9-гадовага сына.

«А вось сыну я якраз выбіраў першую настаўніцу-матулю. Не ведаю, як бы ён вучыўся, калі б у яго класным кіраўніком быў мужчына. Наша настаўніца неяк захварэла, прыходзілі іншыя на замену, дык гэта цэлая праблема: адна злая, другая нехарошая».

Сын Сяргея цяпер вучыцца ў другую змену, займаецца танцамі.

«Я лічу, што другой змены ў школах быць не павінна наогул. Гэта вельмі кепска і нязручна. Урокі заканчваюцца ў сем гадзін вечара, пасля ў многіх дзяцей секцыі і трэніроўкі».

«Мой займаецца танцамі. Ён прыходзіць дадому ў дзевяць вечара ніякі. А яму самому б яшчэ хацелася займацца музыкай, іграць на барабаннай устаноўцы. Я адвеў сына ў 11-ю музычную школу, прасіў паказаць яму, ці лёгка іграць на барабанах. Сын паспрабаваў, аказалася, што не так проста, што гэтаму таксама трэба вучыцца, а яшчэ і сальфеджыа, і тэорыя музыкі. Вырашылі, што з другой зменай не пацягне яшчэ музычную школу».

А тое, што дзяцей трэба займаць танцамі, спевамі, маляваннем, музыкай, спортам Сяргей упэўнены на 100 адсоткаў.

«Не павінна быць у сучасных дзяцей вольнага часу. Таму што яны яго займаюць сацыяльнымі сеткамі і камп’ютарнымі гульнямі».

«Я ўспамінаю сваё дзяцінства. Класічная беларуская сям’я. Мама-доктарка, тата­-інжынер. І ў нас са старэйшым братам вольныя дні былі толькі субота і нядзеля, якія мы праводзілі разам з бацькамі. А так увесь час былі занятыя ў розных секцыях».

Любы занятак, лічыць Сяргей, ідзе на карысць дзіцяці.

«Спатрэбіцца ўсё, я дакладна гэта ведаю. У маім жыцці быў выпадак, пра які любіць узгадваць мая жонка. Мы разам з ёй вучыліся ў Інстытуце культуры. Пакуль мы з ёй толькі сустракаліся, яна вырашыла мяне ўразіць. Яна ніколі не вучылася ў музычнай школе, ні разу не сядзела за інструментам, а тут рашыла вывучыць на фартэпіяна ўрывак з «Рамэа і Джульеты». І вось ў вызначаны дзень быццам выпадкова села за інструмент і сыграла. А я, замест таго, каб пахваліць яе, сказаў: «Дай мне ноты, па якіх ты іграла». Сеў за фартэпіяна і сыграў тое самае. А яна мне пасля доўга ўзгадвала: «Я цэлы месяц вучыла гэтую мелодыю, каб уразіць цябе, а ты ўзяў і так лёгка яе сыграў. А што ж, музычная школа за плячыма».

«Так што займайце дзяцей, ніколі не ведаеш, калі ім спатрэбяцца іх уменні. А тое, што спатрэбяцца, дык нават не сумнявайцеся».

Каментары1

  • Zorg
    13.03.2023
    +
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Усе навіны →
Усе навіны

Шумчанка запісаў відэазварот да Лукашэнкі6

У Чачні на ўсеагульны агляд выставілі цела 17-гадовага хлопца, які напаў на пост ДПС10

Сіноптыкі расказалі, які раён Мінска самы цёплы ўзімку

Любіце шматкі на сняданак? Ну, чытайце3

Колькасць ахвяр у Санта-Дамінга дасягнула 184

Стала вядома, як будзе выглядаць Валадарка пасля рэканструкцыі17

Сканчваецца легендарная антыўтопія пра ЗША. Што чакаць ад фіналу «Аповеду служанкі»6

Амерыканскія біржы ўзляцелі пасля таго, як Трамп даў задні ход з пошлінамі. Услед за імі растуць і азіяцкія6

У Віцебску вынеслі прысуд праваслаўнаму святару, які насмерць збіў машынай дзіця4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?1

«Мы яму давяраем». Чаму зніклую Мельнікаву замяніў менавіта экс-вайсковец Пацехін?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць